Нідэрландскія б рукі ды на беларускія выбары

У Нідэрландах 15 сакавіка пройдуць парламенцкія выбары. Самая цікавая тэхнічная акалічнасць у надыходзячай электаральнай кампаніі — гэта тое, што падлік галасоў будзе адбывацца толькі ўручную. Пры чым тут выбары ў Нідэрландах і Беларусь? Пра гэта крыху пазней.
 Падлік галасоў на выбарах у Нідэрландах уручную будзе адбывацца з прычыны апасенняў перад атакамі хакераў з іншых краін (узгадваеце, каго ў США абвінавачваюць у тым, што выбары выйграў Дональд Трамп?). Дык вось, нідэрландскія ўлады маюць намер выключыць з падліку галасоў выбарцаў камп’ютары.

Як плануецца, пасля ручной апрацоўкі бюлетэняў вынікі з кожнага выбарчага ўчастку будуць дастаўленыя ў рэгіянальную выбарчую камісію, а камп’ютары будуць выкарыстоўвацца ўжо на больш высокім узроўні — пры апрацоўцы дадзеных цэнтральнымі філіяламі выбаркама. Справа ў наступным: улады Нідэрландаў апасаюцца, што іншыя краіны могуць паспрабаваць паўплываць на хаду і вынікі выбараў у іх краіне менавіта праз “камп’ютарныя ўмяшальніцтвы”.

Так, сучаснае развіццё навукі, тэхнікі і кампутарныя тэхналогіі дазваляюць рабіць усё што заўгодна, у тым ліку і ў плане ўплыву на вынікі розных кампаній, у тым ліку і электаральных, нават у самых развітых краінах свету. Але пры чым тут мы?

А вось пры чым. У Беларусі нават заікацца не магчыма пра тое, што электаральная кампанія ці нават проста падлік галасоў грамадзян можа адбывацца па-за межамі выбарчых камісій у фізічным плане. Якія камп’ютары? Якое электроннае галасаванне? Пра што вы? Беларуская ўлада за дваццаць апошніх гадоў прызвычаілася спадзявацца толькі на чальцоў выбаркамаў, асабліва сябраў участковых камісій, якія і вырашаюць “рукамі” лёс выбарчых ці “плебісцытных” мерапрыемстваў.

Калі ў Нідэрландах упэўненыя, што падлік галасоў рукамі будзе самым чэсным, адкрытым і справядлівым, а камп’ютарам у сучасных геапалітычных варунках пры наяўных тэхналагічных магчымасцях давяраць цяжка, то ў Беларусі давер да ручнога падліку галасоў, мякка кажучы, сумнеўны. У выбаркамы, асабліва ў ніжэйшыя, уладнай “вертыкаллю” амаль на сто адсоткаў прызначаюцца толькі самыя лаяльныя да кіроўнага рэжыму і правераныя гадамі асобы. Апазіцыі туды “уваход забаронены”. Таму фактычна і не прызнаюць у свеце вынікі выбараў у Беларусі ўжо два дзесяцігоддзі.

І вось уявіце, што хоць на адную электаральную кампанію завезці б у Беларусь у якасці чальцоў выбаркамаў тых жа нідэрландцаў. Такімі ж самымі, як у беларусаў, рукамі, але сыходзячы з прынцыпаў, што даўно практыкуюцца ў цывілізаваным свеце, яны без усялякіх камп’ютаўраў падлічылі б галасы беларускіх галасоўшчыкаў. Няхай працэдура падліку галасоў і зацягнулася б па часе, бо нідэрландцы паказвалі б назіральнікам кожны бюлетэнь з агалошваннем імя таго, за каго аддаў голас чарговым выбаршчык. У такіх справах паспешлівасць не патрэбная, хутка толькі трусы множацца. І тады б давер да вынікаў электаральнай кампаніі быў бы непараўнальны з тым, што мае месца ў сённяшняй Беларусі. Але пра гэта пакуль што можна толькі марыць.    

І яшчэ адзін момант. Перад пагрозай кампутарных умяшальніцтваў іншых сілаў у вынікі выбарчых кампаній адна з самых цывілізаваных краін Еўропы адмаўляецца (магчыма, часова) ад выкарыстання высокіх тэхналогій падчас хаця б аднаго з этапаў выбараў. У Беларусі ж нават да пачатку выкарыстання гэтых тэхналогій, умоўна кажучы, як да Марса на свінячай павозцы. Вось вам і адрозненне дзвюх сістэм на адным кантыненце пад назвай Еўропа.

А ўвогуле, шаноўныя нідэрландцы, сардэчна запрашаем вас  у Беларусь, няхай і не на падлік галасоў, а проста так. Тым больш што зараз вы будзеце мець магчымасць ажно цэлых пяць дзён знаходзіцца ў нас без візы. Так што давайце!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • Пятро Касьнерык
  • 2017-02-09 08:57:02
БЛОГ-Вось вам і адрозненне дзвюх сістэм на адным кантыненце пад назвай Еўропа.
++
Тов. БЛОГ!
у Нідэрландах калгасы ё?

Больш цікавага на «Новым Часе»: