Няшчырыя «шчырасці»

Беларускі кіраўнік вельмі часта віншуе з днямі нараджэння ўсялякіх расійскіх дзяржаўных дзеячоў, бізнесоўцаў і «культуроўцаў», пры гэтым не звяртаючы ўвагі, што ў сваёй краіне ёсць багата слынных людзей, якіх нязменны прэзідэнт адкрыта ігнаруе.

Але наколькі вось тыя віншаванні ў бок замежнікаў з боку беларускага правадыра шчырыя?

У апошні дзень студзеня Аляксандр Лукашэнка павіншаваў старшыню праўлення «Газпрома» Аляксея Мілера з малым юбілеем — 55-годдзем. «Упэўнены, што Вашыя прафесіяналізм, кіраўнічы досвед, мэтанакіраванасць і надалей будуць спрыяць развіццю расійскага газавага комплексу, умацаванню пазіцыяў «Газпрома» ў краіне і за яе межамі, а таксама вырашэнню актуальных пытанняў беларуска-расійскага ўзаемадзеяння ў канструктыўным рэчышчы і на ўзаемавыгаднай аснове», — напісана ў віншаванні, якое цытуе афіцыйная БЕЛТА.

Спадзяванням, выказаным у апошнім сказе, можна было б і верыць. Толькі вось некаторыя сумневы наконт іх рэалізацыі ўсё ж такі ўзнікаюць.

Мінулы год адзначыўся акурат супрацьстаяннем Мінска і Масквы на газавай глебе, калі беларускі бок адмовіўся плаціць 132 долары за тысячу кубаметраў расійскага блакітнага паліва (па раней заключанай дамове) і сплочваў толькі каля 73 баксаў (паводле беларускай мэтазгоднасці). На сённяшні дзень запазычанасць Беларусі перад «Газпромам», калі верыць расійскаму віцэ-прем’еру Аркадзю Дварковічу, ужо складае 500 мільёнаў долараў і працягвае расці.

У адказ Расія істотна скараціла пастаўкі на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы нафты, што адмоўна адбілася на беларускім ВУП і бюджэце — нашы НПЗ недаатрымалі ў 2016 годзе 8 мільёнаў тон «чорнага золата» і згубілі мільярды долараў ад неадбытага экспарту нафтапрадуктаў.  

Да сёння «газавае пытанне» не вырашанае. Як наступства — застаецца і «нафтавае пытанне», таму і сёлета Беларусь рызыкуе недаатрымаць чарговыя мільярды (доларавыя) з прычыны недапаставак расійскае нафты.

Нагадаем яшчэ раз, што пачыналася ўсё з нязгоды Мінска плаціць  «Газпрому» па кантракце. А «Газпром» працягвае настойваць на выкананні падпісанага кантракту і выплаце пазыкі з боку Беларусі. Дык адкуль можа быць любоў і павага ў афіцыйнага беларускага лідара да таўстасума Мілера, які сам купаецца ў грошах, а на Беларусь раскашэліцца не жадае? Таму і застаецца, расшаркваючыся ў віншаваннях, чакаць ад Мілера і кампаніі «ўзаемадзеяння ў канструктыўным рэчышчы ды на ўзаемавыгаднай аснове».

Толькі слаба ў гэта верыцца. І, відаць, слаба верыць у нешта падобнае і Лукашэнка, без згоды (ці нават ініцыятывы) якога чарговая і самая працяглая, а таксама самая кепская па наступствах для Беларусі газа-нафтавая вайна магла б і не пачацца.

Так што цана такім віншаванням ад беларускага правадыра — нулявая. Ён не забываецца на дні нараджэння расійскіх актораў, бізнесоўцаў і іншых дзеячоў, не звяртаючы ўвагі на многіх выбітных беларусаў — навукоўцаў, музыкаў, паэтаў, пісьменнікаў, іншых людзей, якія больш вартыя і важкія для нашай краіны, чым тыя ж расійскія ці галівудскія альбо французскія «геніі».

А калі ўлічыць усе акалічнасці, дык «віншавальная шчырасць» Лукашэнкі ў дачыненні да многіх замежных юбіляраў — зусім і не шчырасць. Прынамсі, адносна Мілера. Нешта мне падказвае, што гэтым разам я маю рацыю на сто адсоткаў. 

 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: