Новы анекдот: «Лукашэнка — амбудсмен»

Заўжды, калі ў Беларусі чакаецца чарговая навала прадстаўнікоў расійскі СМІ для сустрэчы з афіцыйным беларускім лідарам, тутэйшыя майстры «пяра і мікрафона», а ў сённяшніх тэхнічных варунках — ноўтбука, планшэта і айфона, паціраюць рукі.


Падчас падобных мерапрыемстваў бяззменны кіраўнік Сінявокай выдае перлы, якія потым яшчэ доўга карыстаюцца попытам на старонках беларускіх (і не толькі) газет і на інтэрнэт-сайтах. Мерапрыемства ў гэты чацвер не стала выключэннем.

Нагаварыў беларускі правадыр шмат цікавага і яскравага. Але аўтару гэтых радкоў хацелася б спыніцца на адной тэме — на правах чалавека і разуменні іх у свядомасці прэзідэнта Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка лічыць сябе галоўным абаронцам правоў чалавека ў Беларусі, пра што не пасаромеўся заявіць на прэс-канферэнцыі з удзелам больш як сотні прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных медыяў.

Правадыр зноў выказаў ускосную незадаволенасць уласным электаратам. На думку Лукашэнкі, «беларусы крыху разбэшчаныя» (згадайце яшчэ слова «народзец» з вуснаў АРЛ, калі той некалькі гадоў таму абураўся тым, што ягоныя выбаршчыкі скупаюць валюту ў абменных пунктах ва ўмовах крызісу ды абвалу курса беларускага рубля). «Скажу шчыра, мы сваіх людзей разбэсцілі крыху. Таму што, ну, народны прэзідэнт… Хто мяне падтрымліваў? Простыя людзі перадусім. І я ім быў вельмі абавязаны і абараняў, аберагаў, каб толькі ніхто не пакрыўдзіў», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

«Мяне папракалі там… Якія правы чалавека? Галоўны амбудсмен — мацернае слова гэта — гэта прэзідэнт. Я ніколі нікому не дазволю несправядліва абысціся з чалавекам. Для нас гэта галоўны прыярытэт для ўсёй вертыкалі ўлады», — заявіў Лукашэнка. 

І дадаў. «Так, бывае. Усё ж дзесяць мільёнаў чалавек, і штогод тут перасоўваецца да трох мільёнаў чалавек і гасцей. Натуральна, нешта бывае. Паверце, нам няпроста бывае ўтрымліваць, як вы кажаце, ціхую і спакойную Беларусь і гэтак далей. Захаваць гэтую выспачку ціхай і спакойнай — гэта нямала каштуе, таму мусяць быць парадак і дысцыпліна», — ўпэўнены афіцыйны лідар, які, нагадайма, кіруе Беларуссю ўжо 22 гады з гакам.

Што Лукашэнка разумее пад правамі чалавека? Найперш, гэта каб у ягонага электарата была»чарка і шкварка». Гэта магчымасць працаваць, нягледзячы на тое, што зараз сярэдні заробак па краіне не дазваляе весці годны чалавека лад жыцця. Асабліва пры ўмовах зніжэння вытворчасці і росту беспрацоўя і паралельным росце кошгтаў.

І які ж з правадыра «амбудсмен»? Вельмі шмат можна прыгадаць яго «здольнасцяў» у плане «абароны правоў чалавека». Прывядзем толькі некалькі момантаў.

Гэта рэпрэсіі супраць супрацоўнікаў мінскага метрапалітэна, якія пратэставалі супраць падзення ўзроўня жыцця, яшчэ на пачатку панавання Лукашэнкі ў Беларусі.

Гэта гвалтоўнае выкраданне былых паплечнікаў кіраўніка дзяржавы экс-міністра ўнутраных справаў генерала Юрыя Захаранкі, экс-віцэ-прэм’ера ўрада Віктара Ганчара, а таксама ягонага сябра прадпрымальніка Анатоля Красоўскага, журналіста Змітра Завадскага. Лёс гэтых людзей дагэтуль невядомы.


Гэта зняволенне першага прэм’ер-міністра Лукашэнкаўскай Беларусі Міхаіла Чыгіра, экс-дэпутатаў Андрэя Клімава і Уладзіміра Кудзінава, а таксама сотні сутак адміністратыўных арыштаў дэпутата і журналіста Валерыя Шчукіна.

Гэта шматлікія затрыманні ўдзельнікаў мірных акцыяў пратэстаў у розных рэгіёнах Беларусі і незлічоныя суды, велізарныя штрафы і арышты над апанентамі кіроўнага рэжыма.

Гэта разгоны «Плошчаў» пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 і 2010 гадоў, крымінальныя справы за быццам бы масавыя беспарадкі і зноўку шматлікія судовыя працэсы над грамадзянскімі актывістамі і палітыкамі і жорсткія выракі.

Гэта арышты ды суды над супернікамі Лукашэнкі ў прэзідэнцкай гонцы Аляксандрам Казуліным, Мікалаем Статкевічам, Уладзімірам Някляевым, Андрэем Саннікавым і іх паплечнікамі.

Гэта закрыццё незалежных сродкаў масавай інфармацыі, як электронных («Радыё 101,2» і «Аўтарадыё»), так і друкаваных — газет «Згода», «Свабода», «Навіны» і гэтак далей. А таксама забарона друкавацца і распаўсюджвацца па падпісцы на тэрыторыі Беларусі («Народная воля», «Наша ніва») ці нежаданне прымаць на распаўсюд і продаж праз «Белпошту» і «Белсаюздрук» незалежныя выданні («Новы Час», «Свободные новости. Плюс» ды іншыя газеты, у тым ліку і рэгіянальныя).

Гэта і сённяшнія адміністрацыйныя пераследы і агромністыя штрафы дэмакратычным актывістам за акцыі салідарнасці з таімі ж актывістамі.

Гэта і пераслед фрылансераў ці журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ без акрэдтацыі.

Усё гэта толькі частка «дасягненняў» бяззменнага беларускага правіцеля за час ягонага панавання ў Беларусі. І ён называе сябе «амбудсменам»? Відавочна, што ён сам не разумее, што гэта такое, калі называе гэтае слова «мацерным». Менавіта для яго — мацерным. А ў цывілізаваным свеце інстытут амбудсмена — вельмі важны і ўплывовы, але толькі не на постсавецкай прасторы нават там, дзе ён існуе, да прыкладу, у Расіі, бо ў гэтай краіне амбудсмен ужо практычна ні на што не ўплывае і не грае ніякай ролі. 

Так што абсалютна ясна, што Аляксандр Лукашэнка ніколі не дапусціць, каб хтосьці апроч яго прэтэндаваў на ролю «абаронцы беларусаў». Хоць барані нас, Божа, ад вось такога «амбудсмена» і «абаронцы».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: