У горадзе Сочы — «бацькавы» ночы

Ужо некалькі дзён нічога не чуваць ад беларускага правадыра. Нават не было аніякай ягонай рэакцыі на масавыя акцыі пратэсту на падпісаны ўласнаруч яшчэ ў 2015 годзе дэкрэт №3, вядомы шырокай публіцы як «дэкрэт аб дармаедах». Аказваецца, Аляксандр Лукашэнка яшчэ пяць дзён таму атабарыўся на расійскім курорце Сочы. Навошта?


З кім і з якой мэтаю накіраваўся туды афіцыйны беларускі лідар — невядома. Ні на афіцыйным сайце прэзідэнта, ні на стужцы дзяржаўнай «БЕЛТА» ані слова пра тое, што Лукашэнка знаходзіцца ў Расіі, на момант напісання гэтага матэрыялу не было. Стала вядома пра вандроўку толькі з паведамлення РИА «Новости», якому пра гэты факт распавёў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітры Пяскоў. «Наколькі нам вядома, Аляксандр Георгіевіч (чаму не Рыгоравіч???) знаходзіцца ў Сочы, гэта прыватная паездка», — сказаў муж фігурысткі — алімпійскай чэмпіёнкі Таццяны Наўкі. Лукашэнка, паводле паведамлення расійскага агенцтва, мяркуе там правесці ўвесь тыдзень. Аднак, сказаў Пяскоў, сустрэчы беларускага правадыра з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным там не плануецца.

Але ці так гэта? Добра вядома, што беларускі прэзідэнт, калі яму нешта трэба ад Масквы, а нармальнымі афіцыйнымі шляхамі праблемы вырашаць не атрымліваецца, «сядае ў засаду». Прычым, менавіта ў Сочы. І не беспаспяхова. Некалькі аб’ектаў, якія юрыдычна належаць Беларусі, дазваляюць рабіць выгляд, што кіраўнік нашае краіны планава паехаў ці то інспектаваць гэтыя аб’екты, ці то адпачыць на «беларускай уласнасці». Але раней пра тое хаця б паведамлялі афіцыйныя беларускія СМІ і прэс-служба Лукашэнкі. Цяпер усё пад покрывам таямніцы. Чаму?

Апошнім разам аналагічна паводзіў сябе кіраўнік Беларусі ў студзені мінулага года, калі пасля сустрэчы з прэм’ерам Мядзведзевым усё ж дачакаўся рандэву з расійскім калегам, хоць той і не вельмі спяшаўся на спатканне з сваім беларускім «сябрам». Нешта падобнае мела месца і раней, прычым неаднойчы. Гэтым разам знаходжанне Лукашэнкі ў Сочы ўвогуле раней не анансавалася, нічога пра гэта не паведамляецца і цяпер, нягледзячы на тое, што, калі верыць расійскім крыніцам, ён знаходзіцца там ужо пяць дзён.

Натуральна, Лукашэнка мае пра што пагаварыць з сваім расійскім візаві. Найперш, гэта пытанне кошту на расійскі газ для нашай краіны і істотнае скарачэнне паставак на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы расійскае нафты. І нядопуск (ці скарачэнне паставак) на расійскі рынак беларускай мяса-малочнай прадукцыі, не кажучы ўжо пра сельскагаспадарчую тэхніку, садавіну-гародніну, аўтамабілі, іншыя тавары. Гэта ўжо адбіваецца на прыбытках Беларусі шматмільярднымі (у доларах ЗША) стратамі. А нам толькі сёлета плаціць па знешніх пазыках больш за 5 мільярдаў, і зусім не беларускіх рублёў, а тых жа «амерыканцаў». Дзе браць грошы?

У самой Расіі іх становіцца менш і менш, таму яна мусіць абмяжоўвацца ў сваіх выдатках. А тут яшчэ і рыторыка кіраўніка  «малодшай сястры» апошнім часам стала такая, што ў Крамлі не да смеху. Варта ўзгадаць толькі «камяні ў гарод» Расіі з боку Лукашэнкі на «Вялікай размове з прэзідэнтам» 3 лютага. Як вядома, Пуцін выпадаў на свой адрас не забывае і не даруе, хоць часам і рэагуе на іх не адразу. І не варта браць да ўвагі шматлікія словы беларускага кіраўніка падчас той прэс-канферэнцыі аб тым, ён і Пуцін — вялікія і шчырыя сябры. Сапраўдныя стасункі і «сімпатыі» паміж двума аўтарытарамі вядомыя нават вожыку. Шчырым сяброўствам там і не патыхае.

Канфлікт Беларусі з Расіяй цягнецца ўжо больш за год, ён стаўся самым працяглым ад часоў пачатку стварэння так званага «саюзніцтва». Таму вельмі мала спадзяванняў, што «Георгіевіч» гэтым разам дачакаецца Уладзіміравіча ў сочынскай «засадзе». Хаця беларускі правадыр, калі яму нешта патрэбна вельмі і вельмі моцна, можа прадэманстраваць вытрымку і сядзець у Сочы ў чаканні Пуціна хоць да пачатку купальнага сезона. Але і краінаю некалі ж трэба кіраваць. Пакуль кіруецца. А Пуцін можа пакатацца на лыжах і ў іншым месцы — Расія агромністая. Таму «бацькавы ночы» ў горадзе Сочы могуць закончыцца для беларускага кіраўніка, як кажуць у народзе, «цалаваннем прабою».          

 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!