Кася Камоцкая: шчырасць перадусім

Асаблівасцю сучаснага тэксту музычнай культуры стала ўстаноўка на фармат шоу: практычна ўсе папулярныя сёння выканаўцы і гурты прапануюць слухачам у рознай ступені канцэптуальна прадуманы і па-рэжысёрскі вывераны прадукт, дэманструюць дэталёва распрацаваную іміджавую стратэгію.

Але на музычнай сцэне ёсць і тыя, для каго ўстаноўка на стварэнне шоу не здаецца арганічнай, тыя, хто звязаў свой выбар з такой якасцю, як шчырасць. Да такіх выканаўцаў бясспрэчна належыць Кася Камоцкая — значная постаць сучаснага беларускага мастацтва.

Перад тым, які ўзяцца за гэты артыкул, я вырашыў зноў праслухаць песні Касі Камоцкай, перагледзець інтэрв'ю з ёй, каб у каторы раз акунуцца ў тую ўнікальную атмасферу, якая ўзнікае, калі гучыць голас Касі.
Пэўна, трывалай аўдыторыі Касі Камоцкай не патрэбны прыдаткі «легенда», «рок-князёўна» і г.д., якія любяць выкарыстоўваць СМІ пры ўзгадванні яе імя. Яе пастаянныя слухачы любяць Касю не таму, што яна ўвасабляе сабой нейкі трэнд, павеў моды, а таму што пра што яна спявае і як яна спявае — гэта нешта сапраўды блізкае для іх.

У сваіх песнях Кася Камоцкая зафіксавала пэўны, у чымсьці ўнікальны, прамежак часу: думкі, адчуванні людзей, дух, які быў ўласцівы для той часткі грамадства, якая адчувала Беларусь у сэрцы.

Дапамагалі ёй у гэтым беларускія паэты, на чые вершы яна пісала песні: Міхал Анемпадыстаў, Анатоль Сыс, Адам Глёбус, Таццяна Сапач, Ігар Бабкоў і іншыя; беларускія музыкі, без якіх яе кампазіцыі гучалі бы па-іншаму; гукарэжісеры, якія ўсё гэта запісалі, а таксама тыя людзі, якія атачалі і натхнялі.


Я слухаў Касю Камоцкую з маленства, яшчэ на касетах, і мяне заўсёды ўраджваў яе голас. Але пазнаёміцца ​​з ёю асабіста мне давялося толькі ў мінулым годзе на Талькаўскім фэсце, што ладзіцца ў мястэчку Талька, непадалёк ад горада Асіповічы. Гэта камерны фэстываль, на якім збольшага гучыць сваё для сваіх ад сваіх, пануе атмасфера сяброўства і адчуванне шчырасці. Пэўна, з-за гэтага туды і прыязджаюць людзі. У мяне не атрымалася паслухаць усе песні, якія спявала на гэтым фэсце Кася Камоцкая, але адна, напэўна, застанецца ў маім сэрцы назаўсёды. Гэтай песняй Кася развітвалася з фэстам: «Кантрабандыст» на словы Міхала Анемпадыстава ў той дзень прагучаў неяк інакш, чым у звыклай версіі, але пры гэтым ўзрушаюча шчыра і па асабліваму маляўніча, як гэта ні дзіўна гучыць у адносінах да музычнага мастацтва. Рух рукі Касі нібы маляваў у паветры тыя вобразы, з якіх складаўся сюжэт песні, вобразы складваліся ў карціны — і гэта было нерэальна прыўкрасна.

Зараз дзе-нідзе можна пачуць, што «песня пад гітару» памірае, што гэты кірунак у музычным мастацтве ўжо не актуальны. Мне здаецца, што гэта зусім не так. Заўсёды знойдзецца нейкі адсотак людзей, якім будуць патрэбны такія песні, нават калі слухаць іх лічыцца не модным. Часам гэта адсотак будзе павялічвацца, часам памяншацца, але ён заўсёды будзе. Не рэпам адзіным, як гаворыцца.

Песні «Мая краіна», «Чаканне калядаў» на словы Міхала Анемпадыстава, «Залатыя краты», «Белая лебядзь» на словы Анатоля Сыса, «Гэта МЫ» на словы Андрэя Мельнікава, «Божа, забяры маё жыццё» на словы Адама Глёбуса і іншыя не перастануць быць актуальнымі не праз пяць, і не праз пяцьдзесят пяць год. Гэта адлюстраванне падзей часу: праз гэтыя песні нехта будзе ўзнаўляць у памяці тыя часы, сведкай якіх ён быў, а нехта будзе адкрываць новы для сябе свет падзей, сведкам якіх стаць не прыйшлося. Бо такія песні, акрамя ўсяго іншага, з’яўляюцца адным з самых дасканалых праваднікоў у гісторыю.


Мая Краіна

Я люблю, калi свецiць сонца
Рана ранкам праз фiранкi.
Я люблю пах свежае кавы,
Я люблю смак смажанай бульбы.
Мне падабаецца дым цыгарэтаў,
Мне падабаецца водар парфумы.
Я люблю халодныя блюзы,
Я люблю свае джынсы старыя.
Я жыву ў гэтай Краiне.
Мая Краiна пад белым снегам,
Мая Краiна пад белым сцягам,
Пад белым сцягам з чырвонай стужкай.
Я з цягам часу стануся птушкай,
Раскiну крылы, зраблю тры крокi
I падымуся па-над зямлёю
Туды, дзе вецер i дзе аблокi,
Над Краiнай пад белым снегам,
Над Краiнай пад белым сцягам,
Пад белым сцягам з чырвоной стужкай
Мая свабода.
Мая свабода - з ветрам нязгода
Ды асалода супрацстаяньня.
Мая свабода - човен падводны
Памiж Сцылаю ды Харыбдай,

Мая свабода - дом папяровы
Памiж Гамораю ды Садомам,
А там за домам край невядомы
Пад белым снегам, пад белым сцягам.
З цягам часу складанымi сталi
Законы гульнi
А неяк раней усё проста было
I мы былi;
Мы проста iшлi, мы проста стаялi,
Мы проста жылi i памiралi
У сваiх дамох папяровых,
У сваiх падводных чоўнах
Памiж Сцылаю ды Харыбдай,
Памiж Гамораю ды Садомам,
Памiж Сцылаю ды Харыбдай,
Памiж Гамораю ды Садомам,
У Краiне пад белым снегам,
У Краiне пад белым сцягам,
У Краiне пад белым снегам,
У Краiне пад белым сцягам,
Пад белым сцягам
з чырвонай стужкай
Мая свабода...

Напрыканцы мне хочацца сказаць вялікі дзякуй Касе Камоцкай за тое, што яна ёсць, за той сусвет, які яна стварыла, стварае і, дай Бог, будзе ствараць яшчэ.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!