Ці варта фатаграфавацца з Ярмошынай?

Фотаздымак старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча з Лідзіяй Ярмошынай на пасольскім прыёме, роўна як і словы Таццяны Караткевіч, што старшыня ЦВК «гатовая размаўляць», ужо абсмоктаныя ў інтэрнэце. Але абодва палітыка забыліся на важны момант — з кім яны фатаграфуюцца і збіраюцца размаўляць.

Фота з Фэйсбуку Юрася Губарэвіча


Лідзія Ярмошына — старшыня ЦВК. З ёю варта і трэба размаўляць, асабліва падчас выбарчай кампаніі. Ад гэтага нікуды не падзенешся: усё ж яна адказная за тое дзейства, якое ў нас завецца «выбарамі». Усё ж, ідучы на выбары, якімі б яны не былі, даводзіцца мець справу з чыноўнікамі, якія гэты працэс забяспечваюць і ім кіруюць. Бо апазіцыянеры, выдатна асэнсоўваючы, што выбараў у нас няма, ідуць на іх не за мандатамі. А дзеля вольных стасункаў з грамадзянамі краіны, дзеля пашырэння кола сваіх прыхільнікаў, дзеля простай дэманстрацыі — у Беларусі ёсць людзі, гатовыя да іншай палітыкі, чым тая, якая праводзіцца ўладай. І ў гэтых людзей ёсць ідэі, як зрабіць краіну лепшай і выйсці з тупіка, у які мы зайшлі за чвэрць стагоддзя кіравання аднаго чалавека.

Карацей, апазіцыя адказвае на пытанне: «Хто, калі не ён?» Добра яна адказвае ці дрэнна — іншая справа.

Да таго ж, любыя выбары, па паліталогіі — гэта форма змены ўлады. А значыць, і форма змены самой Ярмошынай. І без размоў са старшынёй ЦВК тут не абыдзешся.

Безумоўна, не абыдзешся без размоў з Ярмошынай і ў іншым пытанні — пытанні, якое пастаянна ўздымае міжнародная супольнасць — рэформы беларускага выбарчага заканадаўства і працэсу. Хаця яна заўсёды робіць сваю казырную ракіроўку: абяцае прыняць заўвагі АБСЕ і выправіць хібы «да наступных выбараў», але потым, калі тыя «наступныя» настаюць, кажа: «Мы не паспелі нічога зрабіць, а коней на пераправе не мяняюць, і таму змяняцца нічога не будзе».

І пра гэтую ракіровачку можна было б з ёю пагутарыць.

Але ж гэта ўсё можна зрабіць у сапраўды працоўных стасункаў. Ганарыцца тым, што сустракаешся з Лідзіяй Міхайлаўнай нефармальна і лічыць гэта «гатоўнасцю да дыялогу»?

На самай справе, ад Ярмошынай і Губарэвічу, і Караткевіч, і ўвогуле ўсім зацікаўленым асобам трэба было б трымацца падалей. Таму што Лідзія Міхайлаўна — не толькі старшыня ЦВК. Гісторыю нікуды не падзенеш і назад не павернеш. Як ужо не змяніць і таго, якім чынам Ярмошына апынулася там, дзе апынулася. Для гэтага трэба ўзгадаць не такое даўняе мінулае. А канкрэтна — падзеі 14–15 лістапада 1996 года.

***

14 лістапада 1996 года, у парушэнне законаў і Канстытуцыі Беларусі, Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ пра адхіленне ад пасады старшыні ЦВК Віктара Ганчара. Нагодай для ўказу паслужыў нібыта існаваўшы ліст 9 чальцоў ЦВК (у тым ліку і Лідзіі Ярмошынай), у якім Ганчар вінаваціўся ў палітыканстве.

Віктар Ганчар заяўляў, што не зацвердзіць вынікі неканстытуцыйнагга рэферэндуму

Раніцай 15 лістапада на ўваходзе ў службовы кабінет ЦВК Ганчара сустракалі амапаўцы. Начальнік упраўлення аховы службовых асоб палкоўнік Самохін апавясціў старшыню Цэнтарвыбаркама, што ў яго маецца вуснае распараджэнне не пускаць Ганчара ў будынак. Самохін спасылаўся на распараджэнне начальніка ўпраўлення аховы прэзідэнта палкоўніка Цесаўца. Не ўбачыўшы ніякіх пісьмовых распараджэнняў, Ганчар прарваўся ў свой кабінет.

У той жа дзень Ганчар заявіў СМІ: «Тэкст прэзідэнцкага ўказу мяне менш за ўсё цікавіць. Я — службовая асоба і падпарадкоўваюся законам, а не указам, якія выдадзены з перавышэннем канстытуцыйных паўнамоцтваў».

Да гадзіны дня будынак ЦВК быў блакаваны службай аховы прэзідэнта, а Ганчар — сілай выкінуты з кабінета. Бліжэй да вечара ў Цэнтарвыбаркам паспрабавалі трапіць старшыня Вярхоўнага Савета Сямён Шарэцкі і генеральны пракурор Беларусі Васіль Капітан. У кабінеты іх не пусцілі. Проста не пусцілі — нават генеральнага пракурора!

Сямёна Шарэцкага не пускаюць у ЦВК

Канстытуцыйны суд вызнаў указ аб зняцці Ганчара неканстытуцыйным. І нават калі б Ганчара знялі канстытуцыйна, зацвярджаць новага старшыню ЦВК павінен быў Вярхоўны Савет — аднак так і не зацвердзіў Лідзію Ярмошыну.

Менавіта гэтыя падзеі дазволілі трактаваць тое, што адбылося ў 1996-м, як «дзяржаўны пераварот» і «гвалтоўны захоп улады неканстытуцыйным шляхам».

***

Юрась Губарэвіч, кажучы пра сваё фота з Ярмошынай, казаў: «Тут задзейнічаная цэлая мафійная групоўка, пачынаючы з мясцовых уладаў, выканкамаў, якія не пускаюць у выбарчыя камісіі альтэрнатыўных прэтэндэнтаў, КДБ. Калі б гэта залежыла толькі ад Ярмошынай, сістэма фальсіфікацыяў не працавала б так эфектыўна». Але фальсіфікацыя вынікаў выбараў у параўнанні з іншым — дробязь, да пяці гадоў зняволення. У той час як удзел у дзяржаўным перавароце і захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам — гэта артыкул 357 частка 2 Крымінальнага кодэкса — ад 10 да 15 гадоў пазбаўлення волі. А частка трэцяя гэтага артыкула: тыя ж дзеянні, якія пацягнулі за сабою гібель людзей — ад 10 гадоў да «вышкі».

Я мяркую, што спадарыня Ярмошына выдатна ўсведамляе, што і як яна «зарабіла» ў мінулым. І таму яна працягвае тую дзейнасць на пасадзе старшыні ЦВК, якая так абурае дэмакратаў. Нават калі наўпрост не ўдзельнічае ў фальсіфікацыях вынікаў выбараў. Бо ўсё роўна больш за максімум суд не дасць.


Чытайце таксама: Трыумф і трагедыя Віктара Ганчара


У журналістаў на вайне ёсць правіла: ніколі не браць у рукі зброю і, крый божа, не фатаграфавацца з ёю. Фота Губарэвіча з Ярмошынай можа яму непрыемна адазвацца не толькі ў публічнай прасторы. Па вялікім рахунку, спадар Юрась павінен быў не жартаваць з Лідзіяй Міхайлаўнай, усміхаючыся ёй ва ўсе трыццаць два зубы, а запытацца, дзе ўсё ж такі яе былы калега і папярэднік Віктар Ганчар, і ці з’яўляецца яго знікненне «дзеяннямі па захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам, якія пацягнулі за сабою гібель людзей»?

Падаецца, адказ на гэтае пытанне Лідзія Міхайлаўна ведае.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць