2000 рублёў штогадзіны — столькі каштуе бюджэту ўтрыманне Нацыянальнага сходу

Бюджэтам Беларусі на 2019 год на ўтрыманне 2 палат Нацыянальнага сходу прадугледжана 17 492 248 рублёў. Такую суму агучыла ў Фэйсбуку дэпутатка Ганна Канапацкая, піша «Радыё Свабода».
Такім чынам, агульныя выдаткі на парламент складуць амаль дзве тысячы рублёў штогадзінна, разам з выходнымі, святамі і начным часам, адзначыла дэпутатка.

- 73% гэтай сумы расходуецца на Палату прадстаўнікоў (ніжняя палата парламенту з 110 дэпутатаў).

- 27% ідуць на ўтрыманне Савету Рэспублікі (верхняя палата з 64 чалавек).

Акрамя выдаткаў на дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і чальцоў Савету Рэспублікі, сродкі выдзеленыя і на працу сакратарыятаў палат.

Таксама Канапацкая падлічыла, колькі запланавана выдаткаваць на заробкі дэпутатаў і супрацоўнікаў парламенту:

- на заработную плату ўсіх дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 867 170,6 рубля (556 рублёў за гадзіну).
- на супрацоўнікаў сакратарыяту Палаты — 3 244 780,4 рубля (370 рублёў за гадзіну).
- чальцам Савету Рэспублікі — 668 414 рублёў (пры гэтым чальцы Савету Рэспублікі могуць ажыццяўляць сваю дзейнасць без адрыву ад асноўнай працы).
- супрацоўнікам сакратарыяту Савету Рэспублікі — 1 559 634 рублі (178 рублёў за гадзіну).

Акрамя гэтага, у бюджэце Беларусі на 2019 год прадугледжаныя іншыя выдаткі, звязаныя з працай Нацыянальнага сходу:

- Унёскі на сацыяльнае страхаванне работнікаў і службоўцаў — 3 409 025 рублёў (389 рублёў на гадзіну).
- Набыццё прадметаў забеспячэння і расходных матэрыялаў — 58 539 рублёў (160 рублёў на дзень).
- Выправы і службовыя раз' езды — 379 922 рублі (1040 рублёў на дзень).
- Іншыя бягучыя выдаткі на закупліванне тавараў, аплату паслуг — 3 130 536 рублёў (357 рублёў на гадзіну).
- Выплата пенсій, дапамог ды іншых трансфертаў — 174 227 рублёў (477 рублёў на дзень).

«Радыё Свабода»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!