$5 тысяч толькі падаткамі. Колькі бюджэт Беларусі губляе, калі з'язджае адзін айцішнік?

Заснавальнік і дырэктар IT-кампаніі Belhard Group Ігар Мамоненка падлічыў, што міграцыя аднаго IT-спецыяліста з Беларусі пазбаўляе краіну $30 тысяч долараў у год.


— А калі сто, то гэта ўжо тры мільёны долараў. А калі дзесяць тысяч? Прычым як мінімум 90 адсоткаў прыбытку траціцца тут, падтрымліваючы рабочыя месцы ў іншых сферах, — піша Мамоненка. Бізнесмен абапіраецца на звесткі пра заробак супрацоўнікаў кампаній — рэзідэнтаў ПВТ, піша Еўрарадыё.

Пра выхад з Беларусі некалькіх тысяч айцішнікаў — часта разам з сем'ямі — пішуць як пра факт, які ўжо адбыўся. А многія не хаваюць сваіх думак і планаў наконт ад’езду. Еўрарадыё разабралася, ці сапраўды беларускія ўлады, пагаршаючы бізнес-клімат, рызыкуюць страціць мільёны долараў, і што заробак айцішніка значыць для эканомікі. Таксама пагаварылі з праграмістамі і зрабілі свае прыкладныя падлікі страт бюджэту.


$6 тысяч прамых падаткаў

Для пачатку на аснове сярэдняга заробку работнікаў IT-сферы ў першым квартале 2021 года палічылі, колькі яны заробяць за ўвесь год. Сярэдні месячны заробак у першым квартале — 6338,2 рублі. У пераліку на сярэдні курс долара за студзень-сакавік гэта $2444.

Калі выказаць здагадку, што на працягу года і заробкі, і курс будуць прыкладна такія ж, то за год айцішнік заробіць $29,3 тысячы. З улікам бонусаў і надбавак да Новага года выйдзе каля $30 тысяч.

Грошы ўсё трацяць па-рознаму. Ад гэтага залежыць велічыня ўскосных падаткаў. Затое прамыя падаткі аднолькавыя. 35% ад памеру заработнай платы працадаўца адлічвае ў ФСАН.

Згодна з дэкрэтам №8, працадаўцы з ПВТ выплачваюць у ФСАН суму, якая разлічваецца ад сярэдняга заробку па краіне, а не ад заробку яго супрацоўнікаў. За першы квартал 2021 года сярэдні заробак у Беларусі склаў 1321,6 рублі ($510). Гэта значыць, што за год працадаўца заплаціць за аднаго айцішніка з ПВТ прыкладна 5551 рубель ($2140).


Яшчэ адзін прамы падатак — падаходны. Ён збіраецца ўжо з самога работніка. З 1 студзеня 2021 года для спецыялістаў з ПВТ ён такі самы, як для ўсіх у краіне, — 13%. Да гэтага вылічвалася 9%. Такім чынам, з $30 тысяч у год на падаходны падатак пойдзе $3,9 тысячы. Чыстымі застанецца $26,1 тысячы.

Разам: прамыя падаткі з кожнага беларускага супрацоўніка IT-індустрыі за год — каля 6 тысяч долараў.

А далей усё залежыць ад таго, на што айцішнікі трацяць свае даходы


ПДВ і іншае

З большасці тавараў і паслуг у бюджэт ідзе 20% ПДВ. Акрамя таго, ёсць акцызы на алкаголь, тытунь і паліва. У залежнасці ад тавару стаўка розная, але выходзіць больш за 20%.

— Калі мы параўноўваем падатковы ўклад айцішніка і неайцішніка, выходзіць, што айцішнік плаціць менш прамых падаткаў, але, паколькі ён траціць больш грошай, ён плаціць больш ускосных падаткаў, — разважае акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова.

Еўрарадыё даведалася ў саміх праграмістаў, як яны распараджаюцца сваімі даходамі.

Ягор і Анастасія, супрацоўнікі EPAM, пераехалі ў Гданьск пасля выбараў.

— Мы паехалі, як, напэўна, многія цяпер, па Polish Business Harbour. Я SAP-кансультант, жонка тэсціроўшчыца. У Беларусі мы атрымлівалі 2500 долараў бруднымі за месяц. Стаўка падатку на прыбытак была 9 адсоткаў, выходзіць, на сям’ю заставалася крыху больш за 2250 долараў, — кажа Ягор.

За арэнду кватэры сям’я аддавала $300 і каля $40 — за камуналку.

— На ежу ішло, напэўна, долараў 300. Натуральна, да кавіду траціліся на кавярні, бары. У час кавіду сядзелі дома, але заказвалі дастаўкі. Там прыстойна выходзіла — 180-200 долараў. Астатняе трацілі на іншыя забавы: куды-небудзь схадзіць, нешта паглядзець. Схадзіць удваіх у кіно — 25-30 долараў (білеты плюс нешта там купляеш). Па меры неабходнасці куплялі тэхніку.

Частка грошай ішла ў сферу паслуг.

— Барбершоп — 25 долараў у месяц, манікюр каля 20 долараў.

Перад ад'ездам пара купіла машыну.

— Частка сабраных грошай пайшла туды. Адпаведна, машыну трэба запраўляць. За тэхагляд і страхоўкі, натуральна, мы таксама плацілі, — працягвае Ягор. — Адкладаць стараліся хоць бы 500 долараў кожны месяц. У нас быў рахунак у банку, наяўнымі нічога не трымалі. Калі прыходзілі гадавыя бонусы, нейкія даплаты на працягу года або проста менш пакупак было запланавана, закідвалі на рахунак больш.

Разам: калі ў месяц сям’я траціла $1300-1400 на тавары і паслугі, то ўскосных падаткаў атрымлівалася ў сярэднім на $3250 у год. Яшчэ каля $160 у год падаходнага падатку павінен выплачваць арэндадаўца кватэры.

Прамых падаткаў EPAM заплаціў бы за Ягора і Анастасію $4280. Падаходны падатак па новай стаўцы — $3,9 тысячы. Усяго за год пара прынесла б дзяржаве прыкладна $11,6 тысячы — прамымі і ўскоснымі падаткамі.

Вяртацца ў Беларусь Ягор і Анастасія не плануюць.

Мікіта — machine learning ingeneer у сферы data science. Жыве ў Мінску.

— Мой заробак чыстымі — 900 долараў. Ён прывязаны да курса. Я здымаю кватэру з сябрам, таму на жыллё ў месяц ідзе 175 долараў плюс камуналка каля 50 рублёў. Яшчэ 240-270 рублёў я трачу на рэпетытара па англійскай і 450 на трэнажорную залу і паслугі трэнера.

Мабільны тэлефон і інтэрнэт — 30-40 рублёў. На ежу і цыгарэты трачу каля 480 рублёў. На стрыжку трэба яшчэ 30 рублёў. Ёсць яшчэ катэгорыя «забавы». Апошнім часам паходы ў бар або вялікія тусоўкі адбываюцца рэдка. На гэта ідзе ад 50 да 200 рублёў. Але гэта не плануецца строга. Астатняе адкладаю. У банку і на картцы грошы не захоўваю, трымаю пад матрацам, — кажа Мікіта.

Разам: Мікіта траціць $550-600 у месяц на тавары і паслугі. Ускосных падаткаў за год атрымліваецца ў сярэднім $1400. Прыкладна $160 у год павінен адлічваць і арэндадаўца пакоя, у якім жыве Мікіта.

Адлічэнні ў ФСАН ад працадаўцы — $2140. Падаходны падатак — $1620. Усяго гадавыя падаткі Мікіты складаюць каля $5,3 тысячы.


Рухавік эканомікі

Па нашых падліках, больш за траціну даходаў IT-спецыялістаў ідзе на падаткі. $5-6 тысяч у год бюджэт атрымлівае ад айцішнай зарплаты, ніжэйшай за сярэднюю па краіне, і больш за $11 тысяч — ад сярэдняй. Гэта без уліку таго, што свае сабраныя грошы яны могуць выдаткаваць на нерухомасць у Беларусі, аўтамабілі або дарагую тэхніку.

Але карысць для эканомікі нашмат большая, чым проста падатковыя адлічэнні.

— Плацежаздольны попыт айцішнікаў развівае новыя напрамкі, напрыклад у сегменце забаў і адпачынку. Яго рост, які адбываўся ў апошнія гады ў Мінску, — гэта шмат у чым эфект высокіх заробкаў айцішнікаў. Тое самае можна сказаць пра развіццё забудовы горада, — адзначае Кацярына Барнукова. — Таму ёсць ускосныя негатыўныя наступствы міграцыі людзей з IT. Іх плацежаздольны попыт стварае плюсы для эканамічнага росту, генеруе рабочыя месцы ў іншых сферах і новыя падаткі для дзяржавы, не кажучы ўжо пра саму IT-галіну.


Пра гэта ж гавораць каментатары пад допісам Ігара Мамоненкі. Напрыклад, канцэртнае жыццё Мінска дакладна зменіцца. Умоўна, плацежаздольная аўдыторыя, якая любіць сучасных артыстаў, з’язджае. А застаюцца тыя, хто гатовы плаціць хіба што за Кіркорава і Баскава. Іх і будуць прывозіць канцэртныя агенцтвы.

Да сярэдзіны сакавіка 2021 года было вядома пра 2,5 тысячы беларускіх работнікаў ІТ, якія пераехалі ў Польшчу, і пра 2 тысячы, якія знайшлі новае месца працы ва Украіне. Ёсць і тыя, хто перабраўся далей: у Нідэрланды, Грузію і іншыя краіны для жыцця.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: