A1 Telekom Austria Group адзначае ўплыў палітычнай нявызначанасці на бізнес у Беларусі

Аўстрыйскі тэлекамунікацыйны холдынг A1 Telekom Austria Group адзначае ўплыў палітычнай нявызначанасці на бізнес у Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў фінансавай справаздачы аб працы ў трэцім квартале 2020 года, які змяшчае звесткі аб выніках аперацыйнай дзейнасці даччынай кампаніі холдынгу ў Беларусі — унітарнага прадпрыемства А1.


У тлумачальнай запісцы да справаздачы адзначаецца, што кліенты ўсіх інтэрнэт-правайдэраў Беларусі пацярпелі ад адключэння сэрвісу 9-12 жніўня. Пры гэтым А1 стаў першым аператарам, што публічна паведаміў пра перабоі ў прадастаўленні паслуг з-за абмежавання з боку дзяржаўных правайдэраў, якія валодаюць манапольным правам на доступ да знешняга каналу сувязі.

Таксама паведамляецца, што на працягу жніўня і верасня ўсім аператарам у Беларусі было загадана знізіць прапускную здольнасць сваёй мабільнай сеткі ў Мінску на працягу абмежаванага перыяду часу. Кампанія А1 выканала патрабаванні дзяржаўных органаў, адкрыта і публічна паведамляючы пра кожнае падобнае рашэнне беларускіх уладаў.

А1 кампенсаваў абанентам абмежаванне доступу ў Інтэрнэт прапарцыйна памеру абаненцкай платы, надаваў ім бясплатныя SMS, галасавы сэрвіс і пакеты інтэрнэт-трафіку.

«Тым не менш, дадзеная сітуацыя прывяла да павелічэння колькасці скаргаў кліентаў і незадаволенасці аператарамі сувязі», — падкрэслівае A1 Telekom Austria Group.

Адзначаецца таксама, што апошнім часам функцыі SMS-вяшчання аператара сталі выкарыстоўвацца «ў якасці рэгулярнага ўрадавага канала для інфармавання грамадзян аб парушэннях нацыянальнай бяспекі».

У холдынгу канстатуюць, што зніжэнне даверу да палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў Беларусі прывяло да канфіскацыі дэпазітаў з банкаўскай сістэмы і канвертацыі іх у цвёрдую валюту, што прывяло да дэвальвацыйнага ціску на Беларускі рубель.

З-за негатыўнага валютнага эфекту агульная выручка знізілася ў еўра-выражэнні, у той час як яна вырасла на 12,4% у мясцовай валюце — у асноўным за кошт павелічэння выручкі ад продажу тэрмінальнага абсталявання. У пераліку на мясцовую валюту паказчык EBITDA (прыбытак да выліку амартызацыйных выдаткаў, працэнтаў па даўгах і падаткаў) павялічыўся на 11,2% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У пераліку на еўра паказчык EBITDA знізіўся на 13,6%.

Як паведамлялася, пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў Беларусі 9 жніўня, якасць прадастаўлення паслуг мабільнага інтэрнэту пагаршаецца рэгулярна падчас акцый пратэсту па патрабаванні «ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў», якія разлічваюць тым самым перашкодзіць пратэстоўцам каардынаваць свае дзеянні.

Паводле naviny.media



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: