Ад «падатковага манеўру» Расіі Беларусь будзе страчваць каля 1,5 мільярда долараў штогод

Урад Беларусі зменшыў экспартныя мыты на нафту і нафтапрадукты ў чаканні «падатковага манеўру» Расіі, паведамляе «Радыё Свабода».
Ілюстрацыйнае фота: novorostrade.com

Ілюстрацыйнае фота: novorostrade.com

З 1 верасня Беларусь зніжае экспартнае мыта на нафту і нафтапрадукты, якія вывозяцца за межы Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). Згодна з урадавай пастановай, экспартнае мыта на сырую нафту зніжаецца з 135,4 да 130 долараў за тону, на бензін першаснай перагонкі — з 74,4 да 71,5 долара за тону, на лёгкія, сярэднія дыстыляты, дызельнае паліва, бензол, талюол, ксілол, змазачныя алівы — з 40,6 да 39 долараў за тону.

Змена мытаў — працэдура стандартная

Як вынікае з ранейшых пагадненняў, заключаных Беларуссю і Расіяй, адкуль паступае пераважная большасць нафты для перапрацоўкі на беларускіх НПЗ, увесь аб’ём мыта залічваецца ў беларускі бюджэт. Атрыманыя сродкі ідуць на пагашэнне вонкавай запазычанасці дзяржавы.

Перад гэтым падобнае зніжэнне здарылася 1 жніўня, а ў папярэднія летнія месяцы стаўкі, наадварот, раслі. Чым выкліканыя такія «хваляванні», Свабодзе тлумачыць эканамічны аглядальнік газеты «Беларусы і рынак» Алесь Герасіменка.

Алесь Герасіменка. Архіўнае фота

«Тут нейкай стабільнасці быць не можа: ідзе прывязка да сусветных цэн на нафту і мыта сюды-туды рухаецца па некалькі разоў на год. Стандартная працэдура. Калі растуць цэны, праз пэўны час Расія і Беларусь сінхронна паказнікі падвышаюць, калі падаюць — сінхронна зніжаюць. Пакуль гэта не праблема. А вось калі пачнецца падатковы манеўр — гэта ўжо будзе катастрофа. Бо пакуль што механізм не мяняўся: мыта ад экспарту нафтапрадуктаў мы залічваем у наш бюджэт».

Расійскі манеўр ударыць па беларускім бюджэце

Сёлета ў ліпені Дзяржаўная дума Расіі прыняла законапраект аб паступовым скасаванні мыта на вываз нафты — так званы падатковы манеўр. Гэта азначае, што беларуская эканоміка пазбавіцца вуглевадароднай «іголкі», на якой сядзела больш за 20 гадоў. Расійская нафта для Беларусі будзе каштаваць столькі ж, колькі і для іншых краін.

Згодна з дакументам, цягам 2019-2025 гадоў Расія паступова знізіць экспартнае мыта на сваю нафту з цяперашніх 30% да нуля. Адначасова павялічыцца падатак на здабычу гэтай сыравіны. У выніку, адзначаюць эксперты, Беларусь не зможа перапрадаваць расійскія вуглевадароды.

«Для нас гэта крытычна, бо пачнём страчваць звыклы прыбытак. Зменіцца сам прынцып залічэння: Расія пачне адмаўляцца ад мыта, робячы стаўку на падатак з нафтаздабыўных кампаніяў. І калі яна сабе адно на другое памяняе, але мы такога зрабіць не зможам — мы ж не маем буйных нафтаздабыўных прадпрыемстваў. Мы залежым ад расійскай нафты. А яны, натуральна, будуць закладваць нам гэты дадатковы падатак у цану нафты. Пры гэтым даходаў ад мыта нафтапрадуктаў ужо не будзе».



Цана пытаньня — 1,5 мільярда долараў

Нават пры цяперашніх ваганнях нафтавых цэн Беларусь выйграе да 2,5 мільярдаў долараў у год, закупляючы яе ў Расіі — гэта прыкладна 5% працэнтаў ад валавога ўнутранага прадукту.

З 24 мільёнаў тон расійскай нафты прыкладна 6 мільёнаў рээкспартуецца з нацэнкай у краіны Еўразвязу. Большая частка з астатніх 18 мільёнаў тон пасля перапрацоўкі ў Мазыры і Наваполацку таксама ідзе на замежны рынак. Усё гэта прыносіла значныя даходы. Але ад наступнага года, як кажа Алесь Герасіменка, нафтавыя субсідыі пачнуць істотна «абразацца».

«Не адразу, не рэзка, механізм разлічаны так, што кожны новы год страты для беларускага бюджэту будуць павялічвацца. Бо калі браць сукупны аб’ём даходаў ад мыта на нафтапрадукты, гэта штосьці каля 1,5 мільярда долараў. Для нашага бюджэту вельмі сур’ёзны мінус. Нечым кампенсаваць яго будзе надзвычай цяжка».

Па выніках 2017 года аб’ём рэалізацыі Беларуссю нафтапрадуктаў склаў 600 мільёнаў долараў. Ад сплаты мыта за расійскую нафту — прыкладна 582 мільёна долараў. Разам — больш за 1 мільярд долараў у беларускі бюджэт. Такім чынам, бюджэту пагражае адразу двайны ўдар: з аднаго боку, у выглядзе недаатрыманых нафтавых мытаў, з іншага — недаатрыманых акцызаў на нафтапрадукты.

Страты бюджэту будуць нарастаць

Паводле падлікаў Міністэрства фінансаў, ужо ў першы год «падатковага манеўру» Беларусь страціць 600 мільёнаў беларускіх рублёў, далей лічба будзе толькі расці.

«Усё будзе ісці паступова: пачнецца ад 600 мільёнаў і далей у бок 100-працэнтнай аплаты. То бок пераход у некалькі ступеняў. Адпаведна, і страты бюджэту будуць нарастаць», — падсумоўвае эканамічны аглядальнік Алесь Герасіменка.

Апроч усяго, рэалізацыя Масквой падатковага манеўру пагражае тым, што расійскія нафтапрадукты пры адкрытых межах могуць выцясняць з унутранага рынку нафтапрадукты ў тым ліку беларускіх прадпрыемстваў. Гэта можа пазбавіць Беларусь магчымасці канкураваць таксама на рынку нафтапрадуктаў у рамках ЕАЭС.

Мінск спрабуе праводзіць з расійскім бокам кансультацыі, каб знайсці спосабы кампенсаваць непазбежныя страты. Хоць, на перакананне аналітыкаў, беларускім уладам у гэтай сітуацыі трэба было б пайсці іншым шляхам — нарэшце пачаць рынкавыя рэформы і знізіць залежнасць неэфэктыўнай планавай эканомікі ад сыравіннай датацыі.

Ігар Карней, «Радыё Свабода»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-08-31 18:51:06
Жыве Беларусь! Жыве вечна! Верым! Можам! Пераможам! Калі Захад дапаможа! А калі б бел-чырвона-белыя прыйшлі да ўлады ў 1994 і мы адразу ю адварнуліся ад Расеі, то дащно б ужо не стала «расейскай вуглевадароднай «іголкі», а заадно беларускай эканомікі і джяржавы РБ. Жыве бел-чырвона-белая Беларусь! Жыве вечна! Верым! Можам! Пераможам! Хутка Захад дапаможа! Як кашаль хваробе ці як Украіне.

Я даўно вам казаў і ў тым ліку на Свабодзе: мы своей независимостью обречены быть нищими, и сильным нос-вом РБ могли быть только в составе мощного СССР, як любы маленькі штат у складзе ЗША.
  • Anatol Starkou
  • 2018-08-31 19:08:42
вось што я пісаў на Свабодзе 11.01.18. пра шматверагодныя падзеі ў наш бок:

...выдадуць крэмлядзі Указ, маўляў, ад сённяшняга дня кожнае расейскае прадпрыемства, якое будзе гандляваць з РБ атрымае в подарок КЛИЗМУ от Кремля, и будет клизмиться, клизмиться и еще раз клизмиться, пока не прекратит экономические отношения с Белоруссией. Ці чуў ты пра санкцыі што-небудзь? Ну дык гэта нешта падобнае ім.

Гэта наша палітычная залежнасць ад палітыкі Крамля, гэта плата за незалежнасць. Таму наша незалежная палітыка падтанцоўвала і падтанцоўвае палітыцы Крамля. Бо пасля таго Указу Крамля, або калі Расея ад нас адвернецца, або ўстане з каленяў і сама будзе вырабляць тое, што ёй трэба, вось тады мы й даведаемся, што такое незалежнасць, што такое быць незалежнымі... без эканомікі. Вось тады ў кожнага з нас у кватэры будзе па тры незалежных халадзільніка, а на балконе незалежны МАЗ або МТЗ, а каму пашанцуе дык незалежны БелАЗ змесціцца на балконе. Бо іх дзяваць няма куды будзе.

Больш цікавага на «Новым Часе»: