Ад санкцый да закліку падаць у адстаўку

Рэакцыя міжнароднай супольнасці на падзеі ў Беларусі яўна выйшла за межы традыцыйнага выказвання «глыбокай заклапочанасці».

У свой час у сеціве была папулярная карыкатура, на якой падначаленыя рапартуюць шараговаму лацінаамерыканскаму генералу-дыктатару добрую навіну: «The Times (вельмі ўплывовы часопіс на Захадзе) перастаў называць наш рэжым “дыктатура!” Цяпер мы “краіна з аўтарытарным стылем кіравання!”».

Малюнак як ніколі актуальны для нашай дыпламатыі. Калі нічога не зменіцца, дыпламатам ведамства Макея давядзецца бліжэйшым часам змагацца за тое, каб Беларусь у заходніх медыя прынамсі не ўзгадвалі ў азначэннях «дыктатура».

І ўжо цяжка сказаць, калі адносіны з Захадам змогуць вярнуцца на ўзровень гэтай вясны, калі Мінск наведаў кіраўнік Дзярждэпу ЗША Майк Пампеа. Нагадаем, што на той час правал інтэграцыйных кансультацый з Масквой яўна выклікаў у некаторых заходніх палітыкаў намер выцягнуць Беларусь з расійскай зоны ўплыву. Як вынік — тэма парушэнняў грамадзянскіх правоў у Беларусі адышла на старонках заходніх медыя на другі план. Затое ахвотна і пазітыўна згадвалася ўпартае нежаданне Мінска прызнаваць анексію Крыма і самаабвешчаныя Абхазію і Паўднёвую Асецію. Станоўча ацэньвалася місія Беларусі ў справе вырашэння канфлікту на Данбасе.

У кабінетах беларускай адміністрацыі, у сваю чаргу, падаецца, нарадзілася геніяльная ідэя — утрымаць рэжым за кошт балансавання на лініі геапалітычных супярэчнасцяў Захаду і Масквы. Таму апошнім часам мы сталі сведкамі серыі незвычайна агрэсіўных вербальны атак Лукашэнкі на адрас Крамля, кульмінацыяй якіх стала «справа вагнераўцаў».

Сёння можна дакладна казаць, што канцэпцыя геапалітычнай «неваляшкі» аказалася фантомам. Ацэнкі выбараў 9 жніўня на Захадзе настолькі жорсткія, што шчыльныя партнёрскія кантакты на бліжэйшы час амаль не праглядаюцца. У дачыненні да беларускага рэжыму ўжываюцца такія эпітэты як «карупцыйны», «недэмакратычны» і гэтак далей.

Такая лексіка прысутнічае ў заявах з боку Парламенцкай асамблеі Еўропы, генеральнага сакратара NАТO Ёнса Столтэнберга, Дзярждэпартамента ЗША, які абвясціў выбары ў Беларусі несвабоднымі і несправядлівымі і заклікаў улады Беларусі не ўжываць сілу да пратэстоўцаў. Прэзідэнты Польшчы і Літвы ў сумеснай заяве заклікалі беларускія ўлады «цалкам вызнаць дэмакратычныя стандарты, адмовіцца ад гвалту і паважаць асноўныя свабоды і права чалавека».

Нават Уладзімір Зяленскі, якому звычайна ўласцівыя карэктныя характарыстыкі палітычных працэсаў у паўночнага суседа, не ўтрымаўся. «Ужо цяпер відавочна, што не ўсе ў краіне (Беларусь) згодныя з папярэднімі вынікамі выбараў. А, як вядома, любая легітымнасць — вынік узаемнага даверу. Выключнага даверу. Сумневы ў такіх маштабах — гэта просты шлях да гвалту, канфлікту, сумеснага пратэсту, які будзе толькі нарастаць», — заявіў украінскі прэзідэнт.

У якасці падставы для пералічаных вышэй высноваў фігуруюць шматлікія прыколы апошняй прэзідэнцкай кампаніі: сур’ёзныя абмежаванні па допуску кандыдатаў да агітацыі, забарона допуску мясцовых незалежных назіральнікаў на ўчасткі, метады запалохвання апазіцыйных кандыдатаў, затрыманні мірных пратэстоўцаў і журналістаў і іншае.

Трэба вызнаць, што толькі крытыкай справы ўжо не абмежавалася. Так, зноў на гарызонце замаячылі санкцыі супраць беларускай адміністрацыі, якія ў свой час намагаліся змякчыць. Чальцы камітэта сената ЗША па замежнай палітыцы абяцаюць вярнуцца да санкцыйнага ціску на чыноўнікаў Беларусі «за напад на дэмакратыю».

Арыгінальную прапанову ў сувязі з палітычным крызісам у Беларусі зрабіў польскі прэм’ер Матэуш Маравецкі. Варшава прапануе кіраўніцтву ЕС правесці надзвычайны саміт, прысвечаны сітуацыі ў нашай краіне, якая склалася пасля выбараў. «Польшча нясе адказнасць за сваіх суседзяў. Мы павінны салідарна падтрымаць беларусаў у іх жаданні стаць свабоднымі», — тлумачыць прэм’ерская прэс-служба матывы кіраўніка офісу.

Далей за ўсіх пайшлі ў Вашынгтоне, дзе беларускаму кіраўніку ўвогуле прапануюць напісаць заяву «па асабістым жаданні». Кіраўнік камітэта Сената ЗША па міжнародных справах Джым Рыш заклікаў Аляксандра Лукашэнку пайсці ў адстаўку, калі яго пераабранне акажацца недэмакратычным. «Спадар Лукашэнка павінен дазволіць сапраўдны падлік вынікаў учорашняга галасавання і сысці, калі ён не быў пераабраны дэмакратычным шляхам. Ён таксама павінен неадкладна спыніць падаўленне СМІ, адключэнне інтэрнэту, арышты і гвалт супраць тых, хто дамагаецца іншага шляху для Беларусі. Мірная перадача ўлады жыццёва неабходная для будучыні Беларусі і яе суверэнітэту», — гаворыцца ў пісьмовай заяве палітыка, на якой справа, напэўна, не скончыцца. Няма сумневаў, што беларускае пытанне становіцца значным у заходняй палітычнай павестцы.

Натуральна, такі высокі градус негатыву на адрас Мінска патэнцыйна стварае рызыкі новага «прыліву любові» да брацкай Масквы, дзе афіцыйныя вынікі галасавання лічаць «адпавядаючымі карэнным інтарэсам брацкіх народаў Расіі і Беларусі». Аднак, гледзячы на тон расійскай прэсы нават у мясцовым істэблішменце разумеюць: адзіная будучыня, якую можа прапанаваць Лукашэнка — гэта працяг той рэальнасці, якая існуе. Але беларускую рэальнасць у тым выглядзе, як яна склалася за мінулыя гады, ужо аб’ектыўна цяжка захаваць не тое што на доўгую, але нават і на сярэднюю перспектыву.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: