Ад сёння распачынаюць барацьбу з ілжэпрадпрымальніцтвам

Прэзідэнцкі ўказ «Аб дадатковых захадах па перадухіленні незаконнай мінімізацыі сумаў падаткаў» набыў моц сёння, 22 красавіка.


Дакумент быў падпісаны 19 студзеня сёлета. У ім замацоўваецца механізм самастойнага падаткаабкладання суб’ектамі прадпрымальніцкай дзейнасці гаспадарчых аперацый з ілжэструктурай паводле прадпісання органаў фінансавых расследаванняў.

Ініцыятарам і распрацоўшчыкам указа выступаў Камітэт дзяржкантролю. Як патлумачылі БЕЛТА прадстаўнікі гэтага ведамства, падставай для вынясення прадпісання суб’екту гаспадарання з’яўляецца заключэнне Дэпартамента фінансавых расследаванняў, складзенае ў дачыненні ілжэпрадпрымальніцкай структуры і якое мае ўказанне аб адсутнасці ў аформленых з яе ўдзелам дакументаў юрыдычнай сілы.

Такой структурай будуць прызнаваць суб’ект, які ўключаны ў спецыяльны рэестр ілжэпрадпрымальніцкіх структур і фактычна не ўдзельнічае ў здзяйсненні гаспадарчых аперацый. Органы фінансавых расследаванняў будуць збіраць доказы па дзейнасці такой фальшывай структуры ў цэлым. Суб’екты гаспадарання, якія добраахвотна ўплацяць падаткі ад аперацыяў з такімі ілжэструктурамі, будуць вызваленыя ад адміністратыўнай адказнасці.

У выпадку нязгоды кантрольныя органы правядуць праверку і ў выпадку выяўлення парушэнняў давядзецца несці адказнасць у поўным аб’ёме.

Аўтары дакумента спадзяюцца, што ўказ зробіць эканамічна нявыгадным супрацоўніцтва з ілжэструктурамі.

euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!