Адчуць смак Еўропы і атрымаць інвестыцыі

У Мінску 8 лістапада прэзентавалі чарговы этап трохгадовай польскай праграмы «Смакі Еўропы: якасць і традыцыі». Яе фінансаванне пароўну ажыццяўляюць Еўрасаюз і Польшча.

"Смакі Еўропы: якасць і традыцыі"

Праграма, якая распачалася ў чэрвені гэтага года, накіраваная на прасоўванне польскіх прадуктаў на беларускі рынак, але не толькі. Як адзначыў дзяржсакратар Міністэрства сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі Польшчы Рышард Заруцкі, галоўнай тэмай прэзентаванай гэтай часткі праграмы ёсць гандаль і інвестыцыі.

Дзяржсакратар разам з групай зацікаўленых польскіх прадпрымальнікаў прыняў удзел у выставе Прадэкспа-2016”, якая праходзіць у Футбольным манежы з 8 па 11 лістапада. Таксама ён сустрэўся з намеснікам міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Уладзімірам Гаркуном, з якім былі абмеркаваныя далейшыя шляхі супрацоўніцтва. У тым ліку ліквідацыя бар’ераў на шляху польскіх тавараў на беларускі рынак.

Бар’еры гэтыя, перш за ўсё тычацца імпарту ў Беларусь мінеральных дабавак да кармоў, доступам на беларускі рынак польскай ялавічыны, у тым ліку бескасцёвай, а таксама паставак свініны. Па словах польскага чыноўніка, дамоўленасці на гэты конт дасягнутыя.

Злева направа: Пётр Зэман, Конрад Паўлік, Барбара Ўрублеўска, Рышард Заруцкі, Лукаш Халубоўскі, Збігнеў Новак

“Калі мы жадаем супрацоўнічаць, то карысць павінна быць агульнай. Тады супрацоўніцтва будзе трывалым і доўгім”, — адзначыў спадар Заруцкі. Ён падкрэсліў, што гэта сустрэча, толькі адна з серыі сустрэч паміж прадстаўнікамі ўраду Польшчы і Беларусі ў гэтым годзе.

Гэта не дзіва, бо Беларусь на сёння — самы вялікі спажывец польскіх прадуктаў па-за межамі Еўрасаюза. А Беларусі, у сваю чаргу, вельмі патрэбныя інвестыцыі ў сельскую гаспадарку і вопыт прасоўвання прадукцыі на еўрапейскі рынак, якога ў палякаў багата. Польшча пастаўляе сваю прадукцыю у Вялікабрытанію, Францыю, Германію, Італію. Палякі, напрыклад, лідары ў ЕС па пастаўках яблык, шампіньёнаў, мяса птушкі і, як не дзіўна, гарбаты.

Важным складнікам праграмы “Смакі Еўропы” ёсць таксама экспертнае супрацоўніцтва. Палякі гатовыя падзяліцца новымі тэхналогіямі. У тым ліку тэхналогіямі ў галіне вырошчвання і перапрацоўкі сельгаспрадукцыі.

А тэхналогіі гэтыя, па словах прэзідэнта Агенцтва аграрнага рынку Польшчы Лукаша Халубоўскага, за гады сяброўства ў Еўрасаюзе дасягнулі ўзроўню касмічных.

Паводле еўрапейскіх даследаванняў, сёння польская сельская гаспадарка, знаходзяцца на найвышэйшым тэхналагічным узроўні ў Еўропе. І пры гэтым тэхналогіі ідуць разам з высокай якасцю і традыцыямі вытворчасці прадуктаў. Менавіта гэта спалучэнне тэхналогій і традыцыйнай якасці, па словах спадара Халубоўскага, дазваляе Польшчы пастаўляць прадукцыю сельскай гаспадаркі ў 98 краін свету.

Беларусь таксама ў ліку гэтых краін. І польскі бок гатовы да яшчэ больш шчыльнага супрацоўніцтва. Аднак для польскіх інвестараў вельмі важным ёсць гарантаванасць бяспекі ўкладанняў.

Прэс-канферэнцыя 8 лістапада ў гатэлі "Марыёт". Прэзентацыя чарговага этапу праграмы "Смакі Еўропы: якасць і традыцыі"

«Мы хацелі б ад Беларусі гарантый нашых інвестыцый. У мяне ёсць вопыт інвестыцый у Расію і Украіну, там я страціў грошы, — адзначыў Старшыня польскай асацыяцыі Мяснікоў і вытворцаў каўбасных вырабаў Збігнеў Новак. — Не хацелася б губляць яшчэ раз і ў Беларусі. Для мяне важная дзяржаўная ўрадавая праграма гарантый інвестыцый. Таму што на маіх прадпрыемствах некаторыя вытворчыя магутнасці прастойваюць, і мы маглі б унесці іх у статутны фонд сумеснага прадпрыемства ў Беларусі».

На думку спадара Новака, такая магчымасць працы беларусаў з польскімі прадпрымальнікамі станоўча адаб'ецца і на інвестыцыях, таму што «гэта будзе не толькі знаёмства паміж людзьмі, але і знаёмства з новымі тэхналогіямі, што палегчыць іх перанос у Беларусь».

Яшчэ пра адзін бок супрацоўніцтва ў рамках праграмы “Смакі Еўропы” распавёў Пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі Конрад Паўлік. Мова пра прыцягненне на кароткачасовы перыяд працоўнай сілы з Беларусі.

Паводле афіцыйных польскіх дадзеных, легальна ў Польшчы працуе 611 тысяч украінцаў, 9 тысяч малдаван, 7 тысяч 900 беларусаў. «На аснове гэтых дадзеных мы бачым, што попыт на работнікаў з іншых краін расце на фоне зніжэння беспрацоўя ў Польшчы», — адзначыў спадар Паўлік. Ён падкрэсліў, што Польшча гатовая прымаць на кароткачасовы перыяд (ад аднаго да шасці месяцаў) працаўнікоў з Беларусі не толькі ў сельскую гаспадарку, але і ў іншыя сектары эканомікі.

Для гэтага неабходна сварыць канкрэтную структуру, якая б акумулявала заяўкі ад польскіх вытворцаў на працаўнікоў з Беларусі і займалася пошукам працаўнікоў.

Ужо ёсць польскія кампаніі, якія хацелі б стаць такімі пасярэднікамі. “Мы высвятляем, якая працэдура атэстацыі і сертыфікацыі для гэтага патрабуецца ў Беларусі», — паведаміў спадар Пасол.

Ён адзначыў, што гэта толькі пачатак шляху «сістэмнага вызначэння рамак для пошуку працы ў Польшчы».

«Мы гатовыя прымаць працоўныя рукі з Беларусі. Гатовыя гарантаваць нармальныя ўмовы працы, сацыяльны пакет і годны заробак», — падкрэсліў Лукаш Халубоўскі.

Гэтак жа Польшча гатовая і да іншай супрацы з Беларуссю.

Па словах кіраўніка праграмы «Смакі Еўропы», прэзідэнта Асацыяцыі Мяснікоў і вытворцаў каўбасных вырабаў Польшчы Пятра Зэмана, апытанні польскіх прадпрымальнікаў паказваюць, што сярод прыярытэтаў супрацоўніцтва яны называюць менавіта Беларусь.

Але, падкрэслім, што для гэтага супрацоўніцтва мала толькі жадання. Польскі бок чакае ад беларускага зняцця гандлёвых бар’ераў, гарантый бяспекі інвестыцый і супрацы ў пытаннях трансферу працоўнай сілы. Ці гатовыя беларускія ўлады да рэальных крокаў у гэтым накірунку, пакажа час.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: