Як не стаць ахвярай афіцыянцкай «мафіі»

Ці заўсёды вы абсалютна задаволеныя наведваннем кавярні ці рэстарана — як вас накармілі і абслугоўвалі? Прапануем лайфхакі: каб эканоміць, не стаць ахвярай падману з боку афіцыянтаў і адміністратараў, быць гатовымі да маркетынгава-псіхалагічных хітрыкаў з боку рэстаранаў, а таксама як не варта сябе паводзіць і, наадварот, чаго не трэба саромецца рабіць.


Ці задумваліся вы, чаму стравы ў меню не пазначаныя па коштавай градацыі? Гэта ж было б так зручна наведнікам! Бо мы хочам паесці не толькі смачна, але і ашчадна. Аказваецца, меню друкуюць з пэўнымі разлікамі, як вярстаюць газеты, — з акцэнтаваннем увагі кліента на пэўныя стравы. Самыя дарагія могуць абводзіцца рамкай ці вакол іх будзе больш пустой прасторы, каб кідалася ў вочы ў першую чаргу.

Таму самае галоўнае — вызначыцца з мэтай наведвання рэстарана і трымацца яе. Калі банальна паесці, то выбірайце вядомыя хадавыя стравы: будзе і танней, і чакана па смаках ды аб’ёмах. Калі гэта ў вас накшталт эстэт-культпаходу, каб пабавіць час у прыгожым месцы і разнастаіць свой рацыён, то будзьце гатовыя раскашэліцца — і да сюрпрызаў.


Каб не плюнулі ў суп

Рэдка калі ўстановы грамхарчу падрабязна апісваюць прапанаваныя стравы: усе інгрэдыенты ці каларыйнасць. Закон гэтага і не вымагае, але вы можаце распытаць пра ежу з меню вельмі падрабязна. Будзьце ўважлівыя. Напрыклад, калі кошт рыбы ўказаны за 100 грамаў, то пацікаўцеся прыкладнай выніковай вагой таго, што вам прынясуць. Расповедныя кансультацыі акурат уваходзяць у абавязкі афіцыянта, а не толькі механічная праца «прынясі-падай-аднясі». А тое і не саромцеся ў незнаёмым месцы яшчэ на ўваходзе папрасіць меню для вывучэння. На жаль, у Беларусі чамусьці няма такой завядзёнкі, як у Заходняй Еўропе, каб вывешваць інфармацыю пра асноўныя некалькі дзясяткаў страў перад дзвярыма рэстарана. Гэта элементарная эканомія часу і наведніка, і персаналу.

Дарэчы, будзьце ветлівыя з афіцыянтамі. Як яны самі прызнаюцца, асабліва не варта сварыцца з імі з нейкай нагоды перад тым, як вам прынясуць замоўленае. Бо многія подла помсцяць за павышаны тон ці фанабэрыю. Можаце самі ўявіць, як. Могуць плюнуць у суп ці наліць піва з рэштаў-недапіткаў папярэдніх наведнікаў.

Як слушна сябе паводзіць, калі прынесеная вам страва не падобная да выявы ў меню, калі абяцаны час прыгатавання істотна пратэрміноўваецца, калі ў салаце не базілік, а шпінат, ужо не кажучы пра валасы і мух у супе?

Выказвайце прэтэнзіі! Калі, скажам, замоўленую страву мусілі прынесці праз паўгадзіны, а вы прачакалі гадзіну, то можаце смела сыходзіць, не плацячы. Калі ў салаце не зусім тая зеляніна, якая павінна быць, можна далікатна выскандаліць сабе зніжку на яе, ці нават бясплатную замену аналагам. Калі раптам у вас форс-мажор: вы павінны ехаць па працоўных справах, а замову ўжо зрабілі? Не ўцякайце цішком і не нервуйцеся. Дамоўцеся, што заплаціце толькі за страву, якую ўжо пачалі гатаваць, а замову астатніх прасіце скасаваць.


Чаявыя, «узятыя зморам»

Як у рэстаранах падманваюць наведнікаў і як хітруюць абсалютна законна? Вашы інтарэсы тут могуць часам нават супадаць.

Напрыклад, інтэр’ер і месцы. Нятанныя рэстараны стараюцца расстаўляць сталы-крэслы падалей адны ад адных, каб вы сядзелі як мага больш утульна і асобна ад астатніх наведнікаў. Паводле даследаванняў, людзі замаўляюць і ядуць больш, калі ніхто ў іх не ўтаропліваецца поглядам. І бавяць час тады даўжэй, замаўляюць дадатковыя стравы і напоі. Адпаведна, наадварот: фаст-фудныя ўстановы грамадскага харчавання пакідаюць менш прасторы і выкарыстоўваюць мулкія крэслы, а не мяккія. Стаўка робіцца на кліенцкую масавасць.

Калі напрыканцы застолля вам прыносяць нейкую дэсертную смачнюшку ці кілішак наліўкі, то гэты камплімент ад установы — і ветлівасць, і псіхалагічны захад. Здагадаліся, на што скіраваны? Гэта каб вы не забыліся пакінуць чаявыя або, каб даючы іх, былі больш шчодрымі.

Што да рэшты, то з ёй часта любяць марудзіць курортныя рэстараны. Разлік на тое, што ў турыста скончыцца цярплівасць чакаць свае некалькі еўра — і ён сыдзе. Так, у прынцыпе, часцяком і адбываецца. І афіцыянты гарантавана здабываюць чаявыя. Для іміджу ўстановы рызыкі няма, бо турыст відавочна сталым кліентам не стане. Напачатку ж вашага застолля будзьце асцярожныя з замаўленнем звычайнай вады — выразна кажыце пра тое, які аб’ём вам патрэбны. Бо часта прыносяць ваду ў маленькіх бутэльках ад дарагіх вытворцаў. У шумных курортных грамхарчах таксама любяць уключаць у рахунак вамі не замоўленае: разлік на тое, што на адпачынку людзі не так пільна сочаць за сваімі выдаткамі.

Пад знакам Недаліваў

Зрэшты, тым самым займаюцца і ў беларускіх кафэ ды рэстаранах, асабліва калі туды завітваюць вялікія кампаніі добра выпіць. Іншае махлярства палягае ў тым, што замест дарагога алкаголю падчас працяглага застолля і з увагі на кандыцыю наведнікаў пачынаюць прыносіць значна таннейшы, ці разбаўляюць яго. А недаліваюць, як і не дакладаюць, яшчэ цвярозым.

Самае ж спрыяльнае для круцельстваў — банкеты. Персанал установы грамадскага харчавання, які абслугоўвае нейкую ўрачыстасць, папросту прысабечвае частку замоўленых для гасцей страў і прынесенага арганізатарамі свята алкаголю. Натуральна, у непрыкметных маштабах. Умоўна кажучы, замест 50 бутэрбродаў выносяцца на стол 45, а замест 10 пляшак гарэлкі выстаўляюцца 9. Адсачыць гэта практычна немагчыма.

Часам афіцыянты любяць прыкінуцца, што завіс плацёжны тэрмінал або прынтар. То-бок, няма магчымасці выдрукаваць чэк і разлічыць наведніка як належыць. Тады прапануецца «чэк ад рукі» або пачакаць, калі «сістэма запрацуе». Натуральна, мала хто згодны губляць час — і разлічваецца паводле прапанаванай схемы. Затым ваша замова афіцыйна нідзе не праводзіцца. Афіцыянт папросту кладзе заплачаныя вамі грошы сабе ў кішэню. У долі можа быць кухар ці адміністратар.

Прыкладна гэтак жа можна круціць з рознымі зніжкавымі і бонуснымі праграмамі для кліентаў. Скажам, прыйшоў звычайны кліент, паеў, заплаціў, ягоны чэк адмяняецца і праводзіцца так, нібыта харчаваўся чалавек з базы кліентаў у камп’ютары, якія маюць зніжку. Розніца — даход афіцыянта. Дакладней, здабытак.

Пры такіх махлярствах афіцыянтам ці адміністратарам даводзіцца аднавіць рэстарану, напрыклад, выпіты наведнікамі алкаголь. Гэта робіцца проста: або пакупкай у краме, дзе ён будзе каштаваць нашмат танней, або праз недалівы ці празмернае накладанне ў напой лёду іншым кліентам. Тое самае з недакладаннямі ў стравы, недасыпамі арэшкаў і гэтак далей. Рука тут у афіцыянтаў ды барменаў ва ўстановах, дзе няма пільнага кантролю гаспадароў, набітая ладна.


«Таемны пакупнік»

То-бок, церпяць ад махлярстваў і ўладальнікі грамхарчу. Калі завяліся такія камбінатары, то выручка можа падаць нават на траціну. У дапамогу гаспадарам — відэакамеры, надзейныя адміністратары з ліку сяброў ці сваякоў і з прыстойным заробкам. А таксама паслугі кшталту «таемны пакупнік».

Аўтар гэтых радкоў у свой час пабываў у такой ролі. Тады яшчэ ў Беларусі не было фірмаў, якія прапаноўвалі гэтую паслугу, і я стаў «таемным пакупніком» на замову ўкраінскай фірмы. Мэтай была праверка адной з мінскіх піцэрый: прыйсці, зрабіць замову, паесці, а затым справаздачна апісаць свой паход туды. Ад ступені ветлівасці афіцыянта да часу прыгатавання замоўленых страў. Нават папрасілі апісаць уражанне ад прыбіральні — ці прыбраная паводле графіку. Карацей, усе плюсы ды мінусы з пункту гледжання звычайнага наведніка. На 15 долараў у эквіваленце можна было паесці за выключэннем алкаголю, і яшчэ ў 15 была ацэненая мая канспіралагічная праца дзеля ўдасканалення ўстановы.

Для гаспадара кафэ ці рэстарана падобны кантроль — не толькі прафілактыка фінансавых нядобрасумленнасцяў працаўнікоў, але і клопат пра імідж установы. Цяпер часы такія, што негатыўная пагалоска і «сарафаннае радыё» сталі значна больш рэзананснымі і ўплывовымі. Правільна: дзякуючы сацыяльным сеткам і сайтам, якія акумулююць водгукі пра розныя крамы ды грамхарч. Так што мы з вамі здатныя ўздзейнічаць на тых, хто нас корміць па-за домам.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!