Амаль без вірусаў

Інфармацыйныя сайты запоўнілі навіны пра каронавірус. Нават такія спецыфічныя рэсурсы, як фінансавыя парталы, надаюць больш увагі хваробе, чым уласна эканамічнай сітуацыі. Зразумела, вірус уплывае на эканоміку — але ж не толькі ён!

Зразумела, што глабальныя і лакальныя наступствы пандэміі будуць адчувацца ў свеце вельмі сур’ёзна, і Беларусь тут — не выключэнне. Найперш, канешне, пацерпяць авіяперавозкі — з-за таго, што большасць краін закрылі свае межы. Несалодка давядзецца турыстычнаму бізнесу — варта чакаць зніжэння ўнёску гэтых паслуг (як экспарту, так і імпарту) у бюджэт дзяржавы. Пацерпіць індустрыя забаваў — кіно, тэатры, цырк і канцэрты. Затое моцна падымуцца медычныя і калямедычныя паслугі. А таксама, напэўна, варта чакаць усплёску нараджальнасці — бо што яшчэ рабіць людзям у каранціне?

І без каронавіруса розныя эксперты-эканамісты прадказвалі рэцэсію ці нават крызіс у 2020-м. Але бяда звалілася, адкуль не чакалі. І таму прадпрымальнікі ва ўсім свеце заклапочаныя сваім выжываннем. Беларусь — не выключэнне.

Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва накіравала прэм’ер-міністру Сяргею Румасу, а таксама ў Адміністрацыю прэзідэнта ліст з просьбай стварыць пры Саўміне працоўную групу, каб яна выпрацавала комплекс захадаў для падтрымкі бізнесу падчас пандэміі каронавіруса. «Ужо на дадзеным этапе шэраг сектараў эканомікі, у прыватнасці, турызм, перавозкі і іншыя, сутыкаюцца з негатыўнымі наступствамі пандэміі захворвання ва ўсім свеце», — гаворыцца ў лісце.

Канфедэрацыя лічыць, што Беларусі неабходна «выпрацаваць комплекс мераў падтрымкі і стымулявання прадпрымальніцтва ў галіне турызму, транспартных перавозак, гандлю, паслуг і вытворчасці, а таксама па ліквідацыі стратаў».

У прыватнасці, размова ідзе пра тое, каб спрасціць часовы перавод работнікаў на дыстанцыйную працу, замарозіць і адтэрмінаваць унясенне арэнднай платы, аплату камунальных паслуг, доступу ў інтэрнэт і іншае, калі прадпрымальнікі часова не будуць выкарыстоўваць офісы і гандлёвыя памяшканні.

Апроч гэтага прапануецца ўвесці «падатковыя канікулы», каб кампенсаваць арандадаўцам страты і страчаную выгаду. «Варта было б прыпыніць або, магчыма, перанесці на 1–2 года выплату падаткаў на прыбытак, ПДВ, ФСАН, штрафных плацяжоў і пені», — лічыць старшыня вышэйшай каардынацыйнай рады Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін.

Варта зазначыць, што прадпрымальнікі дбаюць не толькі пра сваю кішэню. Канфедэрацыя прапануе даваць льготныя альбо беспрацэнтныя крэдыты прадпрыемствам, медыцынскім і фармацэўтычным арганізацыям, кампаніям транспартнай сферы і іншым, хто задзейнічаны ў пераадоленні распаўсюджвання пандэміі.

Зразумела, гэтыя захады адаб’юцца на бюджэце краіны не ў лепшы бок. Можа быць, усё ж скараціць армію ідэолагаў?

Нягледзячы на каронавірус, Лукашэнка сабраў вялікую нараду з удзелам усяго складу ўрада, кіраўніцтва парламента і Адміністрацыі прэзідэнта, старшыняў райвыканкамаў, каб падвесці вынікі 2019 года. З сумам ён быў вымушаны канстатаваць: «Хваліцца асабліва няма чым» (у прынцыпе, гэта можна казаць штогод апошнюю дзесяцігодку). З аднаго боку, ёсць рост рэальных наяўных даходаў насельніцтва, у тым лiку заработнай платы, пенсій на 6%, дасягнуты нізкі ўзровень інфляцыі ў краіне — 4,7%. На траціну ўдалося нарасціць золатавалютныя рэзервы, і нават крыху знізіць валавы знешні доўг.

З іншага боку, не дасягнутыя чатыры з сямі (!) найважнейшыя паказчыкі, па якіх ацэньваецца эфектыўнасць дзейнасці ўрада і Нацбанка. Гаворка ідзе пра нарошчванне экспарту, прыток замежных інвестыцый, рост прадукцыйнасці працы і павелічэнне ВУП. «Эканоміка не дасягнула такой ступені ўстойлівасці, каб упэўнена супрацьстаяць уплыву звонку: палітычным настроям, знешнім шокам і іншага роду ўзрушэнням», — крытыкаваў урад беларускі кіраўнік.

Але давайце будзем справядлівыя: хто ў гэтым вінаваты? Хто вызначае і зацвярджае паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця? Хто адказны за прыняцце рашэнняў? Хто падпісваў указы пра мадэрнізацыю нафтаперапрацоўкі, і ўрэшце, палажэнні аб «Саюзнай дзяржаве», якой нас прыціснулі?

Урад працуе ў тых межах магчымасцяў, якія яму ўсталёўвае кіраўнік дзяржавы. Бо немагчыма адначасова выканаць план па росце заробкаў і план па стрымліванні інфляцыі ў эканоміцы, якая не развіваецца. Немагчыма прыцягнуць замежныя інвестыцыі туды, дзе садзяць у турму Баўмгертнера і забіраюць прадпрыемства ў «Мотар Січ». Дый увогуле, немагчымыя інвестыцыі ў краіну, у якой гэтыя інвестыцыі не абароненыя незалежнай судовай сістэмай.

Таму — уся справа толькі ў межах магчымасцяў. Напрыклад, загадаў Лукашэнка знайсці нафту ў абыход Расіі — і гэта было зроблена. У порт Адэсы прыбыў ужо другі танкер з азербайджанскай нафтай для Беларусі, і ўжо пачалася яе перапампоўка з порта па нафтаправодзе «Адэса-Броды». Раней прыплылі 90 тысячаў тон нафты, цяпер — 80 тысячаў, усяго дамоўленасць з Азербайджанам прадугледжвае пастаўку 250 тысячаў тон нафты.

Пытанне, зноў жа, у тым, колькі гэта будзе каштаваць. Напрыклад, пастаўкі нафты з Азербайджана ў Беларусь праз «Адэса—Броды» ажыццяўляліся і ў 2011 годзе. Кантракт прадугледжваў пастаўкі 4 мільёнаў тон, аднак фактычны аб’ём адгрузак склаў каля 900 тысячаў тон.

На гэтым фоне вельмі цікавая навіна прыйшла з Еўразійскай эканамічнай камісіі. На мінулым тыдні Лукашэнка падпісаў указ пра развіццё электратранспарту. Шмат хто адзначыў, што ён паўтарае захады аналагічнага ўказу 2018 года. Крытыкі заўважалі, што павелічэнне папулярнасці электрамабіляў у Беларусі магчымае толькі пры ўмове, калі ўвазная пошліна на іх будзе роўная нулю. Беларусь не магла гэта зрабіць самастойна, бо Расія была супраць. А паколькі ў нас ЕАЭС, мы гэта зрабіць не маглі. Сінявокая неаднойчы падымала гэтае пытанне ў ЕАЭС, і вось — даціснулі. Савет ЕАЭС абнуліў стаўку ўвазной мытнай пошліны адзінага мытнага тарыфу ЕАЭС на электрамабілі.

Нулявая стаўка будзе дзейнічаць да 31 снежня 2021 года ўключна і ўжывацца пры імпарце электрамабіляў у ЕАЭС як юрыдычнымі, так і фізічнымі асобамі.

Варта чакаць з’яўлення на нашых дарогах электракараў і большай папулярнасці «зялёнага транспарту». І навошта нам тады тая нафта?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: