Антынародны парламент

Паводзіны «народных абраннікаў» мяне шчыра здзіўляюць. Падаецца, у такую структуру, як Палата прадстаўнікоў, набіраюць людзей, збольшага прынцыпова бесхрыбтовых. Канешне, мы ўсе ведаем, як у краіне праходзяць выбары, і тое, што нашы «дэпутаты» — хутчэй прызначаныя, чым абраныя. Але хаця б для бачнасці яны маглі б сказаць сваё слова за народ?


Ужо некалькі тыдняў увага жыхароў Беларусі прыкутая да «закону Раўкова» — новых правілаў прызыву ў войска, якія, дэ-факта, адмяняюць адтэрміноўкі службы ў войску для тых, хто хоча працягнуць навучанне. З-за гэтага неяк выпаў з увагі іншы, не менш рэзанансны дакумент. 26 чэрвеня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў перанеслі ў Працоўны кодэкс нормы дэкрэта №29 ад 26 лiпеня 1999 года «Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносінаў, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны», які замацаваў сістэму паўсюднага пераходу на тэрміновыя працоўныя кантракты, і дэкрэта №5 ад 15 снежня 2014 года «Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый».

«Раней гэтыя дэкрэты насілі часовы характар, а цяпер атрымалі статус закона. Цяпер свабода караць — для наймальніка, для работніка ж — рабства», — ацаніў новаўвядзенні ў заканадаўства лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч.

Супраць дэкрэтаў №29 і №5 неаднаразова выказвалася Міжнародная арганізацыя працы, іншыя міжнародныя арганізацыі, беларускія незалежныя прафсаюзы. Але зараз гэта — ужо закон.

Незалежныя прафсаюзы доўгі час дамагаліся вяртання ў Працоўны кодэкс бестэрміновых кантрактаў для большасці работнікаў. Толькі з пэўнай групай грамадзян яны прапаноўвалі заключаць кароткатэрміновыя кантракты — гэта сезонныя рабочыя, галоўныя бухгалтары, кіраўнікі прадпрыемстваў. На думку многіх, кароткатэрміновыя кантракты (як правіла, на год) ствараюць для працоўных кепскія ўмовы. Кепскія ў тым, што пад пагрозай непадаўжэння кантракту людзі баяцца адстойваць свае правы. А значыць, знаходзяцца ў поўнай залежнасці ад кіраўніцтва прадпрыемства ці арганізацыі.

Насамрэч, у кароткатэрміновых кантрактах ёсць і іншы бок медаля. Справа ў тым, што працаўнікі, з якімі падпісаны кароткатэрміновы кантракт, перад заканчэннем яго тэрміну адчуваюць стрэс, бо не ведаюць, ці падоўжаць яго, і на якіх умовах падоўжаць. Больш за тое, працоўныя, што знаходзяцца на кароткатэрміновай дамове, з-за такой нявызначанасці не зацікаўленыя развівацца, падвышаць узровень сваёй кваліфікацыі, працаваць на перспектыву. «Навошта прыкладаць да гэтага высілкі, калі праз год я магу тут ужо і не працаваць?» — думаюць яны.

І ўсё больш становіцца тых, хто працуе «ад кантракту да кантракту». Пра якую мадэрнізацыю вытворчасці, падвышэнне якасці прадукцыі, перспектывы развіцця прадпрыемства можа ісці гаворка, калі чалавек не ўпэўнены ў заўтрашнім дні?

Але нашым дэпутатам гэтыя аргументы, як і меркаванне адмыслоўцаў, і міжнародных экспертаў, і меркаванне саміх выбаршчыкаў — да зоркі колеру бэзу. Галоўнае — спадабацца таму, хто прызначае дэпутатаў. Тады, можа быць, і «перазаключаць кантракт» на чарговы тэрмін.

На тыдні з чарговай справаздачай у Радзе па правах чалавека ААН выступіла Спецдакладчык ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марын. Яна, праўда, не змагла прыехаць у Беларусь, бо беларускія ўлады не прызнаюць мандат спецдакладчыка. Але яе справаздача не была арыгінальнай, як не былі арыгінальныя ўсе падобныя дакументы. Бо, згодна з яе высновамі, сітуацыя з правамі чалавека ў нашай краіне стабільна нездавальняючая, без істотных паляпшэнняў.

Анаіс Марын звярнула ўвагу на змены ў заканадаўстве аб СМІ, «відавочна накіраваныя на тое, каб запалохаць крытыкаў, змушаючы іх да самацэнзуры»; адзначыла «неправамерныя абмежаванні свабоды аб’яднанняў і мірных сходаў». У дакладзе згадваюцца непаўналетнія, асуджаныя па «наркатычных» артыкулах, і ўмовы іх утрымання ў калоніях, дыскрымінацыя асобных груп грамадзян, напрыклад, ромаў і ЛГБТ. Асобна яна прайшлася па сумнавядомай «справе БелТА», калі былі затрыманыя дзясяткі журналістаў і рэдактараў, і ў чарговы раз згадала наяўнасць у Беларусі смяротнага пакарання.

Але тое, што выклікае занепакоенасць у «сусветных дэмакратыяў», беларускія дэпутаты лічаць, наадварот, ледзь не дасягненнямі. На інтэрнэт-платформе па зборы подпісаў рetitions.by было патрабаванне скасаваць «забараняльную» аплату на масавых мерапрыемствах працы міліцыі, медыкаў, камунальнікаў і іншых. У выніку «аплата мітынгу» складае каля 5 тысяч рублёў, што выглядае фантастычнай сумай, і не кожнай арганізацыі (а тым больш прыватнай асобе) па кішэні.

Старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Валянціна Ражанец у адказе на петыцыю адзначыла, што свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетаванняў, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян, гарантуецца дзяржавай у адпаведнасці з Канстытуцыяй, аднак парадак іх правядзення вызначаецца законам аб масавых мерапрыемствах.

«Дзеючае заканадаўства ўтрымлівае механізм рэалізацыі названага канстытуцыйнага права, — кажа парламентарый. — Разам з тым яго ажыццяўленне закранае правы, свабоды і законныя інтарэсы іншых асоб. З улікам гэтага асаблівую значнасць набывае прававы пастулат пра тое, што правы аднаго заканчваюцца там, дзе пачынаюцца правы іншага. Для забеспячэння неабходнага ўзроўню бяспекі пры правядзенні масавых мерапрыемстваў патрабуецца адцягненне сіл і сродкаў органаў унутраных спраў, медыцынскіх устаноў і камунальных службаў ад выканання планавых задач».

Ражанец сцвярджае, што аплата паслуг міліцыі, медыкаў і камунальных службаў падчас масавага мерапрыемства з’яўляецца «гарантыяй захавання балансу правоў, свабодаў і законных інтарэсаў». Акрамя таго, «унясенне аплаты арганізатарамі таго ці іншага масавага мерапрыемства таксама свед­чыць пра клопат з іх боку аб удзельніках гэтага мерапрыемства».

Ну і, канешне ж, дэпутатка лічыць, што «ўнясенне зменаў у закон не патрабуецца».

Выбары ў парламент, меркавана, пройдуць праз чатыры месяцы. Цікава, што скажа спадарыня Ражанец, калі ЯЕ папросяць заплаціць за такое масавае мерапрыемства, як перадвыбарчы пікет ці сустрэчу з выбаршчыкамі?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!