Арменія. За Маскву або за Брусель?

Атрымліваецца, што магчымы адначасовы ўдзел постсавецкай дзяржавы ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) і ў Асацыяцыі з Еўрасаюзам

Серж Саргсян, кіраўнік Арменіі — краіны-сябры Еўразійскага саюза — 24 лістапада падпісаў дамову пра Асацыяцыю з Еўрасаюзам, што выклікала шмат каментараў.

Справа ў тым, што розныя нюансы падпісання Асацыяцыі Украіны і ЕС сталі ў 2013-м пралогам Еўрамайдану. Аднак у Арменіі ніякага палітычнага крызісу, падобнага на ўкраінскі, не назіраецца.


Зараз атрымліваецца, што магчымы адначасовы ўдзел постсавецкай дзяржавы ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) і ў Асацыяцыі з Еўрасаюзам. Міжволі ўзнікае думка, што ва ўсходняй палітыцы ЕС адбываецца нешта глабальнае. Раней Дамова пра Асацыяцыю абавязкова разглядалася як сістэмны выбар краіны на карысць еўрапейскай інтэграцыі. Тое ж самае тычыцца і Масквы, якая прынцыпова не дазваляла краінам-сябрам ЕАЭС ствараць зоны вольнага гандлю з ЕС.

На думку некаторых экспертаў, прыклад Арменіі дазваляе казаць пра тое, што ў Маскве і Бруселі адбылася адмова ад жорсткага прынцыпу «або — або», і зроблены крок у напрамку іншага падыходу — «і — і». Ці будзе гэта азначаць, што ў краінах СНД палітычная крэда перастане фармавацца па крытэру: «за Маскву або за Брусель?» Праўда, гэта толькі версія.

Таксама нельга ігнараваць вельмі спецыфічны статус Арменіі ў сістэме падтрымкі стабільнасці на Каўказе. Наўрад ці на Захадзе або на Усходзе зацікаўленыя, каб у Ерэване прыхільнікі розных геапалітычных курсаў перасварыліся, справакаваўшы рэгіянальны канфлікт.



Каментаваць