Аўкцыён незвычайнай шчодрасці. За чый кошт?

Нядаўна краем вуха пачуў нейкую перадачу з вядомым журналістам і тэлевядучым Уладзімірам Познерам. У ёй разважалася пра COVID-19 і яго наступствы. Познер, грамадзянін ЗША і недурны чалавек, пагаджаўся з тым, што цяпер у эканоміцы Расія знаходзіцца ў «воку тайфуну». У цэнтры тайфуну падаецца, што ўсё спакойна. Але варта зрабіць крок улева-ўправа — і ты трапіш ва ўраган.

Фота Andre Victor

Прыкладна тое ж самае можна сказаць і пра Беларусь. Мы яшчэ не вельмі адчулі наступствы эпідэміі. Перавод працоўных на аддаленую працу і адпраўленне іх у «вымушаныя адпачынкі» — гэта ўсё нам будзе падавацца кветачкамі. Бо мы таксама цяпер у «воку тайфуну».

Днямі беларускія эканамісты выдалі свой прагноз па далейшым развіцці айчыннай эканомікі — а дакладней, яе неразвіцці. Старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Дзмітрый Крук адзначыў, што «калі на ўнутраную сітуацыю не будуць уплываць пазаэканамічныя шокі, кшталту другой хвалі пандэміі ці палітычных фактараў, будзе млявая рэцэсія». Цяпер яе крыху запаволілі падтрымкай дзяржпрадпрыемстваў, вытворчасцю «на склад», але гэта адгукнулася істотным пагаршэннем фінансавага становішча прадпрыемстваў, што будзе затарможваць магчымасць аднаўлення. Пры такім сцэнары па выніках года падзенне складзе 3–3,5% ВУП.

То-бок, мінус тры з паловай працэнты ВУП — гэта найлепшы сцэнар. А наконт найгоршага Крук заўважае, што «негатыўным знешнім фактарам можа стаць скачок абменнага курсу беларускага рубля, звязаны са змяненнем курсу расійскага рубля. Некалькі фактараў могуць прывесці да скачка курсу расійскага рубля, — кошт нафты, балансіроўка расійскага бюджэту».

А цяпер узгадаем, што казаў Познер. Увосень нас, услед за Расіяй, чакае выхад з таго самага «вока тайфуна». І тады мы, як кажуць, аграбем напоўніцу.

Эканамічны аналітык Аляксандр Васільеў адзначае, што сённяшні шлях, абраны ўладамі, — забарона на згортванне вытворчасці, звальненняў і зніжэння заробку, — вядзе ў нікуды. «Пакуль прадпрыемствы за кошт уласных рэсурсаў падтрымліваюць зададзены курс, а далей мы сутыкнёмся з праблемай рэалізацыі складскіх запасаў і канчатковым вымываннем уласных сродкаў у прадпрыемстваў, спыненнем далейшага крэдытавання банкамі такой дзейнасці».

«Трывожныя званочкі» ўжо звіняць. Чатыры будынкі на вуліцы Даўгабродскай у Мінску, якія знаходзяцца ва ўласнасці завода аўтаматычных ліній, будуць выстаўлены на аўкцыён — адпаведная пастанова Савета Міністраў апублікавана на нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Паведамляецца, што па стане на 6 лістапада 2019 года рынкавы кошт без уліку ПДВ на выстаўленыя на аўкцыён аб’екты складаў ад 750 тысяч рублёў да 3 мільёнаў 744 тысяч рублёў.

Як тут ні згадаць словы Лукашэнкі пра тое, што нехта «дарвецца да ўлады» і «прадасць прадпрыемствы за капейкі»! Улада яшчэ не змянілася, але ўжо цяпер можна набыць завадскі будынак па кошце элітнай кватэры ў Мінску. А за адзін катэдж былога віцэ-прэм’ера і былога міністра аховы здароўя Васіля Жарко (катэдж ацанілі ў 700 тысяч долараў) можна набыць аж два будынкі прадпрыемства (з мінімальным коштам, канешне).

Між тым, іншым разам неабавязкова нават нешта набываць. Паказальны ў гэтым плане выступ кіраўніка дзяржавы ў Брэсце наконт шматпакутнага завода «Ай Паўэр». Як перадала яго словы СТВ, Лукашэнка наконт змены ўласніка завода сказаў: «Калі гэтае пытанне паўстала… Ён (Баскаў, трэнер хакейнай каманды Лукашэнкі. — аўт.) прыйшоў з гэтым чалавекам... Калісьці ў Іспаніі жыве або жыў, вось цяпер пандэмія выкінула адтуль. «Хачу заводы». Госпад з табой… Я кажу: вось удвох ідзіце… Вось была размова якая. Я вам шчыра прызнаюся».

Не датычна праблемы завода, яго шкоднасці і экалагічных парушэнняў, варта зазна­чыць, што ў прадпрыемства быў уласнік. Завод належаў 1AK-GROUP. А тут да Лукашэнкі прыхо­дзіць «чалавек чалавека», знаёмы хакейнага трэнера, ці не з вуліцы (Лукашэнка нават яго прозвішча не памятае!) і кажа: «Хачу завод». І Лукашэнка: «На табе завод». Прычым, нават не разбіраючыся, у чыёй уласнасці гэтае прадпрыемства, хто яго будаваў, хто колькі грошай у яго ўклаў. Проста забраць завод у ранейшага ўласніка і аддаць «знаёмаму харошага чалавека».

І пры гэтым кіраўнік краіны палохае нас вяртаннем у «ліхія 90-я»! Дык, з ласкі Лукашэнкі, аказваецца, мы ўжо ў іх! Тое, у чым прызнаўся кіраўнік краіны, — гэта ж проста «рэйдарскі захоп» якраз у стылі «браткоў» з 1990-х!

«Аўкцыён незвычайнай шчодрасці» працягваецца. На тыдні стала вядома, што ў сакавіку 2020 года, згодна з рашэннем Лукашэнкі, экс-прэзідэнту Кыргызстана Курманбеку Бакіеву, які збег у Беларусь пасля рэвалюцыі 2010 года, выдалі ўчастак у 45 сотак каля рэзідэнцыі Лукашэнкі на Мінскім моры. Участак Бакіеву прадастаўлены ў пажыццёвае спадчыннае валоданне на падставе рашэння Мінаблвыканкама з грыфам «Для службовага карыстання», прынятага ў адпаведнасці з рашэннем Лукашэнкі.

Курманбек Бакіеў, яго сваякі і сябры збеглі з Кыргызстана пасля таго, як у 2010 годзе ў цэнтры Бішкека адбыліся сутыкненні паміж уладай і апазіцыяй, падчас якіх больш за 80 чалавек былі забітыя, больш за 300 пацярпелі. 70-гадовы экс-кіраўнік Кыргызстана быў завочна прысуджаны да 30 гадоў пазбаўлення волі, але Беларусь яго на радзіму ўпарта не выдае. Таксама адзначым, што ў 2015 годзе Бакіеў пабудаваў дом у мікрараёне Лябяжы ў Мінску, які ў 2019-м падарыў дачцэ.

Тым часам прадпрымальніцкая арганізацыя «Перспектыва» апытала 308 ІП рознічнага гандлю з рэгіёнаў і сталіцы, у якім папрасіла ацаніць бягучае становішча прадпрымальнікаў у параўнанні з вясновым перыядам. Варыянт адказу «становішча пагоршылася, працуем з апошніх сіл, патрэбная фінансавая падтрымка» выбралі 63,2% апытаных. Рыхтуюць дакументы для закрыцця бізнесу 16,6% прадпрымальнікаў. Толькі 12,1% рэспандэнтаў адзначылі стабілізацыю становішча.

«Улады павінны прыняць да ўвагі гэтыя вынікі, каб карэктаваць свае дзеянні па падтрымцы малога бізнесу, не аднойчы заяўленыя ўрадам», — гаворыцца ў каментары да вынікаў апытання.

Аднак пакуль падтрымка прадастаўляецца каму заўгодна — альбо ўцекачу з Кыргызстану, альбо таму, хто «жыў ці жыве ў Іспаніі». Толькі не беларусам.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: