Балыкін: Улады з самага пачатку дапусцілі памылку, калі ўвялі практыку выплаты адзінага падатку рознічнымі гандлярамі

Беларускія ўлады з самага пачатку дапусцілі памылку, калі ў 1990-х гадах увялі практыку выплаты адзінага падатку індывідуальнымі прадпрымальнікамі — рознічнымі гандлярамі. Такое меркаванне выказаў БелаПАН кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін, каментуючы сённяшнюю нараду ў кіраўніка дзяржавы па праекце ўказа "Аб некаторых пытаннях рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі".



"Па сутнасці, у 1990-х гадах прэзідэнт адкупіўся ад малога бізнесу, прапанаваўшы яму магчымасць штомесяц выплачваць своеасаблівы аброк узамен на магчымасць пазбегнуць бюракратычнай каніцелі. Я нават не буду засяроджваць асаблівую ўвагу на тым, што такое паўшальнае падаткаабкладанне больш характэрна для сярэднявечных дзяржаў і дзяржаў Старажытнага свету, і такімі метадамі не варта карыстацца ў індустрыяльнай і постіндустрыяльнай эканоміцы", — сказаў эксперт.
 

Балыкін канстатаваў, што беларуская дзяржава ў 1990-х гадах не захацела стварыць нармальныя ўмовы для малога бізнесу, не захацела зрабіць працу з дакументамі зручнай і камфортнай, з мінімальнай колькасцю папер, простымі правіламі іх запаўнення, "а палічыла за лепшае вылучыць з ліку прадпрымальнікаў самы шумны слой і дало яму магчымасць працаваць у адносна камфортных умовах". "І большасць цяперашніх праблем малога гандлёвага бізнесу выраслі на глебе тых рашэнняў", — упэўнены ён.
 

Эксперт звярнуў увагу на тое, што магчымасць разлічвацца наяўнымі грашыма без якіх-небудзь пацвярджальных дакументаў нарадзіла ценявы рынак валюты з усімі наступствамі, што адсюль вынікаюць. Акрамя таго, сфарміраваўся ценявы рынак крэдытаў, і прадпрымальнікі, вельмі часта не маючы магчымасці атрымаць нармальны банкаўскі крэдыт, звяртаюцца па грашовыя рэсурсы да паўпадпольных ліхвяроў. "Зразумелая справа, што магчымасць гандляваць без дакументаў прыводзіць да таго, што ІП — плацельшчыкі адзінага падатку гандлююць у тым ліку і кантрабандным, і кантрафактным таварам", — адзначыў ён.
 

"Я ніякім чынам не хачу папракнуць ці абвінаваціць у чымсьці прадпрымальнікаў, — заявіў кіраўнік АМіСП. — Сітуацыя, што склалася, гэта не іх віна, а хутчэй бяда. Адказнасць за адсутнасць нармальных умоў для бізнесу ляжыць на беларускай уладзе, якая замест рынкавай эканомікі пабудавала хаатычны базар".
 

Рэцэпт стварэння нармальных умоў для малога бізнесу шырока вядомы, падкрэсліў эксперт. Найперш дзяржава павінна правесці паўнавартасную эканамічную лібералізацыю. "Неабходна ў максімальнай ступені спрасціць дакументаабарот, прычым не толькі для малога, але і для любога бізнесу. Неабходна навесці парадак на валютным рынку, даць магчымасць праводзіць хуткія і недарагія разлікі без лішніх фармальнасцяў у беларускіх рублях і замежнай валюце. Акрамя таго, рэалізаваць шэраг іншых мер, пра якія ўжо неаднаразова гаварылі, у тым ліку пры звароце прадпрымальнікаў у самыя высокія інстанцыі", — канстатаваў кіраўнік прадпрымальніцкай асацыяцыі.
 

"Што да магчымай нішы малога бізнесу, то гэта ўсё ж хутчэй сфера паслуг, чым гандаль, — лічыць эксперт. — Аднак прыход у сферу паслуг і агульнага харчавання ў Беларусі ўсё яшчэ спалучаны з досыць сур'ёзнымі бюракратычнымі цяжкасцямі".

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: