Банкаўскі сектар: занадта шмат дзяржавы

Каля 63% актываў банкаў ўсё яшчэ ў дзяржаўнай уласнасці, што кепска адбіваецца на іх эфектыўнасці. Пра тое гаворыцца ў аглядзе агенцтва S&P «Перспектывы банкаўскай сістэмы Беларусі. Крохкая стабільнасць».


Ацэнкі аднаго з найбольш аўтарытэтных у свеце кансалтынгавых агенцтваў паказваюць, што фінансавы сектар нашай краіны не змог істотна вырвацца наперад у справе прыватызацыі адносна астатняй эканомікі. Сукупная доля дзяржавы ў капітале банкаў прыблізна гэткая, як і ў рэальным сектары (апошняя, па ацэнках міжнародных экспертаў, таксама вагаецца каля 60 %).

З агульным аб’емам актываў у 74 млрд BYN (каля 36 млрд USD) на 1 ліпеня 2019 года банкаўская сістэма застаецца вельмі канцэнтраванай. З 24 банкаў дзве буйныя дзяржаўныя установы — ААТ «ААБ Беларусбанк», і ААТ «Белаграпрамбанк» — складаюць больш за 50% актываў сістэмы і рознічных дэпазітаў», — адзначаецца ў даследаванні S&P.

«Атрутныя» крэдыты

Паколькі дзяржава апрыёры не дужа эфектыўны ўласнік, валоданне вялікай колькасцю актываў прывяло да замаруджвання тэмпаў эканамічнага росту, а ў банкаўскім сектары выразілася ў раздачы так званых дырэктыўных крэдытаў прадпрыемствам ды пад рэалізацыю шматлікіх урадавых праграм. Доўгі час такое фінансаванне вымяралася мільярдамі долараў штогод. Па ацэнках МВФ, у 2011-2014 гадах яно складала ад 4% да 9% ВУП, фарміруючы да 40% крэдытнага партфелю банкаў.

Дырэктыўныя крэдыты выдаюцца па разнарадцы зверху, у выкананне шматлікіх указаў кіраўніка краіны і пастаноў урада, як правіла, без належнага аналізу эфектыўнасці праектаў, плацежаздольнасці грамадзян і прадпрыемстваў ды яшчэ па заніжанай працэнтнай стаўцы. Натуральна, што такія крэдыты патэнцыйна таксічныя для банкаўскай сістэмы і пагражаюць яе стабільнасці. Дагэтуль пазбегнуць значных фінансавых страт банкаў удавалася толькі дзякуючы выплаце за кошт дзяржаўнага бюджэту часткі працэнтаў і асноўнага доўгу пазык.

Складанасці з напаўненнем бюджэту падштурхоўваюць уладу скарачаць аб’ёмы нерынкавага фінансавання, пра што неаднойчы казалі ў Саўміне і Нацбанку. З улікам такіх заяў S&P прагназуе, што ў 2019 годзе аб’ем дырэктыўных крэдытаў у параўнанні з леташнім паказчыкам скароціцца на 35% да 800 млн BYN, але ў сярэднетэрміновай перспектыве яны будуць складаць не менш за траціну ўсіх крэдытаў у банкаўскай сістэме.

Па ацэнках S&P, цяпер доля таксічных крэдытаў складае каля 12 %. Для параўнання, паводле Нацбанка, удзельная вага праблемных актываў на канец чэрвеня 2019 года знізілася да 5,8% супраць 13% годам раней. Аналітыкі агенцтва папярэджваюць, што паляпшэнне афіцыйнай статыстыкі адбылося толькі праз прымяненне рэгулятарам новай методыкі ацэнкі, а таму дынаміка не адлюстроўвае рэальнага стану банкаўскіх актываў.

Мары аб прыватызацыі

Росту сапраўднай эфектыўнасці беларускіх банкаў здольнае паспрыяць іх раздзяржаўленне. Са з’яўленнем новых стратэгічных інвестараў можна разлічваць на прыход перадавых банкаўскіх тэхналогій і прыцягненне найбольш танных фінансавых рэсурсаў на міжнародным рынку капіталу. Агенцтва S&P улічвае намер дзяржавы часткова прадаць свае пакеты ў «Белінвестбанку» і «Банку Дабрабыт», на долю якіх прыпадае адпаведна 6% і 1,6% актываў банкаўскай сістэмы, аднак адначасова кансалцер звяртае ўвагу на нявызначанасць вакол здзелак.

Нагадаем, беларускі ўрад з 2015 года абмяркоўвае продаж блокпакета «Белінвестбанка» — 25 % плюс адна акцыя — Еўрапейскаму банку рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) з перспектывай далейшага адчужэння кантрольнага пакета стратэгічнаму інвестару. У чэрвені 2018 года Саўмін ухваліў здзелку пастановай № 414, а ў ЕБРР тады заяўлялі, што набыць пакет акцый плануюць цягам 6-9 месяцаў, аднак дагэтуль прыватызацыя не адбылася. Пад сумненнем і хуткі продаж акцый ААТ «Банк Дабрабыт», кантрольны пакет акцый якога, згодна з мемарандумам аб прыватызацыі ад 2016 года, планавалася прадаць інвестару да 1 студзеня 2020-га. У нядаўніх выступах старшыня праўлення «Банка Дабрабыт» Ігар Ліхагруд удакладніў, што акрэсленая дата не з’яўляецца рубіконам. Пра тое, што продаж буйных пакетаў акцый двух дзяржбанкаў наўрад ці завершыцца да канца 2019 года, заявіў і старшыня праўлення Нацбанка Павел Каллаўр.

Няма руху па продажы дзяржаўнага пакета акцый ААТ «Прыёрбанк» (6,31 % за 17 млн еўра) усё таму ж ЕБРР, пры тым што прадстаўнікі ўлады яшчэ вясной заяўлялі аб дамоўленасцях па кошце з патэнцыйным пакупніком. Акрамя таго, афіцыйна абвешчана аб скасаванні планаў прыватызацыі самага буйнога гульца на рынку — «Беларусбанка», тады як перамовы аб прыватызацыі Белаграпрамбанка», здаецца, прадметна нават і не пачыналіся.

Замежныя інвестары гатовыя набываць беларускія актывы з дысконтам, які ўлічвае сістэмную і краінавую рызыку, а значыць — танней за кошт капіталу банкаў. Гэта распаўсюджаная практыка для постсавецкай прасторы. Але ўлада Беларусі, здаецца, прымаць правілы рынкавага цэнаўтварэнне не дужа хоча. Між тым, негатоўнасць ісці на цэнавыя саступкі ўжо не раз станавілася прычынай зрыву прыватызацыйных здзелак, таму далейшае раздзяржаўленне банкаўскага сектара апынулася пад сур’езным пытаннем.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!