Банкі ў небяспецы. У Беларусі пяты месяц зніжаецца спажывецкае крэдытаванне.

У канцы жніўня Нацбанк прыкруціў кранік выдачы ліквіднасці ў сістэму. З тых часоў на рынку спажывецкіх крэдытаў адбыліся кардынальныя зрухі.


З 24 жніўня 2020 года НБРБ спыніў пастаянна даступныя аперацыі падтрымкі ліквіднасці банкаў. Першапачаткова забарона дзейнічала да сярэдзіны верасня, але неаднаразова падаўжалася. Цяпер дэдлайн усталяваны на 18 траўня 2021 года, нагадваюць banki24.by.

На рашэнне Нацбанка ў 2020 годзе паўплываў цэлы комплекс прычын. Сярод іх — высокія дэвальвацыйныя чаканні прадпрыемстваў і насельніцтва, а таксама адсутнасць упэўненасці ў заўтрашнім дні ў беларусаў.

Магчыма, нейкія рашэнні будуць прыняты 12 сакавіка. На гэты дзень адкладзена прыняцце рашэння па стаўцы рэфінансавання. Зрэшты, апошнія замеры інфляцыі, інфляцыйных чаканняў і ставак па крэдытах і дэпазітах гавораць не на карысць адмены забарон.

Ужо больш за 10 гадоў у Беларусі дзейнічае забарона на валютнае крэдытаванне фізічных асоб. Таму рашэнні Нацбанка глыбока ўплываюць на стан сегмента крэдытнага рынку.

Рынак спажывецкага крэдытавання насельніцтва бесперапынна звужаецца з верасня. Гэта значыць, што запазычанасць фізічных асоб па спажывецкіх крэдытах скарачаецца ўжо 5 месяцаў запар.

Параўнайце: на 1 верасня абавязацельствы беларусаў па спажывецкіх крэдытах былі роўныя 5,884 млрд. BYN, а да 1 лютага апусціліся да 5,419 млрд. BYN. За гэты перыяд рынак упаў на 465 млн. BYN, або каля 200 млн. долараў. Новых крэдытаў было выдадзена менш, чым кампенсавана старых.

Падзенне рынку спажывецкага крэдытавання не нясе добрых навін для банкаў. Спажывецкія крэдыты — адна з асноўных крыніц заробку банкаў: калі выдаецца менш крэдытаў па рынкавых стаўках, то заробак падае.

Згодна са студзеньскім дакладам намесніка старшыні праўлення Нацбанка Сяргея Калечыца, у 2020 годзе маржа банкаў скарацілася да мінімуму за 13 гадоў. Нават падчас крызісаў 2009, 2011 і 2014-2016 гадоў сітуацыя з маржой была лепшай.

Калі падзенне спажывецкага крэдытавання працягнецца, не выключана, што леташні антырэкорд па маржы будзе пабіты. Страты банкам таксама нясуць спісанне, растэрміноўка і адтэрміноўка праблемных крэдытаў дзяржпрадпрыемстваў.

Цікава, што ў студзені 2021-га істотна запаволіўся прырост доўгу фізічных асоб па жыллёвых крэдытах. За гэты месяц абавязацельствы выраслі ўсяго на 34,5 млн. BYN. Для параўнання: за студзень 2020 года доўг па жыллёвых крэдытах павялічыўся на 90,9 млн. BYN.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: