БелАЭС і эканамічныя праграмы кандыдатаў у кандыдаты

Некаторыя кандыдаты робяць асцярожныя ўкіды (прыкладам, пра краіну інфармацыйных тэхналогій, а не парсючкоў), і толькі адзін з усіх агітуе не словамі, а рэальнымі, хай сабе і сумнеўнымі, справамі.

(Паважанае спадарства, адразу прабачце за гучны загаловак. Насамрэч, на стадыі збору подпісаў агітаваць нельга, а выразнае агучванне пажаданых прынцыпаў узаемадзеяння дзяржавы з эканамічнай сістэмай можа быць успрынятае ЦВК як агітацыя).

З тыдня на тыдзень, прынамсі калі верыць Уладзіміру Сямашку і БЕЛТА, адбудзецца фізічны пуск першага блоку Астравецкай атамнай станцыі. І наша ўлада паабяцала не даць сябе ганіць за айчынную «ядзерную праграму».

Я цешуся з існавання Беларускай АЭС. Толькі зразумейце карэктна: наконт тэхнічнай часткі, як большасць людзей у Беларусі і не толькі, я якраз непакоюся. Цешуся з БелАЭС як з эканамічнага прыкладу. Калі б БелАЭС не было — яе трэба было прыдумаць дзеля лекцый па эканоміцы! Далейшыя разважанні я падзялю на тры часткі.

Частка першая

Спачатку пра простае. Як гаворыцца, простыя рэчы — простыя лічбы. Каб любы інвестыцыйны праект быў эфектыўным, неабходна, каб чысты даход (гэта значыць, прыбытак і амартызацыя) за тэрмін ягонай рэалізацыі быў вышэйшым за выдаткі. З выдаткамі ёсць нейкая (не)ўпэўненасць — ці то 7, ці то 10, ці то нават 12 мільярдаў долараў. Апошнім часам усё больш кажуць пра нешта вакол 7 мільярдаў, гэтую лічбу і возьмем.

Плануецца, што вырабляцца на БелАЭС будзе 9–9,5 мільярдаў кілават-гадзін электраэнергіі на год. Цяперашні кошт для насельніцтва (базавы) — 14 капеек, для прадпрыемстваў па-рознаму — ад 15 да ажно 33 капеек. Возьмем нешта сярэдняе — 25 капеек за кілават-гадзіну — дарэчы, гэта кошт для чыгункі і арганізацый дзяржбюджэту. Атрымаем брута — гадавы даход каля 1 мільярда долараў. Нават пры звышэфектыўнасці (давайце возьмем 30%) выдаткі вернуцца больш, чым праз 20 гадоў! Хто-небудзь з вас рабіў бы такі праект?

Эканоміка — суровая навука, і ў ёй прынята лічыць яшчэ і працэнты на капітал. Прыкладам, Міністэрства эканомікі рэкамендуе лічыць адлічэнне сама мала ў памеры стаўкі рэфінансавання Нацбанку. Але нават калі возьмем не 8 %, а 3–3,5 %, якія адпавядаюць расійскаму крэдыту, тэрмін акупальнасці, як той блакітны вагончык, знікае недзе за гарызонтам (цьфу-ты, яшчэ і «Гарызонт» згадаў).

Частка другая

Цяпер трошкі складаней. Як той кажа, навучы папугая крычаць «попыт і прапанова» — вось вам і яшчэ адзін эканаміст. Здаецца, перабольшванне, але, калі не разумець гэтых простых рэчаў, эканамістам дакладна не стаць! Што будзе адбывацца з цэнамі, калі вырасце прапанова электраэнергіі? Любы першакурснік адкажа — яны пойдуць ўніз. А што ў нашым выпадку? Ці будзе гэта пашырэнне попыту і ці стане яно адчувальным?

Канешне, пашырэнне попыту, стварэнне рынкаў для продажу за мяжу пытанне б вырашыла, але гэтым напрамкам трэба было займацца ад пачатку — запрасіць экспертаў з краін-суседак інспектаваць бяспеку, быць транспарэнтнымі і г.д. Сёння маем, што маем — амаль усеагульную адмову ад беларускай энергіі. І Венгрыя тут не партнёр — у яе такія самыя мэты: пошук попыту на сваю энергію. На граблі базавых эканамічных ведаў нашы праектанты ўжо наступалі — прыкладам, калі нарошчвалі магутнасці па вытворчасці цэменту. Мала…

Выйсце, канешне, нашы праектанты знойдуць. «Пасля запуску станцыі цэны на энергію ў Беларусі ці то вырастуць, ці то ўтрымаем», — паведаміў прадстаўнік Мінэнерга. Але навошта рабіць нейкі праект, калі ў выніку вырастуць цэны — гэта ўвогуле не пра эканоміку! Што тычыцца «ўтрымаем», дык тое сумнеўна. Нават калі Белэнерга здолее прадаць у межах краіны энергію з АЭС, скароціцца спажыванне энергіі ад іншых вытворцаў — і, згодна з эфектам маштабу, іх выдаткі на адзінку вытворчасці вырастуць. А рост цэнаў электраэнергіі для айчынных вытворцаў падвысіць ужо іх выдаткі. Эканоміка — як біялагічны арганізм — усё ўзаемазалежнае.

Частка трэцяя

Нарэшце, пра самае складанае. Сэнс усёй чалавечай дзейнасці падпарадкоўваецца закону эканоміі часу. Мы імкнёмся зрабіць неабходнае хутчэй — і пераразмеркаваць час ад працоўнага да вольнага. У галіне эканомікі закон праяўляецца ў зніжэнні выдаткаў і коштаў.

Калі ты нешта атрымоўваеш ад удзельнікаў эканамічнай сістэмы — ты нешта павінен аддаць. Што мы маем у выпадку БелАЭС? Увесь тэрмін будаўніцтва інжынеры, працаўнікі атрымоўвалі заробак, не прапаноўваючы аніякага свайго прадукту ў адказ! Зразумела, любы інвестыцыйны праект адцягвае рэсурсы з магчымага іх выкарыстання ў альтэрнатыўных напрамках. Калі гэта робіцца за кошт ашчаджэнняў прыватнага сектару — гэта натуральна, то-бок людзі адмаўляюцца ад часткі сённяшняга спажывання дзеля прыросту спажывання ў будучыні.

Але калі гэта робіцца за нейкія «дадатковыя» грошы — ці то крэдыты, ці то дзяржвыдаткі — структура вытворчасці і структура капіталу аказваюцца ў разбалансаваным стане.

З нагоды напісанага вышэй не ведаю, як каго, а мяне запуск атамнай станцыі ў якасці пацверджання моцы беларускай дзяржавы і «практычнай» часткі эканамічнай праграмы вядомага кандыдата ані разу не ўражвае. Болей за тое, адным і ці не найбольш важным у праграмах кандыдатаў мне бачыцца іх стаўленне да лёсу БелАЭС — і нават не з пункту гледжання бяспекі, а як квінтэсенцыя адносін да пытання пра «дзяржаўныя інвестыцыйныя (мадэрнізацыйныя, інавацыйныя… — неабходнае падкрэс­ліць) праекты».

Дачакаемся рэгістрацыі і спытаем? А тым часам БелАЭС ужо будзе (ці яшчэ не будзе) спусташаць нашы і без таго небагатыя кішэні.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: