Беларусь да 20 кастрычніка пералічыць 281 млн долараў за пастаўлены расійскі газ

Сума недаплаты беларускім бокам за пастаўлены расійскі газ складае 281 млн долараў і будзе пералічана да 20 кастрычніка, заявіў журналістам міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык 11 кастрычніка ў Мінску на адкрыцці Беларускага энергетычнага і экалагічнага форуму.
Фота droplak.ru

Фота droplak.ru



Пры гэтым міністр адзначыў, што аплата за верасень будзе праводзіцца з улікам прынятых рашэнняў у рамках падпісанага на мінулым тыдні пратакола з Расіяй. "Да 20 кастрычніка мы разлічымся за недаплату, сродкі на гэта зарэзерваваныя ў бюджэце краіны і будуць своечасова пералічаны", — заявіў Патупчык.

Адказваючы на пытанне пра цану газу, ён сказаў: "Кошт да 1 ліпеня 2017 года будзе разлічвацца па формуле "ЯНАА плюс". На сённяшні дзень на мяжы Расіі і Беларусі гэта цана складае 132 долары за тысячу кубаметраў прыроднага газу".

Патупчык таксама адзначыў, што цана будзе мяняцца ў адпаведнасці са змяненнем цаны ў Расійскай Федэрацыі і ў далейшым разлічвацца па вышэйназванай формуле. З нагоды падпісанага з Расіяй пагаднення па пытаннях паставак газу ён заявіў, што гаворка ідзе пра рашэнне, якое "носіць кампрамісны характар і ўзаемавыгаднае для абодвух бакоў".

"Гэты пратакол дазваляе нам на комплекснай аснове вырашыць праблемы, якія ў нас былі ў нафтагазавай сферы. Сам пратакол, безумоўна, кампраміс, але здаровы кампраміс, які ўлічвае інтарэсы дзвюх краін і дазваляе нам сёння з добрай перспектывай глядзець у будучыню ў рамках будаўніцтва ЕАЭС", — адзначыў Патупчык. Паводле яго слоў, з'явілася магчымасць да 1 ліпеня 2019 года стварыць агульны электраэнергетычны рынак, а да 1 студзеня 2025 года — агульны рынак газу.

Гаворачы аб сутнасці пратакола, Патупчык заявіў: "Беларускі бок пагадзіўся з прапановай Расіі аб тым, што цана на газ з 1 студзеня 2016 года па 1 ліпеня 2019 года будзе разлічвацца па формуле "ЯНАА плюс". У рамках гэтага рашэння беларускі бок павінен да 20 кастрычніка гэтага года разлічыцца па недаплаце за газ на працягу 2016 года. Падкрэслю, гэта недаплата, а не запазычанасць у рамках існуючай нарматыўна-прававой базы".

Акрамя таго, беларускі бок прапанаваў расійскаму для стварэння роўных умоў для гаспадарчых суб'ектаў прыняць рашэнне, якое дазволіць беларускім энергетыкам зблізіць цэны на газ з энергетыкамі РФ. "Гэта збліжэнне будзе адбывацца раўнамерна да пачатку працы электраэнергетычнага рынку ЕАЭС за кошт міжбюджэтнай кампенсацыі з боку Расіі", — растлумачыў Патупчык. Паводле яго слоў, механізм гэтай кампенсацыі будзе вызначаны да 20 кастрычніка.

Таксама ў рамках пратакола дасягнута дамоўленасць, што да 1 студзеня 2017 года будзе ўнесена адпаведнае змяненне ў міжурадавае пагадненне ад 2011 года па цэнах на газ. "Гэта дасць магчымасць вырашыць праблему з далейшым збліжэннем цэн на газ з 1 ліпеня 2019 па 1 студзеня 2025 года для ўсіх астатніх суб'ектаў гаспадарання Беларусі", — адзначыў кіраўнік ведамства.

Ён яшчэ раз падкрэсліў, што дасягнутае кампраміснае пагадненне дазволіць зняць усе праблемы ў газавай сферы і "выбудаваць нармальныя адносіны ў рамках стварэння адзіных электраэнергетычных і газавых рынкаў". Таксама "зняты ўсе пытанні ў нафтавай сферы".

Марына Носава, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: