Беларусь і Расія не дамовіліся пра скасаванне платы за роўмінг

Расійскі міністр сувязі абвінаваціў беларускі бок у нежаданні скасаваць плату за роўмінг.


Міністр сувязі Расіі Канстанцін Наскоў заявіў, што яго ведамства гатовае перавесці перамовы аб роўмінгу на ўзровень прэм’ер-міністраў або нават прэзідэнтаў (Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін якраз праводзяць трохдзённыя перамовы ў Сочы). Ён сцвярджае, што беларускі бок скарэктаваў расійскі план так, што цэны на роўмінг толькі знізіліся б на 25–30%, але не да нуля. На ўзроўні міністраў, кажа Наскоў, «дамовіцца не можам».

Дамовіцца аб тым, каб прыём тэлефанаванняў з Расіі ў Беларусі і ў Беларусі з Расіі быў бясплатным, не ўдалося, хоць Беларусь і Расія ўжо шмат гадоў плануюць гэта. На люты 2019 году быў запланаваны першы этап скасавання платы за роўмінг. Гэты этап прадугледжваў усталяванне роўных тарыфаў на пропуск трафіку, затым на другім этапе — у траўні 2019-га — тарыфы для абанентаў на роўмінг мелі б знізіцца. У кастрычніку 2018 году меркавалася, што плата за роўмінг будзе скасаваная цягам году або паўтара гадоў.

Наскоў раней адзначаў, што тарыф на пропуск трафіку ў сетках аператараў сувязі самы дарагі ў СНД і складае каля 30 цэнтаў за хвіліну, тады як у Расіі гэты тарыф вагаецца ад 14 да 19 цэнтаў. Ён прадказваў страты ў мільярды расійскіх рублёў для кожнага расійскага аператара, калі роўмінг скасуюць без выроўнівання гэтых тарыфаў.

Тым часам у Еўрасаюзе плата за роўмінг скасаваная — яшчэ летам 2017 году краіны Еўрасаюзу дамовіліся, што тэлефанаванні і SMS у межах адной краіны маюць адбывацца па «хатніх» тарыфах для ўладальнікаў любой еўрапейскай сім-карты. Зніжэнне тарыфаў адбывалася паэтапна ад 2007 году.

У Расіі пакуль — да 1 ліпеня — існуе ўнутраны роўмінг між рэгіёнамі: у адрозненне ад Беларусі, там могуць рабіць асобныя тарыфы для «хатняй» вобласці і асобныя для астатніх. То значыць, патэлефанаваць са Смаленску ў Сібір адчувальна даражэй, чым са Смаленску ў Бранск. Але ад 1 ліпеня плата за ўнутраны роўмінг будзе скасаваная.

Паводле Радыё «Свабода»



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!