Беларусь і Украіна абмеркавалі «нафтавыя пытанні»

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Зяленскі абмеркавалі супрацоўніцтва ў нафтаперапрацоўцы і пастаўках нафты.

Пра гэта паведамляе nn.by са спасылкай на БЕЛТА.

«Мы не ўтойваем. Мы і нафтапрадукты абмеркавалі, і перапрацоўку нафты, альтэрнатыўныя шляхі пастаўкі нафты, і агульныя рынкі, і заводы, і капіталы, і акцыянерныя… І электраэнергію пасля ўводу атамнай станцыі. Не буду гаварыць па цане. Ужо дамовіліся, як і дзе можам прадаваць. Вельмі шмат пытанняў»
, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў яго ёсць адзіная просьба: «Калі дамовіліся, давайце зробім. Калі не трэба, не хочам — мы павінны сумленна сказаць, як родныя людзі: гэта пакуль не цікава або нельга, гэта рабіць не будзем. Але калі вырашылі дно паглыбіць на Прыпяці і Дняпры, давайце паглыбім».

Аднаўленне суднаходства па Дняпры і развіццё партовай гаспадаркі ў тым ліку абмяркоўвалася на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў.

«Гэта нам будзе выгадна», — упэўнены Лукашэнка. Ён успомніў момант, калі ў час нядаўняй уборачнай кампаніі Украіна папрасіла паставіць больш дызпаліва і бензіну.

«Аказалася, вагонаў няма. Бочкі гэтыя збіралі з усяго свету, каб паставіць сюды. А была б дарога па Дняпры, Прыпяці — у нас наогул не было б праблем. І ў адваротным напрамку», — заявіў Лукашэнка.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!