Беларусь інвестуе ва ўкраінскую эканоміку ў 20 разоў больш, чым Украіна — у беларускую

Беларусь за 9 месяцаў 2019 года павялічыла наўпроставыя інвестыцыі ў эканоміку Украіны на 46% у параўнанні з такім жа перыядам 2018 года — да 49,6 мільёна долараў, паведамляе «Свабода».

Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас Форуму рэгіёнаў у Жытоміры, 4 кастрычніка 2019 года. Фота www.svaboda.org

Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас Форуму рэгіёнаў у Жытоміры, 4 кастрычніка 2019 года. Фота www.svaboda.org

Разам цягам студзеня-верасня Украіна атрымала 34,7 мільярдаў долараў наўпроставых замежных інвестыцыяў. Найбольш ва ўкраінскую эканоміку ўкладаюць кампаніі з Кіпру (28,5%), Нідэрландаў (16,7%) і Расіі (11,7%).

Такую інфармацыю абнародавала Дзяржаўная служба статыстыкі Украіны.

У той жа час аб’ём украінскіх інвестыцыяў у эканоміку Беларусі са студзеня па кастрычнік не змяніўся і застаўся на ўзроўні 2,7 мільёна долараў.

Дырэктар кіеўскага Інстытуту эканамічных даследаванняў і палітычных кансультацыяў Ігар Буракоўскі мяркуе, што перакос ва ўзаемным інвеставанні Беларусі і Украіны абумоўлены як рознай эканамічнай вагой, гэтак і арыентацыяй украінскага бізнесу на Еўрасаюз:

«Калі ідзецца непасрэдна пра фінансавыя ўкладанні ўкраінскага бізнесу за мяжой, то гэта перадусім краіны Еўрапейскага саюза. У гэтым сэнсе Беларусь сёння не ёсць прыярытэтным кірункам для ўкраінскага бізнесу з улікам асаблівасцяў рэгулявання бізнес-клімату ў гэтай краіне».

У той жа час, паводле эксперта, для Беларусі ўкраінскі кірунак вельмі прывабны.

«Ва Украіне амаль 40 мільёнаў насельніцтва, тут надзвычай вялікі попыт на спажывецкія тавары. А з увагі на сітуацыю на ўсходзе Украіны, дзе адбываецца агрэсія і Расія трапіла пад міжнародныя санкцыі, то не выключаю, што пэўная частка беларускіх інвестыцыяў — гэта „перахопленыя“ ў Расійскай Федэрацыі таварныя плыні і магчымасці, калі пад выглядам беларускіх тавараў ва Украіну заходзяць фактычна або расійскія тавары, або тавары, што знаходзяцца пад санкцыямі ў Расіі», — патлумачыў Ігар Буракоўскі.

«Думаю, што ўзаемны патэнцыял ёсць. Але ён залежыць ад таго, як будуць рухацца рэформы і эканамічнае развіццё абедзвюх краін. Цяпер Украіна найперш патрабуе інвестыцыяў, звязаных з мадэрнізацыяй нацыянальнай эканомікі, патрабуе не толькі грошаў, але і тэхналогіяў. І з гэтага гледзішча Украіна зможа ажыццявіць эканамічны прарыў, толькі калі сюды прыйдуць вялікія рэсурсы найперш з заходніх краін», — дадаў эксперт.

Згодна з інфармацыяй Дзяржаўнай службы статыстыкі Украіны, замежныя інвестары найбольш укладаюць у фінансава-страхавую і навукова-тэхнічную дзейнасць, а таксама прамысловасць.

Апошнія два гады ва Украіне актывізавалі дзейнасць некалькі супольных прадпрыемстваў, створаных пры ўдзеле найбуйнейшых дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі ў сферы машынабудаўніцтва.

Паводле Гандлёва-прамысловай палаты Украіны, па выніках другога Форуму рэгіёнаў у Жытоміры беларускія і ўкраінскія прадпрыемствы падпісалі кантракты на агульную суму каля паўмільярда долараў.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: