Беларусь — Украіна: «газабетонная» вайна?

Як паведамляе прэс-служба Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва нашай краіны, украінцы ў бліжэйшы час могуць закрыць рынак для беларускіх кампаній-вытворцаў газабетону.
У іх адносінах праводзіцца антыдэмпінгавае расследаванне, якое было ініцыяванае дзвюма ўкраінскімі кампаніямі з Кіеўскай вобласці («Арыентыр-Будэлемент» і «Аэрок»), якія займаюць больш за 55% рынку і мараць пра выцясненне з яго беларускіх канкурэнтаў. Увядзенне для беларускай прадукцыі чарговых пошлін (як раней было з цэментам) можа закрануць чатырох вытворцаў: дзяржаўныя «Беларускую цэментную кампанію» і «Гомельбудматэрыялы», прыватныя SLS Group и «Магілёўскі КСІ». Яны разам займаюць каля 11% украінскага рынку.

Беларусаў абвінавацілі ў тым, што іх газабетонныя блокі маглі ўплываць на цэны ўкраінскіх вытворцаў і на пагаршэнне іх гаспадарчага становішча. І ў будучыні страты толькі могуць павялічыцца. Цікава, што кошт газабетонных блокаў з Беларусі мала адрозніваецца ад аналагічнай украінскай прадукцыі. Да таго ж пастаўкі ідуць пераважна ў памежныя з нашай краінай вобласці і на Львоўшчыну, куды з-пад Кіева вазіць блокі далёка. Вырабляюць іх беларусы з украінскага цэменту, перавозяць у асноўным ва ўкраінскіх вагонах.

У канцы 2018-га ва Украіне ўжо скардзіліся на беларускіх вытворцаў газабетонных блокаў, але створаная камісія не знайшла падстаў для расследавання. Аднак вясной 2019-га ўсё змянілася і расследаванне пачалося, адзначае «Еўрарадыё».

У Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва адзначаюць, што калі Украіна закрые рынак для беларускіх кампаній-вытворцаў газабетону, гэта будзе азначаць зрыў аднаго з кантрактаў, падпісаных на II Форуме рэгіёнаў Беларусі і Украіны з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Зяленскага. У ім гаворка ішла якраз пра пастаўку беларускіх газабетонных блокаў.

У Мінску лічаць, што «змена ўлады ва Украіне [у 2019 годзе] была ўспрынята шэрагам кампаній і валодаючых імі алігархаў як патэнцыйная магчымасць адкусіць »кавалак пірага патлусцей«». А гэта сітуацыя негатыўна ўплывае на добрасуседскія адносіны Беларусі і Украіны.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: