Беларусь можа атрымаць 61 млн долараў кампенсацыі за брудную расійскую нафту. Раней казалі пра 155 млн

Беларусь можа атрымаць ад Расіі больш за 61 млн долараў кампенсацыі за брудную нафту, паведаміў БелТА прэс-сакратар канцэрна «Белнафтахім» Аляксандр Цішчанка.
«Мы па пратаколе маем 563 тыс т бруднай нафты, якую перапрацаваў Мазырскі НПЗ. Сума кампенсацыі вызначаецца з разліку 15 долараў за барэль — па тэхналогіі, аналагічнай з іншымі суседзямі, з якімі расійскі бок разлічыўся. Такім чынам, Беларусь можа атрымаць кампенсацыю больш за 61 млн долараў», — адзначыў Аляксандр Цішчанка.

«Белнафтахім» 19 красавіка 2019 года заявіў аб рэзкім пагаршэнні якасці расійскай нафты Urals, якая паступае па трубаправодзе «Дружба». Змест хлорарганічных злучэнняў у ёй у дзясяткі разоў перавышала гранічныя значэнні па стандарту. У выніку шэраг краін перастаў прымаць і перапрацоўваць расійскую нафту. Абодва беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы — Мазырскі НПЗ і ААТ «Нафтан» — вымушаны былі знізіць загрузку магутнасцяў і панеслі страты, шкода была нанесена і трубаправоднай сістэме.

Расійскі бок прызнаў факт паставак няякаснай нафты, у Расіі завялі крымінальную справу аб забруджванні нафты. Але пра кампенсацыю за брудную нафту дамовіліся толькі праз 10 месяцаў (пра методыку падлікаў і падыходы да кампенсацыі — праз 9) па здарэнні.

Сцвярджалася, што ў Беларусь трапілі 1,2 млн тон бруднай нафты. Калі лічыць, што адзін барэль важыць 0,1373 т, то выходзіць, што ў Беларусь трапіла каля 8,74 млн «брудных барэляў», а кампенсацыя мае скласці каля 131,1 млн долараў. Але яшчэ мінулым летам «Белнафтахім» патрабаваў 155 млн долараў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: