Беларусь папрасіла ў Расеі знізіць цану на газ у 2020 годзе

Беларусь ініцыявала зніжэнне цаны расейскага газу для Беларусі ў 2020 годзе, паведаміў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, перадае Радыё Свабода.
Заява прагучала ў Палаце прадстаўнікоў 9 красавіка.

Як адзначыў міністр, цяпер назіраецца яскравая дынаміка зніжэння сусветных цэн на энергарэсурсы, у тым ліку на прыродны газ, у сувязі з чым Беларусь папрасіла расейскі «Газпром» перагледзець цану прыроднага газу, які кампанія пастаўляе ў Беларусь у 2020 годзе, у бок зніжэння.

«У якасці аднаго з механізмаў перагляду прапанаваная магчымасць куплі пэўных аб’ёмаў газу на біржавых пляцоўках па канкурэнтных цэнах», — адзначыў Віктар Каранкевіч. Умовы рэалізацыі гэтага механізму абмяркуюць на перамовах з расейскім бокам.

Міністр прадставіў Палаце прадстаўнікоў пратакол, які ўносіць змены ў беларуска-расейскае міжурадавае пагадненне 2011 году аб парадку фармавання цэнаў на прыродны газ для Беларусі і яго транспартаванне па беларускіх газаправодах. Сутнасць дакумента ў тым, каб фінансавыя ўмовы паставак газу ў Беларусь не пагаршаліся. Згодна з ім дзеянне міжурадавага пагаднення падаўжаецца да 31 снежня 2020 году. Палата прадстаўнікоў ратыфікавала пратакол.

Цана расейскага газу для Беларусі ў 2020 годзе вызначаная ў памеры 127 долараў за 1 тысячу кубаметраў як базавы варыянт. Гэта адзначаў першы віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Дзмітры Круты, каментуючы вынікі перамоваў кіраўнікоў Расеі і Беларусі 7 лютага.

Лукашэнка раней заяўляў, што пры цяперашніх умовах на сусветным рынку энерганосьбітаў расейскі газ для Беларусі павінен каштаваць каля 90 долараў за 1 тысячу кубаметраў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: