Беларусь пашырае дзірку ў гандлі з Расіяй і Кітаем

Статорганы абнавілі інфармацыю аб знешнім гандлі таварамі. Ні з якой з краін у Беларусі не развілося такога негатыўнага сальда, як з РФ і КНР.


Па выніках 7 месяцаў 2021 года негатыўнае сальда знешняга гандлю таварамі ў РБ дасягнула 1,288 млрд USD у эквіваленце. Адмоўнае сальда знешняга гандлю азначае, то імпарт (увоз) тавараў у Беларусь перавышае экспарт (вываз) тавараў з РБ, пішуць banki24.by.

Для Беларусі практычна на ўсім перыядзе незалежнасці фіксуецца негатыўнае сальда таварнага гандлю. Яно адлюстроўвае нерэфармаваную структуру эканомікі з вяршэнствам дзяржсектара, завязкай на расійскі рынак і залежнасцю ад манапольнага пастаўшчыка энергарэсурсаў.

Знешні гандаль таварамі ў Беларусі застаецца высокаканцэнтраваным. Па выніках 7 месяцаў 2021-га на долю Расіі прыйшлося 48,9% абароту. Залежнасць ад расійскага рынку толькі вырасла ў параўнанні з 2020-м — тады удзельная вага РФ была роўная 48%. Таксама маргінальнае месца займае гандаль з краінамі Еўразійскага эканамічнага саюза за межамі РФ. На долю Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана прыйшлося ўсяго каля 1,6% знешняга гандлю таварамі.

Параўнайце: з адной Літвой, якая ўваходзіць у ЕС і падтрымала санкцыі супраць РБ, доля гандлю значна вышэй — 2,2%.

Расія лідзіруе сярод знешнегандлёвых партнёраў Беларусі з гіганцкім адрывам. Сукупны гандаль з наступнымі 10 найбуйнейшымі знешнімі партнёрамі ніжэй, чым абароты з РФ. Доля Расіі ў беларускім экспарце тавараў ніжэй, чым у беларускім імпарце — 41,5% супраць 56%. Такія суадносіны захоўваюцца ўжо доўгія гады і звязаныя з імпартам газу і нафты ад усходніх суседзяў.

За 7 месяцаў 2021-га РБ нагандлявала з РФ у мінус на 3,755 млрд USD. У мінулым годзе адмоўнае сальда з расійцамі было істотна менш — 1,458 млрд USD. Да росту «дзіркі» ў знешнім гандлі прывёў апераджальны рост імпарту з Расіі. Калі экспарт РБ у РФ падняўся да 2020 года на 21,4% , то імпарт — адразу на 44,4%.

На другое месца па памеры негатыўнага сальда выйшаў Кітай. За студзень-ліпень 2021 года беларусы нагандлявалі з кітайцамі ў мінус на 1,724 млрд USD. Летась за той жа перыяд «шырыня дзіркі» была меншай — 1,563 млрд USD.

У цэлым доля КНР у знешнім гандлі таварамі склала 6,2% (трэцяе месца пасля Расіі і Украіны). Прычым, па імпарце Беларусь залежыць ад Кітая значна больш, чым па экспарце — 9,9% супраць 2,2%.

Улічваючы санкцыі ЕС і ЗША і заяўлены чыноўнікамі разварот таварных патокаў на ўсход, у 2022 годзе гэтая дыспрапорцыя можа вырасці яшчэ больш.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: