Беларусь просіць Украіну спыніць антыдэмпінгавае расследаванне імпарту солі

Мінск спадзяецца, што Украіна спыніць антыдэмпінгавае расследаванне ў дачыненні імпарту беларускай паваранай солі экстра. На мінулым тыдні з гэтай нагоды ў Кіеве адбыліся двухбаковыя кансультаціі, паведамляе сайт беларускай амбасады ва Украіне., піша Еўрарыдыё.
gubdaily.ru

gubdaily.ru

У кансультацыях прынялі ўдзел прадстаўнікі МЗС, канцэрна «Белдзяржхарчпрам», амбасады Беларусі ва Украіне, ААТ «Мазырсоль».

Раней, 20 снежня мінулага года ў Мінску прайшлі кансультацыі ў пытаннях увядзення абарончых захадаў ва ўзаемным гандлі. Рашэнне Украіны не працягваць з 2 лістапада 2018 года дзеянне антыдэмпінгавай пошліны на імпарта беларускага шыфера пазітыўна ўспрыняў Мінск, бо гэта адпавядае інтарэсам у тым ліку ўкраінскіх спажыўцоў.

У беларускай дыпламатычнай місіі мяркуюць, што ўвядзенне новых абмежавальных захадаў на фоне дынамічнага развіцця гандлёва-эканамічнага дыялогу стане фактарам стрымання ў далейшым нарошчванні ўзаемнага тавараабароту.

Украіна распачала антыдэмпінгавае расследаванне па пастаўках беларускай солі ў лістападзе 2017 года пасля скаргі ад кампаніі «Руссоль-Украіна». Паводле гэтай скаргі, пастаўкі беларускай солі маглі ажыццяўляцца па дэмпінгавых коштах, бо экспартныя кошты былі ніжэйшымі за кошты продажу тавара на ўнутраным беларускім рынку. Пры гэтым пастаўкі ажыццяўляліся ў такіх аб’ёмах і на такіх умовах, што гэта «магло прывесці да нанясення шкоды нацыянальнаму таваравытворцу».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!