Беларусаў чакаюць тараматы

Урад рыхтуе праграму захадаў па замяшчэнні пластыкавай тары для пітной вады ды іншых напояў на шкляную. Адначасова ў нашых крамах з’явяцца адмысловыя аўтаматы для здачы бутэлек, слоікаў і бляшанак у абмен на грошы — тараматы.


Што стаіць за экалагічным клопатам па змяншэнні пластыку ў абарачэнні? Чаго тут болей — экалогіі ці эканомікі? Якія планы і рэакцыі ў гульцоў з розных галінаў — ад гандлю і вытворчасці напояў да шклозаводаў і перапрацоўкі адкідаў? І што ад гэтага нашаму здароўю і кашальку?


Смеццевая стратэгія

У 2017 годзе ў Беларусі было перапрацавана 17% цвёрдых бытавых адходаў — прасцей кажучы, смецця рознага паходжання. Летась крыху болей, але меней за 20%. Згодна з Нацыянальнай стратэгіяй па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі, гэты паказнік да 2020 года павінен дасягнуць 25%. Гэта цяперашні ўзровень Польшчы. А да 2035 года, да якога і разлічана Нацстратэгія, — 35%. Аднак і тое вельмі далёка ад узроўню краінаў-лідараў, кшталту Германіі ці Швейцарыі, — 90%!

Што тычыцца тарнай упакоўкі з пластыку і шкла, то цяпер удаецца збіраць, адпаведна, траціну і дзве траціны ад таго, што прадаецца. Асобны збор не вельмі апраўдаў сябе: утылізацыйная культура ў Беларусі не надта распаўсюджаная. Не асабліва спрыялі ёй і камунальныя службы. Нават тыя з нас, хто сартаваў смецце і выкідаў яго ў адпаведныя прыдамавыя кантэйнеры, маглі бачыць, як прыязджае смеццявоз і закідае да кучы змесціва ўсіх бакаў. Гэта адбівала ўсялякую ахвоту да экалагічных паводзінаў.

Мэта ж стаіць збіраць на перапрацоўку да 90% тары. І для гэтага часткай згаданай Нацстратэгіі па смецці стане дэпазітна-закладная сістэма збору. Паралельна з яе ўкараненнем ПЭТ-пляшкі будуць выціскацца шклянымі. Натуральна, не татальна.

Прэм’ер-міністр Сяргей Румас стварыў адмысловую міжведамасную групу, якая днямі павінна прадставіць канкрэтныя заканадаўчыя і тэхнічныя прапановы. У яе складзе намеснікі кіраўніка ўраду Уладзімір Кухараў і Міхаіл Русы, дырэктар установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Наталля Грынцэвіч, міністр ЖКГ Аляксандр Церахаў, міністр эканомікі Дзмітрый Крутой.


Часова пераплацім

Дэпазітна-закладная, або дэпазітна-зваротная сістэма збору тары (шкляных і ПЭТ-пляшак, а таксама бляшанак з-пад напояў) павінна запрацаваць у 2020 годзе. Падчас падарожжаў за мяжу вы маглі назіраць, як гэтая сістэма працуе. На ўваходзе ў крамы, унутры ці звонку, стаяць аўтаматы па прыёме ёмістасцяў. Калі закідаеш туды праз адтуліну бутэлькі, гэты тарны аўтамат счытвае спецыяльныя пазнакі на іх (напрыклад, штрых-коды) і выдае табе чэк на суму закладных коштаў здадзеных пляшак.

Гэтыя чэкі прымаюцца на касах: іх можна абнаявіць і атрымаць грошы на рукі або скарыстаць пры аплаце пакупак. Чэк будзе дзейнічаць абмежаваны тэрмін — верагодна, паўгода. Закладны кошт у Беларусі ўжо вызначаны — 20 капеек. Плануецца, што ён будзе адзіным для ўсіх відаў тары — пластыкавай, шкляной і металічнай. І для любых аб’ёмаў — ад піўной пляшкі да маленькага слоічка.

Дарэчы, цяпер у пунктах прыёму шклотары расцэнкі такія: піўная пляшка — 8 капеек, з-пад віна — 13–15 капеек, з-пад гарэлкі — 7–14 капеек, трохлітровы слоік — 20 капеек, паўлітровы — 5, слоік ад гарчыцы ці дзіцячага харчавання — 3 капейкі.

У крамах закладны кошт будзе напісаны на цэнніках асобна, каб пакупнік ведаў, што ён можна вярнуць свае часова пераплачаныя 20 капеек. Гэта павінна заахвочваць здаваць пляшкі, а не выкідаць ці складаваць. Наўрад ці працэдура здавання пляшак у тарамат стане вялікім клопатам і нязручнасцю. Чаму б не прыхапіць з сабой пакет з пляшкамі пры паходзе ў краму — напрыклад, на закупы на тыдзень? Дый дзеці і падлеткі з цікавасцю і меркантыльным інтарэсам зробяць гэта за бацькоў. Вось табе і грошы на кішэнныя выдаткі, нават пэўным чынам заробленыя.

Для тых, хто і так звыкла здае тару, а не выкідае, гэта будзе прыемней рабіць у краме, чым у пункце прыёму шклотары, дзе поўна так званых асацыяльных элементаў. Тараматы будуць прымаць не ўсю тару, а толькі пазначаную адмысловымі знакамі, зарэгістраванымі ў дэпазітна-закладнай сістэме. Астатнюю можна будзе здаваць на шклабой.


Калькулятарны скепсіс

Зацікаўлены бізнес збольшага бурчыць. Для працы з тараматнымі чэкамі давядзецца перапраграмаваць мноства касавых апаратаў у крамах. Хаця што гэта за праблема для IT-краіны, так жа? Між тым, дробныя крамы непакояцца, што выпрабаваць сістэму будуць спачатку на буйных гандлёвых пляцоўках. Магчымасць здаваць тару стане для іх дадатковай канкурэнцыйнай перавагай. Дый наогул у дробных крамах можа папросту не быць вольных плошчаў для ўсталявання такіх апаратаў. На гэтыя выпадкі прадугледжаны ручны збор тары, але гэта азначае патрэбу заводзіць лішняга супрацоўніка. Бо, паводле санітарных нормаў, прадавец харчовых тавараў не зможа займацца прыманнем пляшак.

Вытворцы напояў ужо засцерагаюць ад істотнага падвышэння коштаў. У прыватнасці, на нашай мясцовай «Кока-Коле» кажуць, што, акрамя ўласна закладнога кошту ў 20 капеек, каля 7 капеек выдаткуецца на функцыянаванне сістэмы. Бо тараматы ж будуць абслугоўвацца, а тара збірацца і перавозіцца. Апрача таго, на пляшкі трэба будзе наносіць адмысловыя этыкеткі са штрых-кодамі для тараматаў.

Затое вытворчасць новай тары з другаснай сыравіны (адкідаў) будзе таннейшай, чым з першаснай. То бок, чым болей адкідаў не закопваецца на палігонах, а ідзе праз колазварот у перапрацоўку, тым чысцей становіцца краіна і эканомней выраб упакоўкі.

Тым часам некаторыя лічаць, што збор пад 70% шкляной тары — гэта і так годны ўзровень. Прадпрыемствы «Белрэсурсы» і «Белкаапсаюз» выступаюць за тое, каб не ўключаць шкло ў дэпазітна-закладную сістэму. Маўляў, давайце праверым на іншых адкідах: будзе плён, тады зоймемся і шклянымі бутэлькамі. Аднак таму шкляная тара цяпер і збіраецца лепш за пластык, бо гэта эканамічна выгадней. Яе актыўна збірае цэлая армія людзей як па сметніцах гарадоў, так і на палігонах, хоць гэта закрытая тэрыторыя. Абарона старой сістэмы збірання шкляных адкідаў — ці гэта не лабіяванне нечых інтарэсаў? «Белкаапсаюз» жа непакоіцца, як мы ўжо сказалі, што яго невялікія крамы зазнаюць страты праз арганізацыю ручнога прыёму тары і падаражанне напояў.

Інвестар, у сваю чаргу, наўрад ці прынясе на дэпазітна-закладную сістэму патрэбныя 100 мільёнаў еўра пры выключэнні з яго шкляной упакоўкі. Тым больш, калі настойліва абвешчана вуснамі самога кіраўніка краіны паступовае замяшчэнне ПЭТ-пляшак на шкляныя: «Не трэба труціць людзей. Перакананы, што ў вялікіх і малых начальнікаў ужо вадзічка ў шкле. У свеце пайшла тэндэнцыя вызваляцца ад поліэтылену і больш арыентавацца на экалагічна чыстую тару».

Натуральна, такое замяшчэнне не будзе татальным ні па якіх аб’ёмах тары. Як, напрыклад, замяніць ПЭТ-бутэлькі аб’ёмам 1,5 і 2 літра на шкло?


Шкло ці пластык?

Бізнес, хоць і пагаджаецца з экалагічнай аргументацыяй і клопатам пра здароўе нацыі, але ўсё адно бурчыць наконт гэтай перспектывы. Пужаюць (і гэта праўда), што напоі падаражэюць. Ужо цяпер можна заўважыць: розніца ў цане паўлітра аднаго напою ў шкле і пластыку сягае 30–40 капеек. Заводам-вытворцам давядзецца купляць ці пераабсталёўваць лініі разлівання. І яны дакладна захочуць «адбіць» выдаткі на гэта.

Напрыклад, паводле дадзеных «Гільдыі півавараў», цяпер 75% піва разліваецца і, адпаведна, прадаецца ў ПЭТ-посудзе, каб забяспечыць «прымальны кошт для спажыўца». Таксама тут кажуць, што беларускія заводы не змогуць вырабляць патрэбныя аб’ёмы шклотары — і яе давядзецца закупляць у Расіі. А ПЭТ-пляшкі цяпер амаль цалкам вырабляюцца ў Беларусі.

Але самі заводы абяцаюць, што пераарыентуюцца: быў бы попыт.

Так што добрыя часы чакаюць той самы шкляны завод «Ялізава» ў аднайменным пасёлку Асіповіцкага раёна, якому яшчэ нядаўна пагражала банкруцтва. Дый усю шкляную вытворчасць чакае рэнесанс з экспартнымі перспектывамі. Паводле экспертаў, сусветны рынак шкла расце больш як на 5% штогод.

Таксама не варта забывацца, што выкарыстанне шкла замест пластыку — гэта эканомія бюджэту на вырашэнне экалагічных праблемаў і аздараўленне нацыі, якія б пацвярджэнні бяспекі ПЭТ-пляшкі пры кантакце з вадой ці тымі самымі газаванымі напоямі не мелі. Хаця, хутчэй за ўсё, большасць нашага небагатага грамадства абярэ больш танную, лёгкую і зручную ўпакоўку.

А якая пазіцыя ў вас?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!