Беларусі прадказваюць стагнацыю. У чым небяспека?

Запаволенне эканомікі — сігнал, на які павінны адрэагаваць улады.
Міжнародныя фінансавыя арганізацыі, нібы змовіўшыся, пагоршылі эканамічны прагноз па Беларусі. Калі раней нам прадказвалі 2-3% прыросту, то зараз на 2020 год чакаецца рост беларускай эканомікі раўназначны стагнацыі.

Эканамісты сігналізуюць: рост стаў згасаць

Рост беларускай эканомікі ў студзені-верасні запаволіўся да 1%, што выклікае раздражненне ва ўрадзе. Бо раней разлічвалі на 4% па выніках года.

Нярадасная статыстыка стала сігналам для міжнародных фінансавых арганізацый, якія на працягу апошняга тыдня абвясцілі пра пагаршэнне эканамічнага прагнозу па Беларусі.

Міжнародны валютны фонд, Сусветны банк і Еўразійскі банк развіцця, то бок заходнія і ўсходнія крэдыторы, цяпер чакаюць, што у 2019 годзе рост беларускай эканомікі складзе 1,2-1,5%, хоць раней гатовыя былі паверыць, што тэмпы росту ВУП Беларусі будуць удвая вышэй.

У 2020-м Міжнародны валютны фонд, з прадстаўнікамі якога беларуская дэлегацыя на днях будзе абмяркоўваць новую крэдытную праграму, і зусім чакае рост ВУП Беларусі на ўзроўні 0,3%, што раўназначна стагнацыі.

Перспектывы эканамічнага росту 16 кастрычніка абмяркоўваліся на семінары, арганізаваным Беларускім эканамічным даследча-адукацыйным цэнтрам (BEROC).

«Ад высокага росту каля 7-8% у першай дэкадзе 2000-х Беларусь пагрузілася ў асяроддзе слабога росту 0-2%. Зніжэнне росту стала маштабным і хуткім. Рост у Беларусі сёння ніжэй, чым у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы», — заявіў старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук.

На думку эксперта, істотнае запаволенне беларускай эканомікі адбылося з прычыны нізкай эфектыўнасці выкарыстання рэсурсаў (працоўных, матэрыяльных, фінансавых).

«Рост стаў згасаць праз прычыну празмернай стаўкі на назапашванне капіталу. Па меры павелічэння капітальных выдаткаў аддача ад іх зніжалася, памяншаўся пазітыўны ўплыў капіталу на доўгатэрміновы рост», — канстатаваў Крук.

Каб рэанімаваць эканамічны рост, неабходна перафакусаваць увагу на павышэнне эфектыўнасці эканомікі, лічыць эксперт. Толькі ў гэтым выпадку, згодна з прагнозам BEROC, Беларусь у будучыні можна выйсці на тэмпы эканамічнага росту на ўзроўні 6-7%, якія неабходныя для скарачэння адставання Беларусі ад краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

«Мадэляванне паказвае, што калі Беларусь будзе расці на 2% у год, то Чэхію, Славакію, Латвію і Літву па ўзроўні эканамічнага развіцця мы ніколі не зможам дасягнуць», — падкрэсліў Крук.

Акрамя адставання ад суседніх краін, яшчэ адзін негатыўны эфект стагнацыі — міграцыя.

Адсутнасць эканамічнага росту можа прывесці да таго, што колькасць людзей, якія захочуць жыць тут, стане змяншацца, мяркуе старшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі.

Ён звярнуў увагу, што калі ў 2009-м (паводле афіцыйных статыстычных дадзеных) 7600 чалавек эмігравалі з краіны, то ў 2018-м — 15 200. Прычым гэтыя дадзеныя, упэўнены эксперт, не ў поўнай меры адлюстроўваюць маштабы праблемы, паколькі афіцыйная статыстыка фіксуе толькі зарэгістраваную міграцыю.

«Эмігранты з Беларусі больш маладыя і адукаваныя, чым насельніцтва ў сярэднім. Прычыны, па якіх людзі з’язджаюць, — магчымасць зарабіць больш, імкненне пабудаваць кар’еру», — адзначыў Львоўскі.

Стагнацыя — пагроза для пенсіянераў

Млявы эканамічны рост, раўназначны стагнацыі, — гэта не проста дрэнная навіна для працаздольнага насельніцтва, але і для пенсіянераў — цяперашніх і будучых.

Па замове Даследчага цэнтра ІПМ сацыёлагі апыталі 1536 рэспандэнтаў і атрымалі паказальныя дадзеныя. Толькі адзін рэспандэнт назваў пенсію, якая склалася ў краіне, высокай, а 72% апытаных лічаць яе нізкай.


Пры гэтым 21% рэспандэнтаў заявілі, што праз 10-15 гадоў узровень жыцця пенсіянераў не зменіцца, 33% апытаных спадзяюцца, што пажылыя людзі будуць жыць лепш, а 39% адзначаюць зніжэнне ўзроўню жыцця пенсіянераў.

Цікавы таксама і іншы паказальны факт — 80% апытаных заявілі, што яны не збіраюць грошы да пенсіі. Вынікі апытання паказалі, што грамадзяне гатовыя рабіць пэнсійныя зберажэнні толькі пры наяўнасці стабільнага і высокага заробку.

«Вынікі апытання пацвярджаюць, што без вырашэння праблем з эканамічным ростам, без павышэння дабрабыту грамадзян мы наўрад ці зможам стварыць назапашвальную пенсійную сістэму, якая дазволіла б разлічваць на павелічэнне даходаў будучых пенсіянераў», — лічыць дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

Увогуле, негатыўныя наступствы ў выпадку, калі краіна увязнет ў зацяжны стагнацыі, будуць рознапланавымі.

«Улады пачынаюць гэта ўсведамляць, да дзяржавы прыходзіць разуменне, што грамадства не задаволена эканамічнай дынамікай. У сувязі з гэтым, напэўна, і з’явілася даручэнне падрыхтаваць больш напружаныя планы па эканамічнаму росту на будучы год», — лічыць акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова.

Праблема заключаецца ў тым, што на дзяржаўным узроўні да гэтага часу не распрацавана канкрэтная праграма дзеянняў па павышэнні эфектыўнасці эканомікі.

«Фінансавая стабільнасць у краіне створана, а забеспячэнне ўстойлівых тэмпаў эканамічнага росту — задача, рашэнне якой на афіцыйным узроўні пакуль не знойдзена», — рэзюмавала Барнукова.

Паводле naviny.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!