Беларуская эканоміка расце за кошт знешнегандлёвага цуду, але ён заканчваецца

У аснове высокіх тэмпаў сёлетняга росту — знешнегандлёвы цуд, або звышвысокія тэмпы росту экспарту, перш за ўсё, у натуральным выразе, якія апярэджваюць шматгадовыя сярэднія значэнні. Пры гэтым беларуская эканоміка застаецца ўразлівай.


Такое меркаванне выказаў старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Дзмітрый Крук на канферэнцыі «Беларуска-расійскі экспертны дыялог», перадае REFORM.by.

«Тое, што адбываецца апошнія 6-8 месяцаў у беларускай эканоміцы, гэта вельмі нестандартная сітуацыя. Вельмі хуткі рост экспарту і вы можаце бачыць, што істотна перавышаны перадкавідны аб’ём і істотна перавышаны доўгатэрміновы ўзровень экспарту, на які абапіралася Беларусь. І гэтаму спадарожнічае яшчэ адставанне імпарту», — сказаў ён.

Крук адзначыў, што рост у асноўным абумоўлены знешнімі фактарамі, а ўнутраны попыт пры гэтым блізкі да рэцэсіі. Нагадаем, у студзені-ліпені ВУП Беларусі вырас на 3,3%, але па выніках жніўня запаволіўся да 3%.

Найбольш уразлівымі месцамі беларускай эканомікі ён назваў цэнавую стабільнасці і інфляцыйныя чаканні, а таксама фінансавую стабільнасць і стан ліквіднасці ў замежнай валюце.

Дзмітрый Крук адзначыў, што рост коштаў з’яўляецца агульнасусветнай тэндэнцыяй, але ў Беларусі ён пагаршаецца высокім узроўнем недаверу, што стварае дадатковыя цяжкасці для ўтрымання інфляцыі Нацбанкам і ўрадам. Вынікам можа стаць раскручванне інфляцыйнай спіралі.

Фінансавай стабільнасці пагражае ўстойлівая тэндэнцыя пагаршэння ліквіднасці ў замежнай валюце. Па словах Крука, ужо паўтара года ідзе значны адток дэпазітаў з банкаўскай сістэмы, перш за ўсё ў замежнай валюце.

Эканаміст звярнуў увагу, што кароткатэрміновы рост ВУП, які адзначаецца ў гэтым годзе, адбываецца на фоне нізкіх паказчыкаў за многія гады. Рост, які генеруе эканоміка Беларусі, не ў стане падтрымліваць узровень дабрабыту ў параўнанні з суседнімі краінамі. Разрыў расце з пачатку мінулага дзесяцігоддзя.

Дзмітрый Крук таксама разгледзеў магчымыя наступствы санкцый. Па яго словах, сектаральныя санкцыі могуць закранаць 10 — 13,5% беларускага экспарту. Патэнцыйныя страты ВУП пры рэалізацыі горшага сцэнара могуць дасягнуты 6-10% ВУП. Ён звярнуў увагу на фінансавы складнік санкцый, які аказвае ціск на фінансавую стабільнасць. Разам з тым, дакладна спрагназаваць наступствы санкцый немагчыма.

Крук адзначыў,што абмежаванні могуць і не ахапіць 10-13, 5% экспарту. Акрамя таго, Беларусь можа прадпрымаць меры па абыходзе санкцый або перанакіраванні таварных патокаў на іншыя рынкі, што ў выніку аслабіць наступствы для ВУП.

«Сённяшні адносна спрыяльны момант, ды ён, можна прызнаць, быў спрыяльным, але ён ужо блізкі да свайго завяршэння. Знешнегандлёвы цуд нават без уплыву санкцый з вялікай верагоднасцю ўжо пачынае аслабляцца і з яшчэ большай верагоднасцю неўзабаве вычарпаецца, нават калі б не было санкцый. У сувязі з гэтым ацэнка наша на 2021 год — 2,4% (прыросту ВУП — заўв. Reform.by), калі санкцыі пачнуць уплываць больш інтэнсіўна ўжо ў гэтым годзе-гэта дыяпазон 1,7-2,4% па выніках гэтага года. Гэта нядрэнна, але гэта нельга назваць нейкім каласальным поспехам», — сказаў ён.

Трэба адзначыць, што ў мінулым годзе яшчэ да ўвядзення галіновых санкцый у прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021 год быў закладзены рост ВУП у 1,8%.

Дзмітрый Крук папярэдзіў аб рызыцы спаўзання ў рэцэсію ў 2022 годзе. Асноўнае пытанне, наколькі будзе глыбокай і працяглай будзе рэцэсія, і ці будзе ёй спадарожнічаць фінансавы стрэс або фінансавы крызіс. Рэалізацыя песімістычнага сцэнару можа выліцца ў зацяжную дэпрэсію.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: