Беларуская мова ў бізнес-асяроддзі: мода або рэальнасць?

Пакуль у грамадстве разгараюцца спрэчкі адносна ролі беларускай мовы ў сацыяльна-палітычным жыцці, бізнес пачынае дэманстраваць уласную пазіцыю адносна беларускай мовы. І гэта пазіцыя досыць адназначная.


Павелічэнне колькасці беларускамоўных брэндаў у ТОП–100

Украінскае агенцтва MPP Consulting на працягу апошніх 7 гадоў штогод складае ацэначны рэйтынг ста самых дарагіх нацыянальных брэндаў Беларусі.

Калі зазірнуць у гэтыя рэйтынгі і параўнаць іх вынікі за 2010 і 2016 гады, дык можна ўбачыць, што колькасць беларускамоўных брэндаў вырасла амаль у паўтара разы — з 14 да 20. У сваю чаргу, колькасць рускамоўных марак у ТОП–100 беларускіх брэндаў скарацілася з 43 да 39. Астатнія гандлёвыя маркі нельга адназначна аднесці да якой-небудзь з дзвюх моваў Беларусі.


Рост колькасці беларускамоўных брэндаў у ТОП–100 кажа пра тое, што беларускі буйны бізнес за кошт выкарыстання беларускамоўнага неймінгу імкнецца падкрэсліць сваю беларускую прыналежнасць на знешнім рынку.

Рост колькасці беларуска харчавання

Не толькі буйны бізнес актыўна пераходзіць на беларускую мову. Калі прыгледзецца да шыльдаў беларускіх крамаў, салонаў, кафэ, дык можна заўважыць, што колькасць беларускамоўных шыльдаў паступова павялічваецца. Каб праверыць гэта, звернемся да статыстыкі гандлёвага рэестра, які складаецца Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь.

Дадзеныя гандлёвага рэестра на пачатак 2016 года паказваюць, што ў Беларусі было 159 аб’ектаў грамадскага харчавання з назвамі, што адносяцца толькі да беларускай мовы. У гандлёвым рэестры за студзень 2017 года такіх аб’ектаў харчавання было ўжо 425. Такім чынам, усяго за год колькасць беларускамоўных аб’ектаў грамадскага харчавання вырасла ў 2,7 раза. Гэта сведчыць пра сапраўдны бум беларускамоўнага неймінгу сярод дробнага і сярэдняга бізнесу.

Выкарыстанне беларускіх назваў прадпрыемствамі сферы грамадскага харчавання, як правіла, выклікана імкненнем падкрэсліць аўтэнтычнасць беларускай кухні.

Рост папулярнасці беларускамоўнай рэкламы

Пра рост папулярнасці рэкламы на беларускай мове сведчыць статыстыка фестывалю беларускамоўнай рэкламы «AdNak!». З 2010-га па 2015 год колькасць работ, прадстаўленых на фестываль, павялічылася больш чым у тры разы — са 105 да 370.

Многія буйныя беларускія вытворцы пераходзяць на беларускамоўную рэкламу. З найбольш раскручаных брэндаў можна адзначыць беларусізацыю рэкламы марак «Бульбаш», «Лідскае», «Беларусбанк», velcom.

Рэкламны зварот на беларускай мове пачынаюць актыўна выкарыстоўваць і прадстаўнікі малога бізнесу. Для іх гэта выдатная магчымасць вылучыцца на фоне аднастайных рэкламных аб’яваў канкурэнтаў.

У чым жа прычына паступовай беларусізацыі беларускага бізнесу?


Моднае захапленне або новая рэальнасць

Бізнес, як вядома, вымяраецца грашыма, і таму пазбаўлены якіх-небудзь забабонаў. А значыць, паступовая беларусізацыя бізнесу з’яўляецца сведчаннем таго, што спажывец станоўча рэагуе на беларускамоўную камунікацыю. Чаму так адбываецца?

У любой краіне асноўны аб’ём спажывецкага попыту прыпадае на людзей ва ўзросце ад 25 да 40 гадоў. Менавіта ў гэты ўзрост паступова ўваходзіць пакаленне, якое нарадзілася пасля распаду Савецкага Саюза. Гэта маладое пакаленне пазбаўлена забабонаў адносна статусу Беларусі як «малодшай сястры». Наяўнасць беларускага акцэнту больш не разглядаецца маладымі людзьмі як перашкода для паспяховай кар’еры.

Разам з тым у маладога пакалення існуе патрэба ўсведамлення ўласнай ідэнтычнасці. Гэта тычыцца не толькі чалавека асабіста, аднак і ўсёй беларускай нацыі. Хочацца выразнага вызначэння таго, хто мы і чым адрозніваемся ад астатняга свету.

З усведамленнем уласнай ідэнтычнасці прыходзіць запатрабаванасць словаў і сімвалаў, што былі б зразумелыя толькі беларусам. Адсюль мы назіраем рост папулярнасці спрадвечнай беларускай сімволікі, аўтэнтычнага дызайну, беларускамоўнага неймінгу. У гэтым няма палітычнага падтэксту. Гэта аб’ектыўны працэс станаўлення беларускай дзяржавы.

Змена плацежаздольнага пакалення — толькі адна з прычын росту папулярнасці беларускай мовы. Паступовая беларусізацыі выклікана і макраэканамічнымі прычынамі. У прыватнасці, выкарыстанне беларускай мовы ў афармленні ўпакоўкі тавараў можна разглядаць як складовы элемент праграмы імпартазамяшчэння. Не выпадкова лозунг «Купляйце беларускае» паўстаў яшчэ задоўга да з’яўлення Мытнага Саюза.

Для беларускіх экспарцёраў выкарыстанне беларускай мовы на ўпакоўцы тавараў, якія накіроўваюцца на знешні рынак, увогуле мае сінэргетычны эфект. Бо выкарыстанне беларускай сімволікі адным паспяховым прадпрыемствам ускосна спрыяе выхаду на знешні рынак і іншых беларускіх кампаній.

У сувязі з гэтым самым паказальным прыкладам з’яўляецца ўнутранае афармленне крамаў IKEA. У якой бы краіне ні знаходзілася крама гэтай карпарацыі, у гандлёвай зале заўсёды прысутнічае інфармацыя на шведскай мове. Дзякуючы гэтаму IKEA прасоўвае ў рэгіёне не толькі сябе, але і ўсю Швецыю. Гэты нюанс не зашкодзіла б у­­зяць на ўзбраенне і беларускаму Міністэрству прамысловасці.

Як ні дзіўна, але ў інтарэсах буйнога бізнесу нават новыя рэвалюцыйныя рэформы беларускай мовы. Вяртанне на лацінку ці яе паралельнае выкарыстанне ў дачыненні да беларускай мовы можа адкрыць новыя перспектывы для беларускіх экспарцёраў. Афармленне беларускай прадукцыі стане больш зразумелым і прыязным для замежных спажыўцоў, а выкарыстанне лацінскіх шрыфтоў адкрые новыя магчымасці для беларускіх дызайнераў.

Такім чынам, відавочна, што рост папулярнасці беларускай мовы з’яўляецца зусім не часовай з’явай. Гэта аб’ектыўны працэс, які ў бліжэйшыя гады будзе толькі ўзмацняцца.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: