Беларуская сельская гаспадарка: падзенне і дэградацыя па выніках 2018

Улады апублікавалі статыстыку аб выніках развіцця сельскай гаспадаркі за мінулы год. Падчас першага прагляду вынікаў слова «развіццё» можна смела замяніць на «дэградацыю». Паводле звестак Белстату, вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі ў 2018 годзе скарацілася на 3,4 %.
За апошнія 19 гадоў горшы індэкс выпуску ў сельскай гаспадарцы быў толькі ў 2013 годзе. Пры гэтым у сельгасарганізацыях вытворчасць прадукцыі знізілася яшчэ больш – на 4 %. Гэта значыць, што вынікі фермераў і падсобных гаспадарак насельніцтва былі лепш, чым у былых калгасах і саўгасах.

Уся сельская гаспадарка ў мінусе

У рэгіянальным разрэзе ў невялікі плюс выйшла толькі Віцебская вобласць (+ 0,4 %). Праўда, гэта не канчатковы вынік. У мінулыя гады праверкі Камітэту дзяржкантролю не раз выяўлялі фальсіфікацыю статдадзеных (завышэнне аб’ёмаў) сельгаспрадпрыемстваў.

У самым складаным становішчы знаходзяцца Гомельская і Магілёўская вобласці. У гэтых рэгіёнах вытворчасць сельгаспрадукцыі абвалілася на 7 % і 7,7 % адпаведна. Галоўнай прычынай стратаў сельскіх гаспадарак стаў анамальна нізкі ўраджай збожжавых і зернебабовых культур. Паводле Белстату, у 2018 годзе прадпрыемствы з улікам фермераў і насельніцтва сабралі 6 151 тысячаў тон (у вазе пасля дапрацавання). Гэта самы кепскі вынік з 2006 года, калі было сабрана 5 923 тысячаў тон.

У параўнанні з 2017 годам збор збожжавых і зернебабовых скараціўся на 23,1 %. Гэта ўжо выклікае хуткі рост коштаў на мяса. Дайшло да таго, што чыноўнікі паабяцалі вярнуць дзяржрэгуляванне коштаў на мяса і мясную прадукцыю.

Беларусь без бульбы

Ураджай бульбы стаў самым нізкім з пачатку стагоддзя – 5 865 тысячаў тон. Насельніцтва ўсё менш вырошчвае «другі хлеб» на прысядзібных участках, а дзяржаўныя прадпрыемствы не замяшчаюць выпадаючыя абʼёмы і саступаюць рынак імпарту.

Свінагадоўля ў заняпадзе

У Беларусі адзначаецца рэзкае скарачэнне пагалоўя свіней. За 2018 год яно ўпала на 299 тысячаў галоў (мінус 10,8 %). Улады ўпарта адмаўляюць наяўнасць у краіне афрыканскай чумы свіней, аднак вясной 2018 года закрылі статыстыку па раёнах. На сёння яшчэ ёсць дадзеныя аб пагалоўі свіней па вобласцях. Так, за 2018 год у Гарадзенскай вобласці колькасць свіней знізілася на 21,3 %, на Берасцейшчыне – на 24,5 %, у Гомельскай – на 16,6 %, у Магілёўскай – на 22,2 %.

Беларусы ўцякаюць з вёсак

Працаўнікі сельскай гаспадаркі зʼяўляюцца найбольш загружанымі беларусамі. Адначасова іх праца аплочваецца горш, чым у астатніх галінах. Больш жорсткае становішча толькі ў сацыяльных работнікаў. З сельскіх раёнаў масава ўцякаюць працаздольныя беларусы. Некаторыя рэгіёны могуць апусцець прыкладна праз 20 гадоў. Там застануцца хіба што пенсіянеры і іншыя асобы, якія не занятыя ў эканоміцы.

Танныя крэдыты не дапамагаюць

Пры гэтым беларускія сельгаспрадпрыемствы атрымліваюць самыя танныя рублёвыя крэдыты. Аднак гэта слаба дапамагае ў паляпшэнні разлікаў. Аграрыі стабільна трапляюць у пералік самых таксічных даўжнікоў краіны. Фінансавыя вынікі сельгаспадаркі таксама не выдзяляюцца. За 11 месяцаў 2018 года рэнтабельнасць пры канчатковым выніку без дзяржпадтрымання звалілася да мізэрных 0,3 % (у 2017 годзе было 2 %). Страты арганізацыяў сельскай гаспадаркі без дзяржпадтрымання выраслі на 45 % да 450,1 мільёнаў рублёў.

Доля стратных прадпрыемстваў у аграрнай сферы павялічылася з 56,7 % у 2017 годзе да 59,3 % у 2018-м. Аналізуючы жахлівую неэфектыўнасць у дзяржаўнай сельскай гаспадарцы, улады зноў адклалі рэформы ў аграсектары. Нявырашаныя праблемы сельскай гаспадаркі ўзвалілі на плечы мясцовых бюджэтаў. Патэнцыйна такая палітыка можа выклікаць вялікі крызіс у беларускіх рэгіёнах.

Паводле banki24.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!