Беларускія заводы: банкрутаваць ці ратаваць?

Адна з праяваў заняпаду эканомікі Беларусі — колькасць прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў працэдурах банкруцтва. Сярод іх ёсць шэраг вядомых заводаў. Звальненне пагражае тысячам працаўнікоў. Што праўда, запушчаная працэдура банкруцтва не заўжды заканчваецца ліквідацыяй прадпрыемства.

У Адзіным дзяржрэестры звестак аб банкруцтве — пераважна прыватныя фірмы. Іх больш за 90%. Такія бізнес-варункі, хапае і фірмаў-аднадзёнак. Аднак на пачатак гэтага года ў працэдурах банкруцтва (інакш — эканамічнай неплацежаздольнасці) знаходзяцца каля 200 дзяржаўных арганізацый. Яны з самых розных галінаў і рэгіёнаў. Усіх не пералічыць, таму згадаем некаторыя з іх: Драгічынскі трактарарамонтны завод, «Бабруйскжалезабетон», Слонімская птушкафабрыка, саўгас «Поразаўскі», «Мотавела», Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод, «Забудова», Целяханскі завод сталярных вырабаў, Пружанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, «Магілёўрыба», «Баранавічыдрэў»...

Банкруцтва — гэта прызнаная эканамічным судом устойлівая неплацежаздольнасць даўжніка (юрыдычнай асобы або індывідуальнага прадпрымальніка). Ініцыяваць гэтую працэдуру можа крэдытор або само прадпрыемства. Дарэчы, як тлумачаць у Міністэрстве эканомікі, працаўнікі арганізацыі-даўжніка, калі імі вінныя заробкі ці выхадныя дапамогі, таксама з’яўляюцца крэдыторамі.

У даўгах як у шаўках

Паводле Закона аб банкруцтве, падаць у эканамічны суд заяву аб запуску адпаведнай працэдуры можна пры некалькіх умовах. Першае: калі да прадпрыемства-даўжніка ўжываліся захады па спагнанні запазычанасцяў, але цягам трох месяцаў яно іх не сплаціла, і калі пры спробе спагнання выявілася, што няма маёмасці, дастатковай для задавальнення прад’яўленых патрабаванняў.

Другое: памер запазычанасцяў павінен складаць 100 і больш базавых велічынь, а калі даўжнік зʼяўляецца горадаўтваральнай дзяржаўнай арганізацыяй, юрыдычнай асобай, акцыі (долі ў статутным фондзе) якой знаходзяцца ў кіраванні дзяржаўных органаў, то ў памеры 2500 і больш базавых велічынь. Трэцяе: крэдытор павінен валодаць дакументальна пацверджанымі звесткамі аб неплацежаздольнасці даўжнiка, якая мае або набывае ўстойлівы характар.

Працэдура банкруцтва можа скончыцца ліквідацыяй прадпрыемства або санацыяй, каб зрабіць спробу аднавіць яго плацежаздольнасць. Калі параўнаць з медыцынай, то ў такім выпадку будзе нешта падобнае да правядзення сур’ёзнай аперацыі, а не адпраўленне ў морг. Іншае пытанне — ці дапаможа гэта занядбанаму заводу ці фірме? Таму, калі працаўнік чуе пра тое, што датычна яго прадпрыемства распачалі працэдуру банкруцтва, не варта адразу моцна перажываць, што заўтра акажашся без працы. Гэты працэс, як правіла, расцягваецца на год і болей, і ўсё можа скончыцца спробай эканамічнага аздараўлення.

Аднак вельмі верагодны і песімістычны сцэнар. Са свежых прыкладаў ліквідацыі можна згадаць судовае рашэнне ў лютым аб сконе Мінскага лакафарбавага завода, які быў заснаваны ў 1935 годзе і выпускаў лакі, фарбы, эмалі, грунтоўкі. Праз тэхналагічнае адставанне і менеджарскія памылкі завод папросту не вытрымаў канкурэнцыі. Запазычанасць склала 2 мільёны рублёў, актывы ж гэтага хімічнага прадпрыемства недастатковыя, каб іх прадаць для пагашэння даўгоў, — 1,8 мільёна. У выніку скрушна-іранічна выглядае фраза на сайце завода, што ён ёсць «прагрэсіўным прадпрыемствам у сваёй галіне». Ліквідацыйная вытворчасць датычна Мінскага лакафарбавага завода павінна завершыцца 20 чэрвеня.

Тое самае можа пагра­жаць Мінскаму заводу ацяпляльнага абсталявання, вядомага як радыятарны завод. Заяву ў эканамічны суд падаў адзін з банкаў: даўгі завода — 26,5 мільёна рублёў. Зрэшты, у яго кіраўніцтве і Міністэрстве прамысловасці наважаныя давесці справу да санацыі і рэанімаваць завод. Тым болей, што тут працуюць амаль тысяча чалавек. Хаця многія жыхары Мінска на абшарах вуліц Кальварыйская — Скрыганава — Бірузова былі б радыя закрыццю радыятарнага. Яны даўно скардзяцца, што завод моцна чадзіць.

У працэдуры банкруцтва цяпер і МЗМК — Маладзечанскі завод металаканструкцыяў. Завод наогул працуе ўжо некалькі гадоў са стратамі. Хаця нядаўна выконваў вялікую замову — дах падчас рэканструкцыі мінскага стадыёна «Дынама». І наогул, гэта адзін з самых буйных у СНД вытворцаў вырабаў для будаўнічай галіны. На момант падачы дакументаў у суд крэдыторская запазычанасць складала больш за 30 мільёнаў рублёў, актывы пакрывалі іх толькі напалову.

МЗМК дакладна чакае санацыя. Усё ж гэта знакавае прадпрыемства, дзе працуюць 800 чалавек. Дый працэдуру банкруцтва ініцыяваў сам завод — звычайна дзеля санацыі так і робіцца. Хаця бываюць выпадкі крымінальнага самазбанкрутавання, ці калі нейкае прадпрыемства банкрутуюць наўмысна, каб расчысціць рынак канкурэнтам. Так што працоўныя МЗМК, якія ў свой час, некалькі гадоў таму, ладзілі страйк праз праблемы з выплатай заробкаў, могуць не турбавацца: іх прадпрыемства закрывацца не будзе.


Ідэалогія аптымізму

Праз тое, што працэдура банкруцтва гучыць трывожна, інфармацыя пра гэта сапраўды часта правакуе пярэпалах сярод працоўных і іх сем’яў. Тут ужо справа дырэктарату і ўладаў патлумачыць сітуацыю на пальцах. Народ, натуральна, супакоіць можна, але ж факт, што прадпрыемства ў даўгах, а эканоміка краіны агулам зусім не квітнее, нікуды не падзенецца. Дый дзе гарантыя, што санацыя дасць плён?

Падобную тлумачальную працу давялося рабіць пры канцы 2018 года на Гомельскім тлушчавым камбінаце, прычым дастаткова нервова. Маўляў, паводле гарвыканкамаўскай газеты «Гомельскія ведамасці», «проста напісаць, што прадпрыемства — банкрут, гэта моцны ўдар па ягоным іміджы, па працы людзей». Улады перакананыя, што «прадпрыемства можна падняць», а прыбылы на яго антыкрызісны кіраўнік мае досвед паспяховай санацыі — адраджэння Калінкавіцкага мэблевага камбінату. Перад працоўным калектывам выступіла нават старшыня эканамічнага суда Гомельскай вобласці, каб патлумачыць розніцу паміж банкруцтвам як непажаданай ліквідацыяй і меркаванай санацыяй.

Паглядзець, якія дзяржаўныя прадпрыемствы ў Адзіным дзяржрэестры звестак аб банкруцтве ліквідуюцца, то бок неўзабаве знікнуць, а якія праходзяць санацыю, то-бок маюць шанец эканамічна акрыяць, можна на Bankrot.gov.by. Для аптымізму зазначым, што калісьці праз працэдуру банкруцтва праходзілі даволі паспяховыя сёння Мінскі гадзіннікавы завод і Мінскі маргарынавы завод.


Людзей-банкрутаў не будзе

Неўзабаве будзе прыняты новы Закон аб банкруцтве, і Мінэканомікі хоча там прапісаць крытэры спынення неэфектыўнай санацыі. Каб дырэктары-халяўшчыкі не замарожвалі проста даўгі і не кіравалі па шмат гадоў за кошт іншых: калі не шукаюцца новыя рынкі збыту, не праводзіцца перапрафіляванне вытворчасці і гэтак далей.

Верагодна, будзе ўведзены механізм, калі за даўгі крэдыторам можна будзе забіраць актывы (маёмасць, акцыі) «ляжачага» прадпрыемства. Цяпер такая змена ўласніка пры захаванні прадпрыемства магчымая толькі ў аграпрамысловым комплексе. Ёсць таксама ідэя прызначаць на занядбаныя прадпрыемствы антыкрызісных кіраўнікоў выпадковым чынам праз адмысловую праграму. Гэта забяспечыць незалежнасць іх дзейнасці. Дзякуючы ж развіццю электронных рэсурсаў плануецца скараціць час на розныя бюракратычныя захады.

А прапісаны заканадаўча механізм прагнозу на стан крызіснай неплацежаздольнасці дапаможа пачаць выратавальную санацыю своечасова. Цяпер, каб справа аб банкруцтве была адкрытая і разгледжаная, неабходна назапашваць неплацежаздольнасць чатыры кварталы. Але варта, каб субʼект гаспадарання, прадбачачы фінансавае падзенне, мог добраахвотна ініцыяваць узбуджэнне справы ў эканамічным судзе як мага раней. Каб не назапашваць даўгі, не губляць каштоўных работнікаў, не займацца няпрофільнай дзейнасцю, кшталту здачы ў арэнду памяшканняў.


Абмяркоўвалася і ўвядзенне інстытуту банкруцтва фізічных асобаў: калі, паводле суду, чалавеку з такім статусам пакідаюць толькі самае мінімальна неабходнае з жылля, вопраткі і пэўную суму грошай, а ўсё астатняе спаганяецца-забіраецца на пагашэнне даўгоў. Але было вырашана, што гэта ў нас неактуальна. Тыя самыя банкі кажуць, што выпадкі, калі чалавек набірае крэдытаў і потым не можа іх выплаціць, не ёсць крытычнай масавай з’явай.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!