Беларускімі нафтапрадуктамі заняліся сябры Пуціна з крымінальным мінулым

«Пецярбургскі нафтавы тэрмінал» пачаў перавалку беларускіх нафтапрадуктаў. Чаму менавіта ён?


АТ «Пецярбургскі нафтавы тэрмінал» прыняў першую партыю беларускіх нафтапрадуктаў, паведамілі ў прэс-службе кампаніі.

Груз мазуту аб’ёмам 3,6 тыс. тон прыбыў на ПНТ па чыгунцы.

«Па ўмовах дагавора гарантаваны аб’ём паставак нафтапрадуктаў на ПНТ у 2021 годзе складзе 680 тыс. тон мазуту і 130 тыс. тон сумесевага алею», — сказалі ў прэс-службе.

«Перавалка нафтапрадуктаў — высокаканкурэнтны рынак, на якім цэняцца доўгатэрміновыя кантракты. ПНТ як сервісная кампанія аказвае паслугі ўсім пастаўшчыкам і грузаадпраўшчыкам. Раней у нашага тэрмінала ўжо быў досвед перавалкі невялікіх партый нафтапрадуктаў з Беларусі», — прывялі ў прэс-службе словы старшыні савета дырэктараў ПНТ Міхаіла Скігіна.

Цікавыя факты пра «Пецярбургскі нафтавы тэрмінал» прыводзіць тэлеграм-канал «Запраўка».

«Уласнікамі тэрмінала з'яўляюцца сыны Дзмітрыя Скігіна (памёр у 2003 годзе) і Сяргей Васільеў. Абодва бізнесмены блізкія да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна яшчэ з часоў яго працы ў мэрыі Санкт-Пецярбурга.

Выглядае, што беларускім экспарцёрам будзе вельмі праблематычна “саскочыць” з паставак нафтапрадуктаў на такі тэрмінал».

А тэлеграм-канал «Эканоміка па-беларуску» прыводзіць яшчэ больш цікавыя факты пра ўладальнікаў тэрмінала з базы «Пуцінізм»:

«Калі Сабчак выбары прайграў [у 1996 г.]..., то Уладзіміру Уладзіміравічу стала цяжка. Незразумела стала, за што яму долю плаціць. Дзіма Скігін, таварыш мой і партнёр па кампаніях “Сігма” і “Совэкс”, паведаміў мне, што вырашыў зрабіць крыху рызыкоўны ход — падтрымаць Уладзіміра Уладзіміравіча захаваннем яго долі ва ўжо працаваўшым нафтаналіўным тэрмінале [у марскім порце] і ў “Совэксе” [заправачным тэрмінале для самалётаў у Пулкава]».

«Скігін быў не проста камерсантам, які працаваў з піцерскімі бандытамі (з Траберам і Сяргеем Васільевым). Ён быў фінансістам тамбоўскай АЗГ, найбуйнейшай банды ў горадзе, а з канца 90-х — трымальнікам яе "абшчаку" ў Еўропе. За што быў нават дэпартаваны з Манака ў 2000 годзе па абвінавачанні ў адмыванні грошай».

«Скігін Дзімітрыёс, 1956 г. н. Грамадзянства — Грэцыя. Рашэнне аб дэпартацыі №00-62 ад 19 траўня 2000 г. Далей — матэрыялы аператыўнай распрацоўкі. Звязаны з Іллёй Траберам з "Groupe criminel russe Tambov" (даслоўна: руская злачынная група Тамбоў). Удзельнічаў у стварэнні шэрагу фірм разам з Траберам: “Пецярбургскі нафтавы тэрмінал”, ОБІП (трабераўская кантора, якая кіравала марскім портам Пецярбурга з 1997 года) і г. д.»



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: