Беларусы-эмігранты заклікалі Лонданскую фондавую біржу выключыць з абарачэння беларускія аблігацыі

Ініцыятары закліку да Лонданскай фондавай біржы адмовіцца ад абарачэння беларускіх аблігацый на 1 млрд фунтаў стэрлінгаў спасылаюцца на меркаваную фальсіфікацыю вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах на карысць Лукашэнкі, піша брытанскі партал CITYA.M.


У чэрвені сёлета ўрад Беларусі ўпершыню размясціў аблігацыі на суму 1,25 млрд долараў (930 млрд фунтаў) на Лонданскай фондавай біржы.

Група беларускіх эмігрантаў, аб’яднаных у групу «Надзея», у чацьвер правядзе акцыю пратэсту каля фондавай біржы ў лонданскім Сіці, патрабуючы выключэння аблігацый.

Група сцвярджае, што аблігацыі «ў канчатковым выніку фінансуюць тэрарыстычны рэжым Лукашэнкі ў Беларусі».

Людміла д’Круз, адна з арганізатараў «Надзеі», сказала, што ў лонданскага Сіці ёсць маральная адказнасць не дапамагаць фінансаваць рэжым Лукашэнкі: «Адбываецца тое, што беларускі ўрад выкарыстоўвае фінансавыя інструменты, створаныя ў дэмакратычным грамадстве — Злучаным Каралеўстве — для збору сродкаў на жорсткі і амаральны рэжым. Я абсалютна ўпэўненая, што Сіці абавязаны супрацьстаяць гэтаму. Міністар замежных спраў Дамінік Рааб выступіў з заявай, у якой гаворыцца, што Вялікая Брытанія не прызнае вынікаў выбараў, і я лічу, што фінансавыя ўстановы таксама павінны адрэагаваць аналагічным чынам».

Лонданская фондавая біржа адмовілася каментаваць пратэст.

Нагадаем, што Вялікабрытанія не прызнала вынікі выбараў, бо з’явіліся доказы фальсіфікацый. Мірныя пратэсты выклікалі бурную рэакцыю з боку міліцыі краіны: тысячы людзей арыштаваныя і сама меней чацьвёра забітыя.

Група «Надзея» таксама заклікае ўрад Вялікай Брытаніі ўвесці санкцыі супраць беларускага ўраду і кампаній, звязаных з рэжымам. Вялікая Брытанія нядаўна прыняла закон Магніцкага, які дазваляе ўраду прымяняць санкцыі да замежных грамадзянаў за парушэнні правоў чалавека.

На пытанне аб магчымым прымяненні гэтага закону супраць беларускіх дзеячаў Міністэрства замежных спраў і ў справах Садружнасці адмовілася ад каментароў.

Паводле Радыё Свабода



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: