Беларусы кідаюць гуляць у латарэі

Міністэрства фінансаў апублічыла дадзеныя з Дзяржаўнага рэестру латарэяў. Усяго іх у Беларусі цяпер 35. Між тым, людзі з кожным годам купляюць усё меней білетаў. У параўнанні з бумнымі часамі — у разы. Але ўлады не пакідаюць намаганняў заахвоціць народ гуляць на меркантыльнае шчасце.

З 35 дзейных латарэяў 28 належаць рэспубліканскаму ўнітарнаму прадпрыемству «Беларускія латарэі», а 7 — РУП «Нацыянальныя спартовыя латарэі».

У «Нацыянальных спартовых латарэй» заснавальнік — Міністэрства спорта і турызма. «Беларускія латарэі» заснавала ў 1999 годзе Упраўленне справамі прэзідэнта. Паводле афіцыйнай мэты, грошы ад правядзення латарэй павінны ісці на дабрачынныя акцыі, а таксама ў бюджэт для фінансавання важных сацыяльных праграмаў. Карацей, сацыяльная палітыка забяспечваецца не толькі падаткамі грамадзян, але і іхняй азартнасцю.

Аднак апошнімі гадамі беларусы сталі меней спадзявацца на ўзбагачэнне праз латарэі. Мы вывучылі статыстыку вядомых гульняў «Суперлато» і «Ваша лато». Аб’ёмы продажаў латарэйных білетаў у іх скараціліся ў разы. Дый вы самі маглі заўважыць, што адпаведна і прызы сталі сціплейшымі. Шмат іх толькі на святочныя разыгранкі — з нагоды 8 сакавіка ці на Новы год.

Напрыклад, «Ваша лота» прадавала ў студзені гэтага года ад 22 да 25 тысяч білетаў на кожны розыгрыш. У студзені 2018-га было ад 25 да 34 тысяч. А цяпер возьмем студзень 2015 года: прадавалася па 80-90 тысяч латарэйных білетаў на розыгрыш. А ў 2013 годзе беларусы набывалі амаль удвая болей латарэек гэтай гульні.
Па больш папулярным «Суперлато» такая самая дынаміка ўніз: 50-70 тысяч білетаў цяпер, 70-100 тысяч год таму, у студзені 2015-га народ купляў на кожны розыгрыш больш за чвэрць мільёна білетаў.

Безумоўна, дзяржаву непакоіць, што аматараў халявы паменела: ці то праз крызісную эканомію сямейнага бюджэту, ці то праз знявер ва ўдачу, ці то праз скепсіс наконт таго, ці сапраўды латарэйныя грошы ідуць на «сацыялку». Адным з апошніх захадаў уладаў па заахвочвані беларусаў гуляць у латарэі стаў указ Аляксандра Лукашэнкі ад 7 жніўня 2018 года, якім ён унес змены ў Палажэнне аб парадку ажыццяўлення латарэйнай дзейнасці.

Так, дапушчальны памер прызавога фонда электронных латарэй істотна ўзрастае — да 95% ад прынятых ставак. Было 45-50%. Мэта — «забеспячэнне спрыяльных умоў для арганізацыі і правядзення электронных латарэй, павелічэння аб’ёмаў рэалізацыі латарэйнай прадукцыі і, як следства, грашовых паступленняў у бюджэт для фінансавання мерапрыемстваў сацыяльнага характару».

Карацей, цяпер гульцоў будуць больш актыўна спакушаць у інтэрнеце. Цікава, што іншым сваім указам у гэты дзень кіраўнік краіны легалізаваў у Беларусі анлайн-казіно.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!