«БелДжы» ўсё ніяк не можа выйсці на праектную магутнасць

Хоць з моманту запуску завода прайшло ўжо амаль тры гады.
Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна)

Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна)

СЗАТ «БелДжы» адсправаздачылася, што ў першым паўгоддзі гэтага года было выраблена каля 8,6 тысяч аўтамабіляў. У планах прадпрыемства да 2020-га — вырабіць 20 тысяч аўтамабіляў, а таксама пашырыць экспарт у краіны ЕАЭС, Украіну і Літву, паведамілі БЕЛТА на заводзе.

Інфармацыя падаецца пад падліўкай пазітыву — напрыклад, паведамляецца, што аб'ём прамысловай вытворчасці ў першым паўгоддзі павялічыўся на 11,3%. Аднак на самай справе лічбы за першае паўгоддзе і планы ў цэлым на год кажуць хутчэй пра правал вытворцы.

Глядзіце самі: яшчэ ўвосень мінулага года дырэктар «БелДжы» Генадзь Свідзерскі казаў, што ў 2020 годзе плануюць выпусціць да 35 тысяч аўто.

 Завод запраектаваны на выпуск 120 аўто ў змену, на сённяшні дзень выпускаем 100-110, што практычна адпавядае вытворчай магутнасці, — адзначыў ён.

У студзені Свідзерскі адкарэктаваў планы: планавалася нарасціць аб'ёмы вытворчасці да 30 тысяч машын у год.

Увесну прагучала новая лічба: у бягучым годзе «БелДжы» планавала рэалізаваць 28 тысяч аўтамабіляў.

Але рэальнасць, у тым ліку ў выглядзе каронакрызіса, нанесла па вытворцы чарговы ўдар. І вось зараз план на гэты год скараціўся ўжо да 20 тысяч аўто.

Зусім жа сумна карціна выглядае, калі ўспомніць словы Аляксандра Лукашэнкі пры запуску новага завода восенню 2017 года. Ён заявіў, што для выхаду на рэнтабельнасць вытворцу неабходна рэалізоўваць мінімум 35 тысяч аўтамабіляў у год. А наогул планы былі грандыёзныя: «Думаю, што 60 тысяч аўтамабіляў мы прададзім і пойдзем на 120 тысяч».

І вось прайшло амаль тры гады, а «БелДжы», мяркуючы па статыстыцы, не можа нават выйсці на праектную магутнасць. Пры гэтым чыноўнікі маўчаць аб рэнтабельнасці прадпрыемства і перспектыў па вяртанні грошай, укладзеных у будаўніцтва завода.

У Беларусі легкавыя аўто распіхаць па дзяржустановах і з дапамогай ільготных крэдытаў для фізічных асоб. А вось з экспартам — правал.

Новы завод па выпуску айчынных легкавых аўтамабіляў мог стаць фішкай перадвыбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі, які ініцыяваў яго будаўніцтва. На справе ж прадпрыемства становіцца чарговым ўвасабленнем неэфектыўнай эканамічнай палітыкі ўладаў.

Паводле Салідарнасці

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: