«Белшына» просіць дзяржпадтрымкі для выхаду з крызісу

У ААТ «Белшына» прапрацоўваюць праграму фінансавага аздараўлення прадпрыемства.
Намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сямашка 3 жніўня 2018 г. правёў у ААТ «Белшына» нараду, на якой былі абмеркаваны шляхі выхаду арганізацыі са складанай фінансавай сітуацыі. Пра гэта паведамляе прэс-служба канцэрна Белнафтахім.

На нарадзе новы генеральны дырэктар «Белшыны» Уладзімір Карпяк назваў праблемы, якія патрабуюць падтрымкі з боку органаў дзяржкіравання.

Ён адзначыў, што з мэтай павышэння эфектыўнасці работы праводзіцца рэарганізацыя тавараправоднай сеткі ААТ «Белшына» ў РФ і далучэнне яе да галіновай сеткі ТПС канцэрна «Белнафтахім». Праводзіцца тэндэр на закупку асноўных відаў сыравіны на 2019 г.. Выконваецца комплекс мерапрыемстваў па скарачэнні тэрмінаў абарачальнасці фінансавых сродкаў. Завяршаюцца выпрабаванні новых звышбуйнагабарытных шын дыяметрам 57 цаляў, выпушчаных у рамках рэалізацыі першай чаргі інвестыцыйнага праекта «Галоўны корпус завода ЗБГШ. Стварэнне вытворчасці ЦМК шын радыяльнай канструкцыі з пасадачным дыяметрам да 63 цаляў з рэканструкцыяй падрыхтоўчага цэха». Ва ўмовах зніжэння рэнтабельнасці продажаў і высокай закрэдытаванасці арганізацыя прыступае да рэалізацыі другой чаргі праекта. У сувязі з гэтым Белшына адчувае складанасці ў падтрымцы сваіх сельскагаспадарчых і сацыяльных аб'ектаў.

Уладзімір Сямашка даў шэраг даручэнняў як кіраўніцтву ААТ «Белшына», так і іншым прысутным кіраўнікам. Праца ААТ «Белшына» па-ранейшаму будзе знаходзіцца пад урадавым кантролем.

Нагадаем, чыстая страта ААТ «Белшына» ў 2017 годзе вырасла у 65 разоў, да 274,17 мільёнаў рублёў (больш за 135 мільёнаў даляраў). Разам з тым, выручка «Белшыны» вырасла на 10,2%, да 740 мільёнаў рублей.Прыбытак ад рэалізацыі павялічыўся на 24%, да 22,57 мільёнаў рублёў. Доўгатэрміновыя крэдыты і пазыкі на пачатак гэтага года дасягнулі 357,8 мільёнаў рублёў, кароткатэрміновыя — 264,5 мільёнаў.


Паводле belmarket.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!