Бензін даражэе — беларусы размятаюць новыя аўто

21 лютага ў Беларусі на капейку, але зноў падаражэлі бензін і дызельнае паліва. Паіранізуем, што ўсяго толькі першы раз у гэтым годзе, бо летась кошты на АЗС падымаліся болей за 20 разоў. Пры гэтым беларусы ў 2018 годзе паставілі рэкорд па набыцці новых аўтамабіляў.
Парадокс? Чаму так сталася, ад чаго залежыў вялізны попыт пры пастаянным падаражэнні паліва і якім ён будзе ў гэтым годзе?

У 2018 годзе беларусы набылі амаль 53 тысячы новых машын, з іх прыкладна 49 тысяч — легкавікі, астатнія — камерцыйныя. У параўнанні з 2017 годам рост продажаў склаў 54%!

Колькасць новых прададзеных аўтамабіляў у 2014-2018 гг.


У выніку наша краіна дасягнула паказчыку ў 5 набытых новых аўтамабіляў на тысячу чалавек. Зрэшты, гэта ўсё адно з аўстайдарскіх месцаў у Еўропе па аўтамабілізацыі, бо ў заможных краінах на тысячу асобаў прыпадаў больш за 30 новых аўто.

Адметнасцю ёсць тое, што 90% новых аўто, набытых беларусамі, — гэта машыны расійскай зборкі. Беларуская аўтамабільная асацыяцыя, якая аб’ядноўвае амаль усіх аўтадылераў, апублічніла спіс продажаў розных брэндаў.

Аб'ёмы продажаў марак


Напачатку 2018 года прагнозы БАА былі вельмі асцярожныя — меркаваны рост продажаў пазначаўся ў калідоры 5-10%. Галоўным чыннікам стала павелічэнне даступнасці крэдытавання — большасць аўто куплялася з дапамогай, як кажуць, «фінансавых інструментаў». Плюс — эфект гарантыйнага абслугоўвання ды іншых паслугаў. Многія кіроўцы ў выніку робяць выснову, што купіць новы аўтамабіль больш выгадна, чым узяць машыну з прабегам, хай яна і з Захаду.

На рост пакупніцкага попыту істотна паўплывала і чаканне таго, што кошты на аўтамабілі з Расіі павінны вырасці. Аслабляўся і будзе аслабляцца расійскі рубель. Імпартныя камплектуючыя для тамтэйшых заводаў даражэюць. Апрача таго, мяркуецца скарачэнне іх дзяржпадтрымкі. Эканоміка Расіі наагул не ў парадку. Зрэшты, шмат будзе залежыць ад таго, які курс беларускага рубля будуць трымаць у нас. 

Адзначым, што і расійскія аўтаэксперты пры канцы мінулага года папярэджвалі сваіх суайчыннікаў, што мясцовыя машыны ў 2019-м падаражэюць. Сярод чыннікаў, апрача інфляцыі, называліся таксама падрослы ПДВ і абнаўленне некаторых мадэляў.

Не выключана і павелічэнне ставак утылізацыйнага збору. Усё гэта адаб’ецца на продажах новых аўтамабіляў у 2019 годзе разам з тым, што насельніцтва Беларусі і так моцна закрэдытавалася, таму банкі пры канцы года абцяжарылі ўмовы выдавання крэдытаў. Як вынік, паводле дылераў, снежань 2018-га пры рэкордных продажах за ўвесь год аказаўся анамальна правальным: не спрацаваў нават традыцыйны пераднавагодні ажыятаж. Аптымістычны прагноз экспертаў — рост продажаў новых аўто ў Беларусі на 10-15%.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: