Беларускія тавары будуць прасоўваць адміністрацыйным рэсурсам — як музыку

Каб павялічыць прысутнасць беларускіх тавараў на ўнутраным рынку, трэба выкарыстоўваць у комплексе як адміністрацыйны рэсурс, так і эканамічныя рычагі, лічыць старшыня Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Аляксандр Швец.



«Пытанне павінна насіць комплексны характар. Павінны выкарыстоўвацца і адміністрацыйныя, і эканамічныя спосабы ўключэння беларускіх тавараў у гандаль на ўнутраным рынку», — заявіў Швец агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у чацвер. Такім чынам ён пракаментаваў выказванні віцэ-прэм’ера Беларусі Пятра Пракаповіча аб тым, што долю тавараў беларускай вытворчасці на ўнутраным рынку варта давесці да 80-90%.

У сувязі з гэтым Швец заўважыў, што ў ходзе семінара-нарады гаворка аб увядзенні якой-небудзь адміністрацыйнай квоты адносна долі беларускіх тавараў у гандлі не ішла. «Пра квоту гаворкі не было. Але калі глядзець на рэчы цвяроза, то я думаю, што дзяржава мае права і магчымасці выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс, і ў гэтым ёсць доля сэнсу», — сказаў ён.

Кіраўнік БНПА звярнуў увагу на тое, што сёння ў рознічным гандлі узмацняецца прысутнасць буйных рытэйлераў, адпаведна расце і доля імпартных тавараў у гандлёвым абароце. Гэта звязана з тым, што многія рытэйлеры маюць магчымасць увозіць імпартную прадукцыю па нізкіх коштах. «У іх расклад не на карысць беларускіх тавараў. Але буйныя гандлёвыя сеткі маюць свае аргументы. Яны кажуць, што ўвоз танны і якасны імпарт, клапоцяцца пра нашых грамадзян. Яны пакрываюць такім чынам рэальны ўнутраны попыт, сфармаваны на аснове рэальных грашовых даходаў, і гэта правільна. Але так мы ніколі не выйдзем з гэтай сітуацыі», — адзначыў А.Швец.

На яго думку, часткова праблема магла б вырашыцца, калі б буйныя рытэйлеры не толькі гандлявалі, але і самі стваралі б ў Беларусі вытворчасці харчовых і прамысловых тавараў.

Разважаючы пра тое, ці прыносіць рэальную карысць прымяненне адміністрацыйнага рэсурсу, Швец нагадаў, што ў 2005 годзе быў прыняты закон аб тым, што ў ратацыі на беларускіх радыёстанцыях павінна быць не менш за 75% песень беларускіх выканаўцаў. «Тады многія крытыкавалі гэта рашэнне. Прайшоў час, і што мы бачым? Беларускіх выканаўцаў ведаюць, іх песні запатрабаваныя», — сказаў кіраўнік БНПА.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: