Беларускія тавары губляюць спажыўцоў

Мінгандлю адзначае ўстойлівую тэндэнцыю зніжэння ўдзельнай вагі продажу беларускіх тавараў. Пра гэта паведаміў намеснік міністра гандлю Вячаслаў Драгун 28 красавіка на калегіі міністэрства.



Па словах Драгуна, доля айчыннай прадукцыі знізілася з 69,4 % у студзені-сакавіку 2014 года да 68,9 % за аналагічны перыяд бягучага года. У апошні час страцілі свае пазіцыі беларуская гародніна, кандытарскія вырабы з цукру, мінеральная вада, безалкагольныя напоі, тытунёвыя вырабы, дзіцячае харчаванне, абутак, трыкатажныя вырабы і іншыя тавары.

Намеснік міністра звярнуў увагу прысутных на нізкую ўдзельную вагу продажу тавараў айчыннай вытворчасці ў аб'ектах гандлю сеткавых кампаній, чым у цэлым па рэспубліцы, а па нехарчовых таварах гэты аб'ём меншы практычна ўдвая. Гэта тлумачыцца тым, што з улікам жорсткай цэнавай канкурэнцыі на спажывецкім рынку і ў мэтах наяўнасці шырокага асартыменту тавараў найбольш буйныя сеткавыя кампаніі актыўна імпартуюць тавары для сваіх рознічных гандлёвых арганізацый, растлумачыў Драгун.

Як адзначыў намеснік міністра, сёння існуюць фактары, якія стрымліваюць продаж айчыннай прадукцыі: неканкурэнтаздольнасць шэрагу тавараў па цане і якасці, нерытмічнасць паставак тавараў вытворцамі, нізкая маркетынгавая, у тым ліку рэкламная, актыўнасць вытворцаў, нізкая актыўнасць у цэнавых і прома-акцыях па прасоўванні выпускаемай прадукцыі і інш.

Намеснік міністра гандлю Вячаслаў Драгун адзначыў, што няма шырокага асартыменту бытавой тэхнікі айчынных вытворцаў.

Не выкананыя заяўкі на пастаўку алею расліннага, дзіцячых пладоваагароднінных кансерваў, сухіх сумесяў для дзіцячага харчавання і іншай прадукцыі некаторымі вытворцамі.

Драгун рэкамендаваў айчынным вытворцам правесці работу па павышэнню канкурэнтаздольнасці выпускаемай прадукцыі, бо цяпер шмат пытанняў узнікае наконт упакоўкі беларускіх тавараў, дызайн якой не мяняецца на працягу дзесяцігоддзяў.

Не спрыяюць росту аб'ёмаў продажу харчовых тавараў айчыннай вытворчасці і адпускныя цэны на некаторыя з іх. Часцяком аналагічная імпартная прадукцыя  адаецца танней на 10 — 30 %.

Да таго ж маюцца прэтэнзіі па рэалізацыі айчынных тавараў да сеткавых кампаній.

БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: