Бюджэт можа пазбавіцца нафтавых даходаў амаль на 1,5 млрд рублёў

 У 2020 годзе страты бюджэту з-за выпадаючых нафтавых даходаў могуць скласці амаль 1,5 млрд рублёў. Паводле звестак БелаПАН, да такой высновы прыйшлі ўлады пры ацэнцы параметраў бюджэту на наступны год.

Фота depositphotos.com

У прыватнасці, рэалізацыя "падатковага манеўру" ў расійскай нафтавай галіне, паводле падлікаў уладаў, можа прывесці да страты 537,2 млн рублёў даходаў бюджэту ад вывазных мытных пошлін на нафтапрадукты. Акрамя гэтага, спыненне дзеяння дамоўленасцяў з Расіяй у нафтагазавай сферы можа прывесці да страт яшчэ 950,9 млн рублёў.

Нагадаем, Расія ў 2017 годзе з мэтай кампенсацыі высокіх (на думку беларускага боку) цэн на газ дала Беларусі магчымасць залічаць у свой бюджэт мытную пошліну ад 6 млн тон нафты. Беларуска-расійскія дамоўленасці ў нафтагазавай сферы мінаюць у гэтым годзе.

На думку эканамістаў, магчымыя страты нафтавых даходаў для Беларусі ў наступным годзе даволі істотныя.

"Нафтавыя страты, калі не будзе ніякай кампенсацыі, некрытычныя, але істотныя для беларускага бюджэту і для валютнага рынку. Зніжэнне нафтавых даходаў на 600—700 млн долараў, якое можа адбыцца ў наступным годзе, ускладніць задачу павелічэння золатавалютных рэзерваў", — адзначыў у каментары БелаПАН старшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.

Пры гэтым ён звярнуў увагу, што ў 2017—2018 гадах за кошт павелічэння нафтавых даходаў удалося выканаць бюджэт з вялікім прафіцытам (3% ВУП у 2017 годзе, 4% ВУП у 2018-м) і ў бюджэце назапасіліся нявыкарыстаныя рэшткі.

"За кошт гэтай крыніцы некаторы час можна кампенсаваць страты, звязаныя з выпадзеннем нафтавых даходаў. Цяпер беларускія ўлады ўсяляк імкнуцца атрымаць кампенсацыю за падатковы манеўр. Калі гэтага не здарыцца, пачнецца пошук шляхоў, як рэагаваць на ўзніклы прагал у бюджэце", — мяркуе Дзмітрый Крук.

Беларусь і Расія ўжо больш за год абмяркоўваюць пытанне аб кампенсацыі за падатковы манеўр у нафтавай сферы. Таксама ў гэтым годзе мінае кантракт на пастаўку расійскага газу ў Беларусь. Беларускі бок настойвае на кампенсацыі страт за падатковы манеўр, а таксама на зніжэнні цаны на газ да ўнутрырасійскага ўзроўню. У сваю чаргу Расія звязала вырашэнне гэтых пытанняў з тэмай паглыблення эканамічнай інтэграцыі паміж дзвюма краінамі.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!