Бюджэт пражытачнага мінімуму ў Беларусі павышаны на 2,1%

 1 лістапада бюджэт пражытачнага мінімуму (БПМ) у сярэднім на душу насельніцтва ў Беларусі павышаны да 1 млн. 47 тыс. 530 рублёў, што на 2,1% больш за папярэдні нарматыў (з 1 жніўня па 31 кастрычніка БПМ раўняўся 1 млн. 26 тыс. 290 рублёў). 



Новы БПМ у сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах у цэнах верасня 2013 года ў разліку на адзін месяц зацверджаны пастановай Савета міністраў № 939 ад 29 кастрычніка 2013 года, паведаміла прэс-служба ўрада. 



Для працаздольнага насельніцтва БПМ устаноўлены ў 1 млн. 158 тыс. 520 рублёў, для пенсіянераў — 867 тыс. 80, для дзяцей да трох гадоў — 893 тыс. 970, для дзяцей ад трох да шасці гадоў — 1 млн. 156 тыс. 190, для дзяцей ад шасці да 18 гадоў — 1 млн. 165 тыс. 460, для дзяцей-студэнтаў — 1 млн. 35 тыс. 430 рублёў. 



Перыяд дзеяння гэтых сацыяльных нарматываў — з 1 лістапада 2013 года па 31 студзеня 2014 года. 



Паколькі БПМ павысіўся на 2,1%, адпаведна з лістапада павялічаны памеры працоўных мінімальных і сацыяльных пенсій, а таксама надбаўкі і павышэнні, устаноўленыя да пенсій асобных катэгорый пенсіянераў. На такую ж велічыню ўзрастуць некаторыя віды дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей. 



Бюджэт пражытачнага мінімуму паквартальна зацвярджаецца ўрадам у цэнах апошняга месяца кожнага квартала. У адпаведнасці з законам "Аб пражытачным мінімуме ў Рэспубліцы Беларусь" БПМ прызначаны для аналізу і прагназавання ўзроўню жыцця насельніцтва, аказання дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі малазабяспечаным грамадзянам (сем'ям), абгрунтавання мінімальных дзяржаўных сацыяльна-працоўных гарантый. БПМ уяўляе сабой вартасную велічыню мінімальнага набору матэрыяльных даброт і паслуг, неабходных для забеспячэння жыццядзейнасці чалавека і захавання яго здароўя, а таксама абавязковыя плацяжы і ўзносы.

 

Марына Носава, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!