Bloomberg: айцішнікі масава эмігруюць з Беларусі

Экспарт прадуктаў ІТ-сектара прынёс Беларусі ў 2019 годзе $2,2 мільярда. Цяпер усё больш беларускіх спецыялістаў вымушаныя з'язджаць з-за палітычнага пераследу. Велізарная страта для эканомікі Беларусі становіцца прыбыткам для суседніх краін.

 

IT-сектар Беларусі, які прыносіў дзяржаве значныя даходы, на вачах распадаецца, піша сусветнае бізнес-выданне Bloomberg. Усім вядомая праграма для абмену паведамленнямі Viber і легендарная анлайн-гульня World of Tanks з'явіліся дзякуючы таленавітым беларусам. У 2019 годзе экспарт прадуктаў ІТ-сектара прынёс Беларусі $2,2 мільярда. Аднак цяпер будучыня беларускага ІТ стаіць пад вялікім пытаннем, бо ўсё больш беларускіх спецыялістаў вымушаныя з'язджаць праз пераслед лукашэнкаўцамі, піша Bloomberg.

Некаторыя IT-кампаніі часткова або цалкам перанеслі свае офісы за мяжу.

Японская кампанія Rakuten, якая валодае Viber, адна з першых закрыла свой офіс у Беларусі пасля жорсткага збіцця пратэстоўцаў АМАПам у жніўні.

Аляксандр Куўшынаў, топ-менеджар кампаніі Gurtam, якая стварае сістэмы для GPS-маніторынгу, пакінуў краіну пасля таго, як убачыў сябе на дзяржаўным тэлебачанні ў рэпартажы пра расследаванне ў Pandadoc — яшчэ адной тэхналагічнай кампаніі, дзе працаваў яго брат Віктар.

«Мы думалі, што гэта будзе кароткая рабочая паездка, таму нават не бралі зімовага адзення. Прайшло паўгода, мы ўсё яшчэ тут, а мой брат Віктар — за кратамі», — кажа 38-гадовы Аляксандр Куўшынаў, які цяпер жыве ў Вільні, куды часткова пераехала яго кампанія.

Велізарная страта для эканомікі Беларусі становіцца прыбыткам для суседніх краін, у прыватнасці, для Літвы, якая хутчэй за ўсе краіны ЕС рэгіструе высокатэхналагічныя кампаніі, бо імкнецца прыцягнуць у сваю эканоміку як мага больш інавацый.

Літоўскі ўрад стварыў для гэтага ўсе ўмовы. Беларускія кампаніі могуць паскорана атрымаць ліцэнзію, а супрацоўнікі — карыстацца льготамі. Акрамя гэтага, Літва спрасціла атрыманне візы для беларускіх IT-спецыялістаў.

Больш за 40 беларускіх IT-кампаній рэлакуюць у Літву больш за 900 супрацоўнікаў. Яшчэ 30 кампаній узважваюць такі перанос.

Літва — не адзіная краіна, куды пераязджаюць беларускія праграмісты. За іх змагаюцца таксама Польшча і Украіна. Але кампаніі, якія пакідаюць Беларусь, з радасцю вернуцца назад, калі Лукашэнка сыдзе, спадзяецца Святлана Ціханоўская. Менавіта таму большасць з іх пераязджаюць часткова, бо спадзяюцца, што сітуацыя палепшыцца.

«Мы ўсё ж лічым Беларусь сваім домам, — кажа Аляксандр Куўшынаў. — Але чым даўжэй застаешся за мяжой, тым прасцей працягваць будаваць сваё жыццё тут — нават калі на радзіме сітуацыя зменіцца».

Паводле belmarket.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: