Bloomberg: ІТ-кампаніі бягуць з Беларусі, Украіна — галоўны кірунак

Кампаніі сур’ёзна разглядаюць перанос свайго бізнесу за межы Беларусі з-за пагрозы рэйдаў.


За апошняе дзесяцігоддзе ў Мінску адбылася надзвычай дзіўная рэч: нягледзячы на аўтарытарнае кіраванне Лукашэнкі, беларускія тэхналагічныя кампаніі квітнелі. Адукаваныя кадры ў сумесі з самым нізкім у Еўропе коштам працоўнай сілы дазволілі распрацоўнікам гульняў і аўтсорсінгавым фірмам заваёўваць кліентаў па ўсім свеце.

Але, са слоў сузаснавальніка інвестыцыйнага клуба Angels Band Кірыла Голуба, цяпер гэты поспех пад пагрозай, піша Bloomberg. Пасля сумнеўных прэзідэнцкіх выбараў міліцыя Беларусі выключыла Інтэрнэт у краіне на тры дні і жорстка атакавала ўдзельнікаў пратэстаў. У офісах Yandex і PandaDoс правялі ператрусы. 41-гадовы Голуб таксама быў арыштаваны каля свайго дома ў прыгарадзе Мінска.

«Калі Лукашэнка захавае ўладу, ІТ-сектар заб’юць і закапаюць», — лічыць ён. Голуба выпусцілі з турмы праз тры дні пасля затрымання.

На фоне таго, як рэжым Лукашэнкі распраўляецца з апазіцыйнымі лідарамі і звяртаецца па дапамогу да Уладзіміра Пуціна ў барацьбе з удзельнікамі пратэстаў, усё большая колькасць работнікаў тэхнічнай сферы бягуць з Беларусі за мяжу. Украіна, па словах Голуба, — галоўны напрамак. Калі такі адток будзе доўгім, гэта падарве спробы Лукашэнкі выставіць сябе «абаронцам эканомікі».

Беларускі ІТ-сектар развіваўся на фоне заняпаду эканомікі, у якой дамінуюць дзяржаўныя аграрныя прадпрыемствы і заводы цяжкай прамысловасці, атрыманыя ў спадчыну ад СССР. На ІТ прыпадае прыкладна 6,5% ВУП Беларусі. Летась галіна была адказная за эканамічны рост, — сказаў былы міністр эканомікі Дзмітрый Крутой, які цяпер займае пасаду намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі.

Беларускі Hi-Tech Park, размешчаны на ўсходніх ўскраінах Мінска, разросся і цяпер налічвае амаль 700 кампаній. Яго адкрылі 15 гадоў таму. Прыкладна 60 тысяч чалавек працуюць там, зарабляючы на экспарце сваіх паслуг і прадуктаў 2 мільярды долараў штогод. Большасць з работнікаў — адносна маладыя людзі, якія шмат падарожнічалі і зарабляюць у чатыры разы больш сярэдняй зарплаты ў Беларусі. Гэта мабільныя людзі.


Увечары ў адзін з дзён некалькі дзясяткаў работнікаў кампаній з парку зладзілі акцыю пратэсту, але міліцыя іх разагнала. Раней апалітычны топ-менеджар беларускага аддзялення кампаніі EPAM Павел Лібер пераехаў ва Украіну. Перад гэтым ён незалежна ад сваёй кампаніі дапамог распрацаваць праграму, якая выкрывала фальсіфікацыю выбараў.

«Спачатку ўлада не ўспрымала нас сур’ёзна. Але з ростам колькасці карыстальнікаў прыкладання, у канцы ліпеня я і мая каманда з 40 чалавек былі вымушаныя пакінуць Беларусь з меркаванняў бяспекі», — сказаў Лібер, размаўляючы з журналістамі Bloomberg праз тэлефон з Кіева.

Тэхналагічныя прадпрыемствы хутка выступілі супраць жорсткай рэакцыі міліцыі на пратэсты, якія ўспыхнулі пасля «перамогі» Лукашэнкі на сфальсіфікаваных выбарах 9 жніўня. Праз некалькі дзён выканаўчыя дырэктары кампаній, на якія працуе блізу 20 тысяч чалавек, падпісалі адкрыты ліст. У ім яны папярэджвалі, што праз жорсткія расправы з удзельнікамі пратэстаў ІТ-спецыялісты могуць пакінуць краіну.

Сярод падпісантаў быў заснавальнік і генеральны дырэктар EPAM Systems Аркадзь Добкін, распрацоўшчык гульні World of Tanks Віктар Кіслы, а таксама інвестар Юрый Гурскі, які прадаў беларускія дадаткі Facebook і Alphabet.

EPAM-найбуйнейшая ІТ-кампанія ў Беларусі. Яна можа перавезці абмежаваную колькасць супрацоўнікаў у іншыя краіны, але не плануе маштабны пераезд. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе кампаніі. Расійскі Yandex эвакуяваў некаторых работнікаў з Мінска, пра што пісала выданне The Bell са спасылкай на крыніцы. Тэндэнцыя можа разрасціся.

Распрацоўшчык прыкладання Flo, на якога ў Беларусі працуе 200 чалавек, разглядае пераезд у Літву, Польшчу ці Вялікабрытанію. Пра гэта выданню сказаў Юрый Гурскі.

«Ніхто не хоча жыць у Паўночнай Карэі пасярод Еўропы.(...) Для ІТ-інжынераў няма межаў. Яны могуць знайсці працу дзе заўгодна», — сказаў кіраўнік кампаніі PandaDoc Мікіта Мікада, які збіраецца перавезці 250 праграмістаў з Беларусі, калі сітуацыя пагоршыцца.

Паводле УНІАН, пераклад НЧ



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: