Брэсцкі аблвыканкам патрабуе ад кампаніі «АйПауэр» вярнуць 5,7 мільёна рублёў

Пра гэта праціўнікам будаўніцтва акумулятарнага заводу сказаў старшыня камітэту эканомікі Міхаіл Бацэнка, перадае Радыё Свабода.
Акумулятарны завод пад Брэстам

Акумулятарны завод пад Брэстам

Пра тое, што Брэсцкі аблвыканкам разарваў з кампаніяй «АйПауэр» дамову аб выдзяленні сродкаў інавацыйнага фонду Брэсцкага аблвыканкаму, журналістам сказаў кіраўнік аблвыканкаму Анатоль Ліс. Пра гэта стала вядома два тыдні таму на адмысловай прэс-канфэрэнцыі. Грошы з бюджэту вобласці выдзяляліся на будаўніцтва акумулятарнага заводу, бо ён быў прызнаны інавацыйным праектам. Паводле дамовы, заключанай паміж Брэсцкім аблвыканкамам і «АйПауэр», да 1 жніўня 2019 года завод павінен быў быць уведзены ў эксплуатацыю. Часткова гэтую суму патрацілі на праектныя працы. Афіцыйна завод так і не запусцілі. 14 жніўня аблвыканкам накіраваў у «АйПауэр» ліст з патрабаваннем вярнуць грошы.

«Яны не выканалі сваю частку дамовы, таму Рэспубліка Беларусь мае права ў аднабаковым парадку адмовіцца ад сваіх абавязанняў, — сказаў на сустрэчы з праціўнікамі будаўніцтва акумулятарнага заводу кіраўнік камітэту эканомікі Брэсцкага аблвыканкаму Міхаіл Бацэнка (аўдыёзапіс размовы ёсьць у рэдакцыі Свабоды). — Дамова скончылася 31 ліпеня, і яе ніхто працягваць не будзе».

Паводле словаў Міхаіла Бацэнкі, грошы кампаніі «АйПауэр» выдзяляліся не толькі з інавацыйнага фонду Брэсцкага аблвыканкаму, але і з Беларускага інавацыйнага фонду. З абласнога інавацыйнага фонду на акумулятарны завод пад Брэстам было выдзелена 5,7 млн рублёў. Гэтыя грошы Брэсцкі аблвыканкам патрабуе цяпер вярнуць. Яшчэ 4,6 млн «АйПауэр» атрымаў з Беларускага інавацыйнага фонду. Пра прэтэнзіі па гэтай суме пакуль нічога невядома.

Па словах чыноўніка, вярнуць грошы ў бюджэт Брэсцкай вобласці «АйПауэр» павінна да 14 верасня. Калі гэтага не адбудзецца, аблвыканкам звернецца ў суд. Да сумы 5,7 мільёна рублёў могуць дадацца сумы штрафу і пені, калі праваахоўныя органы знойдуць парушэнні фінансавага заканадаўства.

У размове са Свабодай Бацэнка пацвердзіў праўдзівасць агучанай актывістам інфармацыі. «Так, гэта праўда, — сказаў чыноўнік. — Мы патрабуем вярнуць суму памерам 5,7 мільёна рублёў».

У кампаніі «АйПауэр» сітуацыю пакуль не каментуюць. Сам Віктар Лемяшэўскі цяпер пад вартай у СІЗА КДБ у Мінску. Па словах старшыні Камітэту дзяржбяспекі Валерыя Вакульчыка, разам з ім затрыманыя два чыноўнікі Мінпрыроды.

svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: